Золата з “Дэльфаў”

№ 31 (951) 31.07.2010 - 06.08.2010 г

Добрым узорам творчых дасягненняў для сённяшніх абітурыентаў стануць вынікі VI Адкрытых маладзёжных Дэльфійскіх гульняў дзяржаў — удзельніц СНД, што адбыліся ў сталіцы Арменіі Ерэване і сабралі 600 прадстаўнікоў творчай моладзі з 16 краін ва ўзросце ад 10 да 25 гадоў.

На рахунку беларускіх удзельнікаў - 8 медалёў, 3 дыпломы і выніковае ІІІ месца ў неафіцыйным камандным заліку.

Як паведаміў "К" вядучы спецыяліст аддзела навучальных устаноў і працы з творчай моладдзю Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Васіль Галаван, сёлета спаборніцтвы праводзіліся па конкурснай і фестывальнай праграмах у дзвюх узроставых катэгорыях па 19 намінацыях, якія ўвабралі ўвесь спектр народнага, класічнага і сучаснага мастацтва.

На лепшых сцэнічных пляцоўках Ерэвана наша краіна прадставіла 14 удзельнікаў у 11 намінацыях. Гэта, у тым ліку, і пераможцы Рэспубліканскага конкурсу маладых талентаў "Зорка ўзышла над Беларуссю", а таксама таленавітая моладзь з Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Віцебскага тэхналагічнага універсітэта і Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

 Самую высокую ацэнку журы і, адпаведна, залатыя медалі атрымалі прадстаўнікі нашай краіны Андрэй Іваноў у намінацыі "Фартэпіяна", Мікалай Купрыч "Фота", а таксама Рэнат Мязітаў - за лепшы web-дызайн і Ігар Аношка - за акадэмічны танец.