Тры брамы і Тэт-дэ-пон

№ 31 (951) 31.07.2010 - 06.08.2010 г

Батальёны Бабруйскай крэпасці на квадратнай вярсце Традыцыя стварэння каменных абарончых збудаванняў доўжыцца з часоў ранняга Сярэднявечча. Менавіта ў гэты час на тэрыторыі нашай краіны з’яўляюцца першыя мураваныя замкі, што маглі некалькі тыдняў, а то і месяцаў, вытрымліваць варожую аблогу.

/i/content/pi/cult/280/4406/pic_6.jpgЗ цягам часу, а дакладней - са з'яўленнем гармат, замкі губляюць сваю былую папулярнасць, саступаючы месца маштабным абарончым комплексам. Адзін з такіх роўна 200 гадоў таму паўстаў у Бабруйску. Гарадская крэпасць стала своеасаблівым адказам на тагачасныя геапалітычныя гульні. Справа ў тым, што, пачынаючы з 1809 г., нарастае напружанасць у адносінах Расіі і Францыі. Апошняя на той момант распачала палітыку заваявання асобных еўрапейскіх краін.

Відавочна, многія разумелі, што раней або пазней Напалеон абвесціць Расійскай імперыі вайну. Аднак толькі ў 1810 г. імперскае Ваеннае міністэрства распрацавала праект па ўзмацненні аховы заходніх межаў краіны, што прадугледжваў умацаванне абарончай лініі па рэках Заходняя Дзвіна і Днепр, у тым ліку збудаванне ў месцах, якія прылягаюць да гэтых раёнаў, новых крэпасцей, а таксама прывядзенне ў належны стан створаных раней. У праекце выказвалася думка, што крэпасці самі па сабе не могуць надзейна забяспечыць абарону краіны ад наступлення ворага і павінны выконваць функцыю апорных пунктаў для войскаў, прыкрываць асноўныя накірункі, на якіх магчымае разгортванне ваенных дзеянняў.

Але, калі паўстала пытанне аналізу раней створаных крэпасцей і ўмацаванняў на заходняй мяжы, у Ваенным міністэрстве, як ні дзіўна, не апынулася ніякіх даных пра іх стан. Толькі ў архіве Інжынернага дэпартамента ледзь атрымалася адшукаць чарцяжы некаторых крэпасцей. Пры гэтым, яны былі складзены больш за дваццаць гадоў таму, і "...по ним нельзя удостовериться о нынешнем положении строений, а должно их непременно проверить в натуре...". Таму на пачатку сакавіка 1810 года Ваенным міністэрствам былі камандзіраваны інжынеры для агляду старых умацаванняў і выбару на заходніх тэрыторыях месцаў для пабудовы новых. Спецыялістам рэкамендавалася звярнуць асаблівую ўвагу на Дынабург, Рагачоў і Быхаў.

14 сакавіка для аб'езду ўсёй заходняй мяжы быў каман/i/content/pi/cult/280/4406/pic_7.jpgдзіраваны інспектар інжынернага корпуса генерал-маёр Карл Аперман. Яму было даручана звярнуць увагу на згаданыя вышэй гарады. Але ў выніку гэтай паездкі і пасля азнаямлення з меркаваннямі вучонагаэнцыклапедыста, таленавітага вайсковага фартыфікатара Тэадора Нарбута Аперман вырашыў рэкамендаваць афіцэрам Інжынернага дэпартамента будаваць новую крэпасць у Бабруйску на Бярэзіне, а не ў Рагачове на Дняпры. Канчаткова пераканаць калегаў і непасрэднае кіраўніцтва Карл Іванавіч змог толькі на пачатку мая.

А ўжо 9 мая 1810 г. Ваеннае міністэрства вызначылася ў сваім рашэнні ўзвесці паміж існуючымі тады на адлегласці 1200 вёрст адна ад адной крэпасцямі Рыгай і Кіевам дзве новыя - у Дынабургу і Бабруйску, а паміж імі- дапаможную Барысаўскую ўмацаваную пазіцыю на правым беразе Бярэзіны. Апроч таго, уздоўж Нёмана, Дзвіны і Бярэзіны ствараліся ўмацаваныя лагеры, дэпо і склады.

Такім чынам, вясной 1810 года быў вырашаны лёс  Бабруйска: гэты горад меў стаць пляцоўкай для размяшчэння адной з сучасных на той час і шмат у чым лёсавызначальных крэпасцей. Генерал-маёру К.І. Аперману было даручана скласці агульны план крэпасці і прасачыць за выкананнем будаўнічых работ. Непасрэдна для Бабруйскай крэпасці была сфарміравана інжынерная каманда на чале з маёрам Зімсанам, якая мусіла "сочинять и чертить" праекты збудаванняў крэпасці.

План Бабруйскай крэпасці і каштарысы, як вынікае з дакумента "Генеральное исчисление о сумме к построению Бобруйской крепости нужной" былі зацверджаны імператарам Аляксандрам I 20 чэрвеня 1810 г. Паводле праекта Апермана, крэпасць меркавалася размясціць на правым беразе Бярэзіны ля вусця рэчкі Бабруйкі, а на левым беразе праектавалася ўмацаванне Тэт-дэ-пон. Крэпасць па плане ўключала сем палігонаў і прыбярэжны фронт. У выніку агульная працягласць усіх франтоў асноўнай крэпасці складала 1800 сажняў, або каля 3800 метраў, а ўнутраная пляцоўка была роўнай амаль квадратнай вярсце, што раўняецца прыкладна 110 гектарам.

