СПАДЧЫНА СЯДЗІБ У КОЛЕ ІНТАРЭСАЎ

№ 30 (950) 24.07.2010 - 30.07.2010 г

Рыхтуюцца да выезду ўдзельнікі чацвёртага па ліку “Турпраекта “К“. Пра канцэпцыю сёлетняга велападарожжа. З чаго пачынаецца “Турпраект “К”? З выпрацоўкі маршруту? З дакладна размечанай карты? З рупна сабраных звестак пра мясціны, куды мусіць “ступіць” наша велакола? Усё гэта — правільна. А яшчэ — з невялікай, але абавязковай, піар-акцыі…

/i/content/pi/cult/278/4352/1-2.jpg

Мусім прызнацца: пастаноўку кадра на першай паласе пабачылі на свае вочы дзесяткі мінчан яшчэ ў чацвер - дзень здачы нумара ў друк. І не проста пабачылі- спяшаліся здымаць на фотакамеры і мабільныя тэлефоны! А пасажыры транспартных сродкаў, што праязджалі побач, увогуле выходзілі на бліжэйшым прыпынку, каб вярнуцца на пару соцень метраў назад і высветліць: што ж за турпраект распачынаецца сярод сталічнага праспекта Незалежнасці?

Але пастаянным чытачам нашай газеты, думаецца, лішні раз прадстаўляць летнія веласіпедныя вандроўкі карэспандэнтаў няма патрэбы. Іх было ўжо тры, і кожная прыцягнула ўвагу як сярод жыхароў тых мясцін, дзе пабывалі "культура"ўцы, так і чытачоў. Апошнія паспяхова паўтаралі пракладзеныя намі маршруты.

Што ж чакае велападарожнікаў сёлета? Пад час вандроўкі, якая пройдзе па тэрыторыі Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, карэспандэнты "К" наведаюць дзесяць старадаўніх шляхецкіх сядзіб. Некаторыя з іх знайшлі сваё прымяненне ў сучасным культурным жыцці свайго краю, і іх стан блізкі да ідэальнага. Але большасць сёння - незапатрабаваная і ўвайшла ў пералік гістарычных сядзіб, прапанаваных прыватным інвестарам. Спіс гэты быў падрыхтаваны ў свой час Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь па даручэнні Урада краіны.

Рэдактары аддзелаў газеты Ілля Свірын і Дар'я Амяльковіч, спецыяльны карэспандэнт Юрый Чарнякевіч, якія сталі героямі сённяшняй першай паласы, ужо праклалі свой маршрут, прапрацавалі карту, сабралі ўвесь неабходны рыштунак для бяспечнага і камфортнага турызму (у тым ліку абавязковыя шлемы, амуніцыю, флікеры і ўласна веласіпеды)...

Наперадзе - яшчэ колькі дзён для падрыхтоўкі, а пасля ўсёй рэдакцыяй пажадаем калегам традыцыйнае: "У добры шлях!"

 ■ ■ ■

 Дарэчы, дзякуем за дапамогу ў арганізацыі здымак намеснікам начальніка ўпраўлення ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама, падпалкоўнікам Канстанціну Страху і Вадзіму Гаркуну. А непасрэдна забяспечылі здымкі інспектары ДПС лейтэнат Юрый Астроўскі і капітан Дзмітрый Ярашэня (на здымку).

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах