Парад касачоў

№ 30 (950) 24.07.2010 - 30.07.2010 г

У гэтыя спякотныя летнія дні Гарадская мастацкая галерэя твораў Л.Шчамялёва запоўнілася кветкамі. Толькі касачы — блакітныя, ружовыя, сінія, шакаладныя, светла-жоўтыя…

У мове няма дастатковай колькасці паняццяў, каб перадаць багацце палітры, якую ў гэтым выпадку выкарыстоўваў творца. У жывапісца тут больш магчымасцей захопленага пераймання. Галіна Вараб'ёва ўжо шмат гадоў піша ў мінскім Батанічным садзе "партрэты" найпрыгажэйшых кветак. Так, у беларускай сталіцы праходзіць шмат штогадовых імпрэз. Ды цвіценне калекцыі касачоў у Батанічным - неафіцыйнае свята, як і парад руж, вяргінь або рададэндранаў.

 Галіна Вараб'ёва працуе ў жывапісе больш за 40 гадоў. Перакананы пленэрыст: піша толькі з натуры, а гэта ў нашы дні- рэдкасць, нават сярод пейзажыстаў: "кветачкі" ўспрымаюцца звычайна як не вельмі сур'ёзны жанр у жывапісе. На самой жа справе гэта складаная задача: напісаць кветку, перадаць яе пластыку, настрой, душу.

 Таццяна БЕМБЕЛЬ, дырэктар Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Шчамялёва