“Пастаўскі баль” з вясельнай полькай

№ 29 (949) 17.07.2010 - 23.07.2010 г

Перспектыўных турыстычных маршрутаў, што маглі б прэзентаваць культурныя адметнасці Беларусі, надзвычай багата. Узяць хаця б фестывальны турызм. Едучы на “Славянскі базар у Віцебск”, варта наведаць і пастаўскі Міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”. А сёлета наперэдадні гэтым форумам як было не завітаць у суседні Мядзел на “Спеўнае Поле” ды не паслухаць на беразе возера Мястра лепшыя айчынныя харавыя калектывы? А літаральна праз паўгадзіны — апынуцца на іншым свяце, ужо на Пастаўскай зямлі…

/i/content/pi/cult/277/4346/12-1.jpg

 ...І адразу акунуцца ў атмасферу ўрачыстасці і, у той жа час, утульнасці. Пра гэта сведчаць нават месцы правядзення ўсіх фестывальных мерапрыемстваў - побач з мясцовымі гістарычнымі славутасцямі (а іншым разам непасрэдна ў саміх будынках): праваслаўнай царквой, каталіцкім касцёлам, Палацам Тызенгаузаў, колішнім вадзяным млыном. А дзякуючы іх кампактнаму размяшчэнню можна без асаблівых намаганняў паспець пазнаёміцца з усёй, даволі вялікай, праграмай фэсту, які апрача ўрачыстага адкрыцця і заключнага гала-канцэрта ўключаў конкурс выканаўцаў на народных музычных інструментах "Хто каго?", выстаўку народных мастацкіх рамёстваў і промыслаў "Горад майстроў", тэатралізаванае прадстаўленне "Музыка беларускіх палацаў і сядзіб", музычна-забаўляльную праграму "Пастаўскі баль", а таксама адкрыццё выстаўкі твораў Напалеона Орды з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.

 Але ці не самай цікавай і каштоўнай адметнасцю фестывалю сталі ўжо традыцыйныя выязныя канцэрты канкурсантаў музычнага форуму. Усе ўдзельнікі (а гэта звыш 500 артыстаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Латвіі, Літвы і Эстоніі), апантаных народнай музыкай), падзеленыя на некалькі груп, прадэманстравалі сваё майстэрства ў сельскіх дамах культуры Пастаўскага раёна. І, як адзначыў адзін з лаўрэатаў фестывалю - гарманіст з Краснадара Міхаіл Еськін, такога цёплага прыёму ён даўно не бачыў, хоць і пастаянна ўдзельнічае ў падобных форумах. Нягледзячы на ўжо даволі позні час, - усе канцэрты пачаліся а 21-й гадзіне, - вольных месцаў ні ў адным СДК не было.

 Як адзначыў старшыня журы фестывалю - народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча, прафесар Міхаіл Казінец, агульны ўзровень выканаўцаў сёлета быў даволі высокі. І тым не менш, да многіх удзельнікаў конкурсу ў журы маецца шэраг пытанняў. У прыватнасці, стала размывацца паняцце рэгіянальнага мастацтва, яго індывідуальнасць. "Раней рэгіёны былі больш адметныя. Адразу можна было вызначыць, хто выступае: Гродзеншчына або Міншчына, Віцебшчына або Магілёўшчына", - падкрэсліў Міхаіл Казінец і параіў калектывам звяртаць больш увагі на творчыя асаблівасці менавіта свайго краю. У гэтым плане можна павучыцца ў замежных удзельнікаў фестывалю захоўваць, цаніць і берагчы аўтэнтыку.

У межах новай намінацыі конкурсу "Хто каго?" - "Настаўнік- вучань", у якой удзельнічалі выканаўцы да 18 гадоў (сола або ў дуэце са сваім педагогам), часам здавалася, нібыта прысутнічаеш не на фестывалі народнай музыкі, а на "Еўрабачанні": настолькі "недзіцячымі" аказаліся некаторыя конкурсныя нумары. Тым не менш, вучні музычных школ, што выхоўваюцца на лепшых узорах народна-інструментальнай музыкі, не пакінулі абыякавымі гледачоў фестывалю, а таксама журы, якое адзначыла ўсіх удзельнікаў дыпломамі і памятнымі падарункамі.

Упершыню адбылося і ўручэнне Гран-пры - Прыза Уладзіміра Грома за лепшае выкананне музычных твораў у ягонай апрацоўцы. Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Бела/i/content/pi/cult/277/4346/12-2.jpgрусь, першы мастацкі кіраўнік Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь - фальклорнага ансамбля "Крупіцкія музыкі", У.Гром надзвычай шмат зрабіў для станаўлення і развіцця форуму, пастаянна працаваў у складзе конкурснага журы. Варта прыгадаць і адзін з яго творчых праектаў - "Адраджэнне беларускіх народных духавых інструментаў", - што пачаў рэалізоўвацца якраз у творчай прасторы фестывалю "Звіняць цымбалы і гармонік".

 Сёлета галоўны прыз атрымала трыо гарманістаў з Віцебска - музычны калектыў "Дабрадзеі", які, дзякуючы свайму прафесіяналізму, спалучыў у ігры на гармоніку сучасныя і традыцыйныя матывы. А адной з "разыначак" гала-канцэрта стала выкананне "Груздаўскай вясельнай полькі" - своеасаблівага брэнда фестывалю - зводным калектывам на "базе" аркестра імя Жыновіча. Да яго далучыліся цымбалісты і гарманісты з рэгіёнаў краіны.

Безумоўным "плюсам" форуму з'яўляецца і тое, што яго арганізатары прытрымліваюцца традыцыі запрашэння да ўдзелу ў ім як лепшых аматарскіх калектываў, так і вядучых прафесійных выканаўцаў, што дазваляе шматгранна прадставіць музычнае мастацтва Беларусі. Сёлета адным з гасцей фестывалю стаў ансамбль "Класік-Авангард", убачыць выступленні якога прыязджалі аматары музыкі з Мінска і іншых гарадоў рэспублікі.

 Фота аўтара

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"