У мастацкім праекце, які ўжо пабываў ў аргенцінскіх правінцыях БуэнасАйрэс, Місьёнес і Чако, дэманструецца 28 унікальных мастацкіх твораў з выявамі Беларусі XIX стагоддзя. Да таго ж, выстаўка рэпрадукцый карцін Н.Орды, што будзе працаваць да пачатку восені, суправаджаецца паказам экспазіцыі прадметаў нацыянальна-прыкладнога мастацтва нашай краіны, у тым ліку вырабаў з ільну, керамікі і саломкі.
Дадзенае сумеснае мерапрыемства Пасольства Беларусі ў Аргенціне і музея "Белы дом" прымеркавана да святкавання 97-годдзя з дня ўтварэння горада Сан Хаўер, важкі ўклад у развіццё якога ўнеслі этнічныя беларусы.
Нагадаем, што гэта не першы асветніцкі праект, які ладзіцца пры падтрымцы нашых дыпламатаў. Як ужо паведамляла "К", на пачатку гэтага года дзякуючы дапамозе Пасольства Беларусі ў Аргенціне ў правінцыі Буэнас-Айрэс адбылося адкрыццё першага ў Лацінскай Амерыцы Цэнтра беларускай культуры.