У рапарце ваеннаму міністру К.І. Аперман паведамляў, што 4 чэрвеня 1810 г., па завяршэнні падрыхтоўчага этапа, распачаліся будаўнічыя работы пад непасрэдным кіраўніцтвам інжынера-будаўніка Е.П. Фелькерзама. У гэты дзень 1295 работнікаў пачалі сваю працу з насыпання валоў і выкопвання равоў. Па звестках з тагачасных дакументаў, працавалі яны з асаблівай паспешнасцю, дзякуючы чаму да моманту зацвярджэння плана валы крэпасці збольшага былі ўжо насыпаны.

Звернемся яшчэ раз да "Генерального исчисления...". У гэтым дакуменце разлічаны неабходныя для рэалізацыі праекта будаўнічыя матэрыялы, колькасць салдатаў, вольных майстроў, кошт работ. Дадзены "каштарыс" быў падпісаны інжынерам - ген е р а л м а ё р а м К.І. Аперманам, ваенным міністрам М.І. Барклаем дэ Толі і асабіста зацверджаны тагачасным імператарам Расійскай імперыі.

Варта звярнуць увагу на некаторыя факты. Напрыклад, сухія равы першага палігона Бабруйскай крэпасці без каменнага "адзення" не маглі без дадатковых элементаў стаць надзейнай перашкодай на шляху ворага. Таму грэбень вонкавага вала і дны равоў узмацняліся палісадамі. Дрэвы высякаліся ў дзяржаўных лясах каля Бабруйска. На стварэнне палісадаў на кожны пагонны сажань патрабавалася па адным вольным цесляры і па адным цесляры з салдатаў. Цікава, што калі першаму выплачваўся 1 рубель 25 капеек у дзень, то апошняму - усяго 15 капеек.

На другі палігон прадугледжваліся значна большыя выдаткі, бо тут уладкоўвалася Мінская брама. Паводле праекта, уезд у крэпасць павінен быў ажыццяўляцца праз тры брамы: Слуцкую, Мінскую і Вадзяную. Для пабудовы каменных варот на падмурак былі патрэбныя камяні і бярвенне, а таксама друз, буйны пясок і вапна. Толькі цеслярам і мулярам за працу планавалася выплаціць 20 і 100 рублёў адпаведна. Немалыя грошы выдаткоўваліся і для ўмацавання набярэжнай часткі крэпасці: прадугледжвалася насыпанне бруствера па краі высокай часткі берага, а таксама ўстаноўка штурмфалаў, нахільнага завостранага бярвення.

Для захоўвання парахавых зарадаў будаваліся часовыя скляпы з бярвення. Шпіталь па плане меркавалася пабудаваць непадалёк ад першага бастыёна, аднак у дакладзе ад 10 жніўня 1810 г. ваенны міністр Барклай дэ Толі прапанаваў размясціць шпіталь у спецыяльным умацаванні на правым беразе ракі Бабруйкі. На зямлі, якая належыць гораду, была размешчана цагельня, на зямлі двараніна Грыневіча - вапнавы завод.

У дакуменце называецца і агульная сума меркаваных выдаткаў на будаўніцтва Бабруйскай крэпасці: "...Итого по всем пунктам: 158, 638 60". Да таго ж, для хуткага і бесперапыннага працягу распачатых будаўнічых работ 5 жніўня ў Бабруйскую крэпасць было прыкамандзіравана 12 батальёнаў з рэзервовага войска генерала Міларадавіча і 3 роты піянераў (так н а з ы в а л і с я інжынерныя войскі) з артылерыйскімі конямі і вазамі.

/i/content/pi/cult/280/4406/pic_8.jpgРаботы па пабудове крэпасці ў 1810 г. ажыццяўляліся так імкліва, што змянілі не толькі вонкавае аблічча горада, але і літаральна перавярнулі жыццё яго жыхароў. Крэпасць стваралася на месцы Старога горада, а таму жыхарам дазвалялася будаваць для сябе ў крэпасці каменныя хаты, а драўляныя - на фарштатах, для чаго дазвалялася бясплатна высякаць з бліжэйшых дзяржаўных лясоў бярвёны. У першую чаргу зносіліся тыя хаты, што знаходзіліся на месцах запланаваных абарончых збудаванняў. Не пашанцавала і мураванаму езуіцкаму касцёлу, які апынуўся на тэрыторыі крэпасці: паводле загада, яго трэба было тэрмінова "обратить в цейхгауз для артиллерийских надобностей, а для построения артиллерийского арсенала на развалинах монастыря проектировать чертеж и смету".

У сваім рапарце ваеннаму міністру ад 13 лістапада 1810 г. генерал-маёр Аперман дакладваў: "...Летопись российской фортификации доказывает, что, окроме во время государя Петра Великого, никогда в одном году столь обширные инженерные работы предпринимаемы и произведены не были". Але самае галоўнае, што са сваёй задачай крэпасць справілася "на выдатна": у 1812 г. войскі Напалеона Банапарта так і не здолелі захапіць гэты стратэгічны фарпост.

 Іна АЎСЕЙЧЫК, навуковы супрацоўнік Бабруйскага краязнаўчага музея