Як паведаміў "К" начальнік аддзела культуры Лідскага гарвыканкама Уладзімір Самсонаў, падрыхтоўка горада да Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла ідзе паслядоўна. "Заказваюцца банеры, распрацоўваюцца эскізы афармлення горада, вядуцца перамовы з артыстамі, якіх запрасілі выступаць на гэтым буйным мерапрыемстве, афармляюцца пляцоўкі, дзе будзе праходзіць свята. Усяго іх будзе пяць, у прыватнасці, дзіцячая (у Парку культуры і адпачынку), гістарычная (вакол Лідскага замка), вернісажная і галоўная. Менавіта апошняя і будзе эпіцэнтрам падзей",- распавёў у гутарцы з нашым карэспандэнтам начальнік аддзела культуры.
Уладзімір Самсонаў падкрэсліў: адной з самых цікавых будзе гістарычная пляцоўка. Вакол замка разгорнецца "Горад рамёстваў", а ў самім яго гмаху зладзяць рыцарскія баі. Таксама пад час "Дажынак" плануецца адкрыць помнік, прысвечаны гербу Лідчыны, і помнік хрысціянскім культурам, што вызнаюць жыхары рэгіёна.
Сёння ж Ліда знаходзіцца ў разгары падрыхтоўчага працэсу. Пад старшынствам першага намесніка міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Карачэўскага прайшло два пасяджэнні аргкамітэта па арганізацыі свята. "Ужо вызначыліся са сцэнарыем, які адпраўлены на дапрацоўку. Канчатковае ж зацвярджэнне яго адбудзецца ў сярэдзіне верасня", - паведаміў Уладзімір Самсонаў.
Вольга ГРЫЦУК, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