Рэпетыцыя з нагоды юбілею

№ 31 (951) 31.07.2010 - 06.08.2010 г

Паводле добрай традыцыі, напрыканцы ліпеня прайшло штогадовае Свята паэзіі і песні “Ракуцёўскае лета”, прысвечанае памяці Максіма Багдановіча. Менавіта ў маёнтку Лычкоўскіх у вёсцы Ракуцёўшчына Маладзечанскага раёна ў 1911 годзе славуты паэт стварыў некалькі цыклаў вершаў. У іх ліку — такія знакамітыя творы, як “Вераніка” і “У вёсцы”.

 

Як адзначыла загадчык экспазіцыйнамасавага аддзела Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Ірына Мышкавец, удзельнікам і гасцям свята не была перашкодай нават ліпеньская спёка. Па яе словах, сёлета яно прайшло ў новым фармаце - сумеснай імпрэзы, што аб'яднала эстрадных выканаўцаў, народныя калектывы, літаратараў. Такім чынам, адбылася своеасаблівая рэпетыцыя масавых мерапрыемстваў, якія пройдуць налета і будуць прысвечаны 100-годдзю з часу наведання Максімам Багдановічам маёнтка Лычкоўскіх.

Тым часам, па словах Ірыны Мышкавец, Літаратурны музей Максіма Багдановіча папаўняецца новымі экспанатамі, звязанымі з жыццём і дзейнасцю паэта, а таксама каштоўнымі прадметамі, што адлюстроўваюць тагачасную эпоху. У бліжэйшы час запланавана некаторыя з іх прадставіць аматарам творчасці Максіма Багдановіча ў філіяле музея ў Ракуцёўшчыне.

К.А