Партрэт і шабля караля

№ 30 (950) 24.07.2010 - 30.07.2010 г

Чарговым крокам па вяртанні вывезеных з нашай краіны нацыянальных каштоўнасцей стане стварэнне і перадача беларускаму боку электронных копій партрэтаў роду Нямцэвічаў, арыгіналы якіх захоўваюцца ў фондах Калужскага абласнога краязнаўчага і Калужскага абласнога мастацкага музеяў.

/i/content/pi/cult/278/4358/2-4.jpg

У прыватнасці, у экспазіцыі апошняга знаходзіцца партрэт Юльяна Нямцэвіча, беларуска-польскага паэта, пісьменніка, аўтара "Гістарычных песень", што належыць пэндзлю вядомага польскага мастака Антонія Станіслава Брадоўскага, а таксама шэраг іншых палотнаў.

Тым не менш, у Калузе захоўваюцца не толькі унікальныя партрэты, але і не менш каштоўныя іншыя гістарычныя артэфакты. Як паведамілі ў Калужскім абласным краязнаўчым музеі, у 1915 годзе гэтай установе была перададзена частка калекцыі Юльяна Нямцэвіча, куды, сярод іншага, увайшлі тры шаблі, адна з якіх, як лічыцца, належала каралю Рэчы Паспалітай Стэфану Баторыю.

У 1958 годзе ў лісце Упраўлення музеяў Міністэрства культуры РСФСР да дырэктара Калужскага абласнога краязнаўчага музея разам з інфармацыяй пра склад калекцыі ўзнімалася і пытанне пра вяртанне яе ў Беларусь. Аднак толькі цяпер, дзякуючы працы міністэрстваў культуры дзвюх краін, гэтыя захады могуць ажыццявіцца. Пра гэта сведчыць і афіцыйнае пацвярджэнне пра гатоўнасць стварыць электронныя копіі згаданых партрэтаў за подпісам міністра культуры Расійскай Федэрацыі Аляксандра Аўдзеева, якое днямі атрымала Міністэрства культуры нашай краіны.

Цяпер перад спецыялістамі стаіць пытанне рэстаўрацыі некаторых палотнаў, фізічны стан якіх не дазваляе стварыць якасныя копіі. Акрамя гэтага, пакуль канчаткова не вырашана, дзе будуць экспанавацца партрэты Нямцэвічаў. Па словах начальніка ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Рыгора Бысюка, цягам бліжэйшых месяцаў завершаць рэканструкцыю родавага маёнтка Нямцэвічаў у вёсцы Скокі і правядуць яго музеефікацыю. Такім чынам, жывапісныя палотны амаль праз стагоддзе змогуць вярнуцца туды, адкуль у свой час іх вывезлі.