Бугурты ў беларускім квартале

№ 30 (950) 24.07.2010 - 30.07.2010 г

Канцэнтрацыя войскаў Вялікага княства і плюс 38° у ценю Колькі часу таму ў звычайны ліпеньскі дзень у цэнтры Мінска можна было ўбачыць даволі незвычайную карціну: пару соцень рыцараў часоў Вялікага княства Літоўскага мірна прагульваліся каля гарадской Ратушы. Як аказалася, удзельнікі клубаў гістарычнай рэканструкцыі з усёй Беларусі, а таксама прадстаўнікі Міністэрства культуры нашай краіны, Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь збіраліся на ўрачыстасці з нагоды адпраўлення нашай дэлегацыі на Грунвальдскае поле. Там днямі прайшлі святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя 600-годдзю перамогі над крыжакамі.

/i/content/pi/cult/278/4380/14-1.jpg

Але, як аказалася, шлях на Грунвальд для нашых прадстаўнікоў стаўся насычаным падзеямі. Дзякуючы падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і па просьбе ўлад Беластока, нашы рыцары затрымаліся на некалькі дзён у гэтым польскім /i/content/pi/cult/278/4380/14-2.jpgгорадзе, цесна звязаным з айчыннай гісторыяй. Як адзначыў Фёдар Міхееў, кіраўнік ваенна-гістарычнага клуба "Княжы гуф" і, адначасова, дэлегацыі нашай краіны, у Беластоку, пры дапамозе беларускага боку, упершыню праводзіўся фестываль "Канцэнтрацыя войскаў ВКЛ", звязаны з рэальнымі гістарычнымі падзеямі.

Такім чынам, айчынныя рыцары ў поўнай амуніцыі прайшлі маршам у цэнтры горада і ўразілі яго жыхароў тэатралізаваным прадстаўленнем, з гістарычнымі танцамі і баямі. А наступным днём у Музеі драўлянага дойлідства пад Беластокам адбыўся інсцэніраваны штурм крэпасці, у якім прымаў удзел нават маршалак ваяводства. Сярод іншага, прайшлі турнір/i/content/pi/cult/278/4380/14-3.jpgы лучнікаў, пешых рыцараў, адбылося выступленне гурта "Стары Ольса".

І ўжо адтуль наша дэлегацыя дабралася да канчатковага пункта свайго маршруту - Грунвальдскага поля, дзе ў агульным палатачным лагеры стварыла імправізаваны беларускі квартал. Цягам некалькіх дзён 200 рыцараў ад нашай краіны прымалі ўдзел ці не ва ўсіх мерапрыемствах сёлетняга Грунвальда. У прыватнасці, 70 айчынных байцоў удзельнічала ў інсцэніроўцы бітвы, некалькі дзесяткаў паспрабавалі свае сілы ў адмысловых турнірах - бугуртах.

Да таго ж, пад час святкавання арганізатары праз цікавыя тэатралізаваныя сцэны і прадстаўленні знаёмілі шматлікую армію турыстаў з тагачасным жыццём рыцараў, а ўжо трохі стомленую публіку "заводзілі" выступленні выканаўцаў фальклорнай, гістарычнай і сучаснай музыкі, фаер-шоу і велічны ўрачысты феерверк. Па словах Фёдара Міхеева, арганізацыя сёлетніх мерапрыемстваў у Грунвальдзе прайшла на высокім узроўні.

А вось прырода падрыхтавала для рыцараў і прыхільнікаў гістарычных рэканструкцый сапраўднае выпрабаванне: тэмпература паветра ў ценю пад час інсцэніроўкі Грунвальдскай бітвы складала плюс 38 градусаў!

 Але самае галоўнае - такія маштабныя мерапрыемствы спрыяюць праяўленню духу ўзаемадапамогі і сяброўства. Не выпадкова частымі гасцямі ў імправізаваным беларускім квартале былі рыцары з Украіны, Польшчы, Літвы.

На здымках: у час рэканструкцыі бітвы на Грунвальдскім полі.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"