Лета ў музеі

№ 31 (951) 31.07.2010 - 06.08.2010 г

Выстаўка заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Барыса Казакова “Паэзія ў паўсядзённасці” адкрылася 29 ліпеня ў Нацыянальным мастацкім музеі краіны.

 Экспазіцыя змяшчае жывапісныя і графічныя работы мастака, а таксама фотаздымкі. На адкрыцці выстаўкі калега мастака Георгій Скрыпнічэнка адзначыў, што на творчасць Казакова зрабіла моцнае ўражанне сама Беларусь. Народны мастак Беларусі Уладзімір Тоўсцік заўважыў: "Ён скончыў аддзяленне тэатральнай дэкарацыі Тэатральна-мастацкага інстытута, і сам падыходзіў да палатна як да спектакля. Пераносіў ён на карціны і драматызм свайго жыцця, валодаючы вельмі скрупулёзнай тэхнікай".

Днём раней у НММ адкрылася экспазіцыя "Саюз рускіх мастакоў. Новы час". Удзельнікі арганізацыі прадставілі 74 работы. Да 28 жніўня можна будзе паглядзець палотны братоў Ткачовых, якія атрымалі нядаўна Прэмію Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва, Валянціна Сідарава, Міхаіла Абакумава...