Акадэмія і салон

№ 22 (788) 02.06.2007 - 08.06.2007 г

24 мая 2007 г. у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрылася выстаўка “Палоннікі красы. Рускі акадэмічны і салонны жывапіс XIX — пачатку XX стагоддзя”. Асноўную частку выстаўкі складаюць палотны з фондаў Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі.

Рускае мастацтва першай паловы XIX ст. прадстаўлена на выстаўцы імёнамі знакамітых майстроў Карла Брулова, Сяргея Заранка, Цімафея Нэфа і інш. У той час Імператарская Акадэмія мастацтваў была ў авангардзе культурнага жыцця Расіі, з’яўлялася сваеасаблівым манапалістам у вызначэнні асноўных напрамкаў развіцця рускага выяўленчага мастацтва. Такое становішча захоўвалася да сярэдзіны стагоддзя, пакуль на мастацкую арэну не выйшаў рэалізм.
У прадстаўленні шэрагу пакаленняў, рускае выяўленчае мастацтва другой паловы XIX ст. — гэта выключна тыя творы, што прасякнуты рэалістычным бачаннем свету, чалавека, грамадства: вострым і крытычным у 1860-я, больш станоўчым, пазітыўным у 1870 — 1890-я гг. Але адначасова з дэмакратычным існавала і акадэмічнае, салоннае мастацтва. Аднак яшчэ Уладзімір Стасаў, вядомы мастацкі крытык, абвясціў салон ідэалагічна чужым, і гэтую ідэалагічную “эстафету” падхапілі ў савецкія часы. Таму на сёння салон і акадэмізм менш вывучаны, імёны яскравых прадстаўнікоў гэтага напрамку — Сцяпана Бакаловіча, Фёдара Броннікава, Карла Гуна, Васіля Катарбінскага, Юлія Лемана, Эрнеста Ліпгарта, Аляксандра Рыцоні — вядомы нямногім. Як адзначае аўтар канцэпцыі выстаўкі “Палоннікі красы”, кандыдат мастацтвазнаўства, навуковы супрацоўнік Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі Таццяна Карпава, гэтыя мастакі “лічылі, што мастацтва заклікае да таго, каб узвышаць чалавека над штодзённай прозай жыцця, адцягваць яго ад нудоты паўсядзённасці, адукоўваць і адначасова радаваць вока”. Як у XIX, так і ў пачатку ХХ ст. акадэмічнае мастацтва не губляла сваіх пазіцый, не зніжала планку.
Выстаўка “Палоннікі красы” ў Нацыянальным мастацкім музеі падзелена на восем раздзелаў. У раздзеле партрэтаў “Дамы і панове” прадстаўлены творы Барыса Кустодзіева “Партрэт П.Л. Барка” (ДТГ), Канстанціна Сомава “Партрэт А.П. Аліў” (ДТГ) і інш. Сярод шырокага кола работ італьянскага жанру “Dolce vita” гледачы сустрэнуць “Пацалунак” Фёдара Молера (НММ РБ), “Збор вінаграду ў наваколлі Рыма” Івана Рэймерса (НММ РБ), “Андалузянку” Карла Штэйбена. У раздзеле “Неагрэк” “Антычны міф. Ідылія і драма” выстаўлены палотны безумоўных зорак гэтага жанру — Генрыха Семірадскага “Гульня ў косці” (ДТГ), Фёдара Броннікава “Гімн піфагарэйцаў узыходзячаму сонцу” (ДТГ), “Дзяўчына з галубамі” Васіля Катарбінскага. Сярод твораў адной з найбольш прыцягальных у мастацтве тэм — арыенталізму (ад лац. oriens — ”узыходзячае сонца”, “усход”) — прадстаўлена “Свята перанясення свяшчэннага дывана з Каіра ў Меку” Канстанціна Макоўскага (ДТГ), “Адаліска” Васілія Паленава (НММ РБ).“Юнона” Карла Брулова (ДТГ), “Дзявочнік у лазні” Фірса Жураўлёва (НММ РБ), “Дзіяна” Эрнеста Ліпгарта (ДТГ) прадстаўляюць на выстаўцы жанр ню. Сярод работ у “рускім стылі” варта адзначыць карціну Канстанціна Макоўскага “Агенты Дзмітрыя Самазванца забіваюць сына Барыса Гадунова” (ДТГ), “Баярыню” Уладзіміра Макоўскага (НММ РБ).
Пейзажы “Рыбацкая вёска” Юлія Клевера, “Каўказская цясніна” Льва Лагорыя, “Беладжа” Фёдара Броннікава вылучаюцца знарочыстай карціннасцю, пакланеннем перад прыродай. Сваім культурным асяроддзем, цікавай, драматычнай гісторыяй прыцягвала рускіх мастакоў старая Еўропа, і ў выніку з’яўляліся такія творы, як “Дама ў касцюме часоў Дырэкторыі” Юлія Лемана (ДТГ), “Мецэнат” Аляксандра Рыцоні (НММ РБ) і інш.
Мы спадзяёмся, што выстаўка, якая будзе працаваць да 15 верасня, прыцягне ўвагу мінчан і гасцей нашага горада і будзе карыстацца поспехам. 

Аляксей ХАРАК,
навуковы супрацоўнік НММ РБ 
 

К.Штэйбен. “Андалузянка”.
Г.Семірадскі. “Гульня ў косці”.