Станем Ганаровым госцем

№ 32 (952) 07.08.2010 - 13.08.2010 г

Беларусь атрымала статус Ганаровага госця на XXIII Маскоўскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, якая пройдзе з 1 па 6 верасня.

/i/content/pi/cult/281/4422/Clip_4.jpg"Паміж нашай краінай і Расіяй ужо даўно існуюць трывалыя, непарушныя ўзаемаадносіны ў кніжнай справе: штогод мы бачым на айчынных выстаўках расійскія кнігі і дэманструем у сталіцы суседняй дзяржавы свае. І вось упершыню станем Ганаровым госцем", - адзначыла вядучы спецыяліст упраўлення кнігавыдавецкай дзейнасці і кніжнага гандлю Міністэрства інфармацыі Беларусі Алена Шыцік.

На выстаўцы стэнд нашай краіны зойме плошчу каля 300 кв. м. Акрамя дэманстрацыі самых лепшых кніг, выдадзеных у Беларусі за апошнія гады, пройдзе вельмі насычаная праграма. У ёй - сустрэчы з пісьменнікамі, мастакамі-дызайнерамі, акцыі, прэзентацыі кніг, семінары, фотавыстаўкі, абмеркаванні сумесных праектаў. Чакаецца, што пад час мерапрыемстваў выступяць фальклорныя калектывы Беларусі.

Для падрыхтоўкі да праекта "Беларусь - Ганаровы госць XXIII ММКВК" створаны Аргкамітэт. Над тым, як лепш прэзентаваць краіну, працуюць прадстаўнікі Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі, Міністэрства адукацыі і Міністэрства культуры, Нацыянальнай Акадэміі навук, Саюза пісьменнікаў Беларусі, выдавецтваў, паліграфічных і кнігагандлёвых прадпрыемстваў.