Па словах нацыянальнага каардынатара Еўрапейскіх Дзён Спадчыны, загадчыка сектара ўпраўлення па ахове гісторыкакультурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталлі Хвір, урачыстае адкрыццё штогадовага агульнаеўрапейскага праекта і тэматычны "круглы стол" адбудуцца 3 верасня ў Гродне. На мерапрыемствы афіцыйна запрошаны калегі з Дэпартамента па культурнай спадчыне пры Міністэрстве культуры Літоўскай Рэспублікі. Як адзначыла Наталля Хвір, сумесныя сустрэчы былі прадугледжаны пратаколам пасяджэння беларуска-літоўскай групы экспертаў па культурнай спадчыне, якая створана на падставе Пагаднення паміж міністэрствамі дзвюх краін у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны.
У рамках Еўрапейскіх Дзён Спадчыны запланавана больш за чатыры дзесяткі мерапрыемстваў па ўсёй краіне. У прыватнасці, будуць арганізаваны масавыя экскурсіі па старадаўніх парках Столінскага, Баранавіцкага, Бярозаўскага, а таксама гістарычных аб'ектаў Дрыбінскага, Быхаўскага і Кіраўскага раёнаў. Дням Спадчыны будзе прысвечана навукова-практычная канферэнцыя "Сядзібы Гомельшчыны: гісторыя і сучаснасць", што пройдзе ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі. У Карэліцкім, Іўеўскім, Ашмянскім, Астравецкім і Дзятлаўскім раёнах падрыхтавана краязнаўчая гульня-вандроўка "Як я ведаю свой край?", а на базе Ашмянскага раённага краязнаўчага музея імя Ф.Багушэвіча запланавана правядзенне музейных заняткаў.
Адметна, што напярэдадні Дня беларускага пісьменства 3- 5 верасня ў сёлетняй сталіцы свята пройдзе выстаўка "Прырода роднай Хойніччыны", а ў мінулагодняй сталіцы адбудзецца "круглы стол" "Старажытныя сядзібы Смаргоншчыны: гісторыя і сучаснасць".
Пад час агульнаеўрапейскага праекта Міністэрствам культуры нашай краіны плануецца правядзенне выстаўкі элементаў нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей і выданне буклета, прысвечанага Еўрапейскім Дням Спадчыны ў Рэспубліцы Беларусь.
А на пачатку кастрычніка, па словах Наталлі Хвір, у Стамбуле пройдзе ІІІ Еўрапейскі форум спадчыны "Культурная спадчына. Удзел. Росквіт" і адбудзецца штогадовая сустрэча нацыянальных каардынатараў Еўрапейскіх Дзён Спадчыны, дзе будуць абмеркаваны актуальныя пытанні аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей.