У адзін з дзён працы форуму я наведаў РГЦ "Сілічы". Першае ўражанне: трапіў на канцэрт вядомага гурта. Шмат маладых людзей, сотні палатак, гучаць беларуская, руская, украінская мовы... А каля галоўнай сцэны гарналыжнага цэнтра хлопцы і дзяўчаты слухалі расповед удзельніцы Вялікай Айчыннай вайны пра перажытае...
- Гэты фестываль упершыню ладзіцца на беларускай зямлі, і ягоная праграма - вельмі насычаная, - кажа адзін з прадстаўнікоў арганізацыйнага камітэта Юлія Каптур. - Удзельнікаў чакаюць гутаркі, дыскусіі і семінары, канцэрты, масавыя ролевыя гульні, спартыўныя мерапрыемствы. Да нас прыехала прыкладна 700 чалавек больш чым са 100 гарадоў Беларусі, Расіі, Украіны і Сербіі. Сярод іх - 30 святароў.
Акрамя таго, не забыліся арганізатары і на культурную праграму. Мерапрыемства наведалі ўжо народны артыст Беларусі Уладзімір Гасцюхін, ансамблі "Песняры" і "Сябры". Таксама фестывальныя каманды пабывалі ў знакавых мясцінах Беларусі. Усяго было прапанавана 7 маршрутаў на выбар...
Сваімі ўражаннямі ад гэтых вандровак са мной вельмі ахвотна дзяліліся не толькі валанцёры, але і святары.
- Для мяне Беларусь адкрылася менавіта ў Полацку, - казаў мне айцец Канстанцін з Вінніцы, што прывёз з сабою прыкладна 20 чалавек. - Мы (я маю на ўвазе нашу дэлегацыю) вырашылі, што Полацк - гэта амаль Чарнігаў: такі ж ціхі, спакойны, прыгожы і старажытны горад. Асабліва ўразілі фрэскі ХІІ стагоддзя і Сафійскі сабор...
- А мне вельмі спадабаліся беларускія замкі, якія пабачыў у Міры і Нясвіжы, - кажа валанцёр Аляксандр з Масквы. - Да гэтага часу нават і не ведаў, што на Беларусі ёсць такія старадаўнія прыгожыя збудаванні...
Адкрылася Беларусь гасцям форуму і з іншага "культурнага" боку. Усіх, з кім даводзілася гутарыць, вельмі зацікавілі тыя майстар-класы майстроў народнай творчасці, якія праводзіліся ў рамках фестывалю. Некаторыя хлопцы і дзяўчаты нават змаглі паўдзельнічаць у вырабе прадметаў народнага побыту:
- Да нас прыязджаў ганчар з Віцебшчыны, - кажа ўкраінец Віталь. - Ён не толькі паказваў і расказваў, - дарэчы, на прыгожай і меладычнай беларускай мове, - пра тое, як рабіць вырабы з гліны, але і запрашаў паўдзельнічаць у гэтым старадаўнім дзействе. І я цяпер ганаруся тым, што змог пасядзець за ганчарным кругам і зрабіць сваімі рукамі невялічкі збаночак...
Увогуле, усе суразмоўцы адзначалі, што ўмовы для пражывання ў Сілічах - вельмі добрыя. А, напрыклад, "старажыл" форуму - Міхаіл з Варонежа, які наведаў усе дзевяць фестываляў, - сказаў, што ў Беларусі яму спадабалася больш за ўсё.
..."Братэрскае" жыццё віравала і ўвечары, калі ладзіліся гутаркі на разнастайную тэматыку. Нехта гуляў ў валейбол каля палатак, нехта - спяваў пад гітару песні, нехта адпачываў пасля насычанага падзеямі дня. Я пакідаў фестываль з адчуваннем сапраўднага братэрства з усімі тымі людзьмі, з кім давялося сустракацца і гутарыць. Адчуў і тую еднасць, якую пакліканы ўмацаваць Праваслаўны міжнародны маладзёжны фестываль "Братья".
На здымках: у час працы фестывалю.