На баль — дык з кветкамі

№ 22 (788) 02.06.2007 - 08.06.2007 г

Штогадовыя справаздачныя канцэрты навучэнцаў Беларускага дзяржаўнага харэаграфiчнага каледжа з нецярплiвасцю чакаюць усе, хто хаця б крыху звязаны з мастацтвам Тэрпсiхоры. Для выпускнiкоў гэта сур’ёзнае выпрабаванне на гатоўнасць да прафесii. Аматары ж балета любяць такiя вечары за радасць адкрыцця новых iмёнаў, за магчымасць разглядзець i ўгадаць у яшчэ маленькiх i па-дзiцячы непасрэдных артыстах будучых зорак балетнай сцэны.

Сёлетнi канцэрт навучэнцаў каледжа, якi адбыўся 28 мая на сцэне Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра, паводле традыцыi, прапанаваў вялiкае канцэртнае аддзяленне з разнастайных сучасных i класiчных нумароў, уключаючы танцавальную сюiту з балета “Дон Кiхот”. Як i мае быць, асноўную яго частку склалi выступленнi выпускнiкоў гэтага года (класы педагогаў Вольгi Лапо i Урана Азiмава). Прыемна, што двое з выхаванцаў, Кацярына Алейнiк i Вiктар Давiдзюк, ужо маюць ганаровыя званнi лаўрэатаў мiжнародных конкурсаў, а Каця яшчэ і паспяхова дэбютавала ў спектаклi “Эсмеральда” Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра балета Беларусі, выступіўшы ў найскладаным па-дэ-дэ Дыяны i Актэона, — абавязковым нумары многіх балетных конкурсаў. Дарэчы, гэтае самае па-дэ-дэ на канцэрце выканалi яшчэ адны сёлетнiя выпускнiкi — абаяльная Вiкторыя Марчук (раней яна запомнiлася як гарэзлiвая Ману ў танцы са збаном у “Баядэрцы” Нацыянальнага балета) i вельмi мужны i фактурны, нягледзячы на юны ўзрост, Вадзiм Кезiк. Але ж кульмiнацыяй мужнасцi i кранальнай пяшчоты стала выступленне вядучага салiста нашага Вялікага тэатра балета Антона Краўчанкi i яшчэ адной сёлетняй выпускнiцы, на рэдкасць гарманiчна складзенай, Марыi Ралько. Адажыо Спартака i Фрыгii з балета “Спартак” (харэаграфiя Валянцiна Елiзар’ева) у iх выкананнi ўзрушыла гледачоў і дало спадзеў на тое, што перад намi сапраўды будучая Фрыгiя беларускай сцэны.
Вялiкай падзеяй вечара стаў аднаактовы балет “Баль кветак” на музыку Ф.Шапэна, Э.Грыга i Р.Морана, пастаўлены балетмайстрам Наталляй Фурман паводле казкi Г.Х. Андэрсена “Кветкi маленькай Iды”. Гэты балет у гонар Джорджа Баланчына быў створаны год таму, але, бадай, упершыню паказаны ў завершаным сцэнiчным i кампазiцыйным выглядзе.
Спектакль багацеў за кошт увядзення новых вобразаў i стаўся сапраўдным кветнiкам, дзе кожны персанаж меў ярка акрэсленае сцэнiчнае аблiчча i пластычную выразнасць. Партыi ў спектаклі вельмі ўдала размеркаваны паміж выканаўцамі, з улiкам тэмпераменту i харэаграфiчнай падрыхтоўкi вучняў розных класаў. Маляўнiчыя, запамiнальныя вобразы высакароднай Лiлеi (К.Алейнiк), жвавай Маргарыткi (А.Чыжык), узнёслай Фiялкi (М.Парамонава), палкага Мака (А.Кажухоў), велiчнай Ружы (М.Ралько), няўрымслiвых Крокусаў (навучэнцы малодшых класаў), журботных Гiяцынтаў (навучэнкi 2 курса) не згубiлiся ў вялiкiм бальным “кветнiку”.
У свой час Баланчын гаварыў: “Мне хацелася зрабiць так, кааб прыгажосць рухаў чалавечага цела, чысцiня лiнiй, iх пластычная выразнасць не забывалiся, каб не стаў балет соусам, прыправай да якой-небудзь стравы, а быў абсалютна самастойным вiдам мастацтва”. Спектакль “Баль кветак” стаўся сапраўдным апафеозам рамантыкi i высокай прыгажосцi, а для многiх навучэнцаў — i першай сустрэчай з сiстэмай вобразаў выдатнага балетмайстра ХХ стагоддзя Джорджа Баланчына. 

Таццяна АЛЯКСАНДРАВА
На здымку:фрагмент з балета “Баль кветак”.