Элегія кападакійскай цішыні

№ 22 (788) 02.06.2007 - 08.06.2007 г

У Міністэрстве замежных спраў РБ адкрылася выстаўка “Кападокія. Элегія цішыні”. Відарысы гэтага найцікавага рэгіёна Турцыі адлюстраваны ў вялізных (метровых) і невялікіх фотаздымках Міхаіла Баразны, а таксама ў фотаздымках і манументальных жывапісных палотнах Віктара Альшэўскага. Наш карэспандэнт гутарыць з фотамастаком, мастацтвазнаўцам, прарэктарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаілам БАРАЗНОЙ.

— Што сталася штуршком для арганізацыі вашай сумеснай выстаўкі?
— Экспазіцыя падрыхтавана як вынік нашай сумеснай творчай паездкі ў Турцыю ў знакамітую Кападакійскую даліну ў лістападзе 2006 г. Нам вельмі прыемна адкрыць яе акурат у Міністэрстве замежных спраў, якое ў арганізацыі паездкі адыграла кардынальную ролю. Вялікую дапамогу аказала і Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Турцыя ў арганізацыі сустрэч з творчай інтэлігенцыяй Кападокіі, мастакамі і прадстаўнікамі гарадскіх улад. Гэта была не проста турыстычная вандроўка. Мы падпісалі ў Анкары ў найбуйным універсітэце Хаджэтэпе пратакол аб супрацоўніцтве паміж нашай Акадэміяй мастацтваў і мастацкім факультэтам турэцкага універсітэта. Мы з Віктарам Альшэўскім, які з’яўляецца выкладчыкам акадэміі, прачыталі цыкл лекцый аб беларускім мастацтве і шляхах развіцця нашай нацыянальнай мастацкай школы. Ва універсітэце прайшла выстаўка маіх фотаработ, прысвечаных Беларусі. Візіт у Турцыю быў вельмі прадуктыўны. У выніку я маю каласальны фатаграфічны архіў, а Віктар — шмат цікавых замалёвак.
Выстаўка “Кападокія. Элегія цішыні” — у пэўнай ступені заяўка, бо сабранага намі матэрыялу хопіць яшчэ на некалькі цалкам іншых па выяўленчым шэрагу экспазіцый.
— Якой вы меркавалі паказаць Турцыю беларускім гледачам?
— Разнастайнай, але галоўнае — фантастычна прыгожай. Краіна мяне ашаламіла. Кападокія — унікальнае месца, якое нагадвае мне касмадром. Нездарма ў гэтым рэгіёне часта здымаюцца фільмы на фантастычную тэматыку. У маіх фотаздымках ёсць панарамы, знятыя з паветранага шара, калі мы падымаліся на вышыню двух тысяч метраў над узроўнем мора, ёсць канцэптуальныя работы і фрагменты наваколля Кападокіі, Анкары, Стамбула. А ў архіўным матэрыяле засталося багата партрэтаў людзей, сюжэтных сцэнак, архітэктурных матываў. Віктар Альшэўскі ў Турцыі не першы раз, але ўражанні яго ад гэтага не прыглушыліся. Яго жывапіс, прадстаўлены ў экспазіцыі, як заўжды, асацыятыўны, на падставе каласальнага эскізнага матэрыялу ён будуе складаныя сімвалічныя карціны вялікага памеру, уключае ў гэтыя “аповеды” фрагменты фрэсак, мазаік, сілуэтызнакамітых кападакійскіх пірамід.
— Ці будзе экспанавацца выстаўка ў іншых залах рэспублікі?
— Калі экспазіцыя зроблена ад шчырага сэрца і прафесійна, яна заўжды будзе мець працяг. Да экспазіцыі ўжо ёсць цікавасць. Таму мы з Віктарам маем намер зрабіць выстаўку, прысвечаную Турцыі, у большай экспазіцыйнай прасторы. 

Наталля ЖОГЛА
 М.Баразна. “Кападокія”.
В. Альшэўскі. “Прысвячэнне Эфесу”.