Музей — талакой

№ 29 (949) 17.07.2010 - 23.07.2010 г

Краязнаўчы музей адкрыўся днямі пасля рэканструкцыі ў Прылепскім вучэбна-педагагічным комплексе “Дзіцячы сад — сярэдняя агульнаадукацыйная школа”. Невялічкая вёска ў Смалявіцкім раёне Мінскай вобласці атрымала па-сучаснаму абсталяванае памяшканне, напоўненае вялікай колькасцю экспанатаў, што адлюстроўваюць гісторыю раёна. У яго стварэнні прымалі ўдзел супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

/i/content/pi/cult/277/4344/14-4.jpg

Абноўленую ўстанову яе дырэктар Валянціна Лянцэвіч называе сапраўднай "народнай будоўляй". Да гэтай справы, зыніцыяванай два гады таму Валянцінай Васільеўнай, ахвотна далучыліся былыя выпускнікі школы, арганізацыі раёна, у тым ліку Смалявіцкая раённая бальніца, пенсіянеры, жыхары Прылепаў. Дзякуючы дабрачынным ахвяраванням на разліковы рахунак, было сабрана 30 мільёнаў рублёў. Дапамог і Музей гісторыі Вялікай Айчыннай: мастацкі праект стварыў аўтар яго шматлікіх экспазіцый Віктар Чуглазаў. Сённяшняму краязнаўчаму музею маленькай вёскі могуць пазайздросціць нават некаторыя гарадскія.

Невялікая зала змяшчае раздзелы "Этнаграфія і традыцыі", які ўключае касцюмы, ручнікі, сурвэткі, кросны, "Гісторыя школы", што змяшчае унікальныя фотаздымкі, дзённікі, пасведчанне аб заканчэнні ўзору 1912 года. Вялікую частку прасторы займае экспазіцыя "Вялікая Айчынная вайна на тэрыторыі Смалявіцкага раёна". (Больш за 400 чалавек загінулі тут у полымі, калі захопнікі спалілі тры вёскі разам з жыхарамі...) Наведвальнікі змогуць даведацца таксама пра ўдзел прыляпчан у баявых дзеяннях у Афганістане, пра археалогію краю, гісторыю школы.

 Першы дырэктар музея, што існаваў тут з 1960 года, Дар'я Абмётка, а таксама яе паслядоўніцы Таццяна Агеенка і Алімпіяда Ляшкевіч, былі кансультантамі пры аднаўленні ўстановы. Яны шмат працавалі над тым, каб важныя старонкі гісторыі Прылепскага краю не былі забыты. Дар'я Абмётка заўважае: "Мы вельмі ўдзячныя нашым нашчадкам, бо яны нас разумеюць. Працуем сёння з імі разам, дапамагаем адно аднаму". Наступным днём пасля адкрыцця тут ужо пачаліся экскурсіі, а з верасня для школьнікаў будуць праводзіцца інтэлектуальныя гульні, конкурсы, дыспуты, святы, Урокі мужнасці.

Старшыня Смалявіцкага райвыканкама Аляксандр Рулькевіч на цырымоніі адкрыцця музея заўважыў: "Калі мы не будзем кожны год у вёсках ствараць падобныя куткі, мы не здолеем пакінуць след у памяці моладзі - аб вайне, гісторыі наогул..." Дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Сяргей Азаронак адзначыў: "Раней людзі талакой будавалі дом. Цяпер жыхары гэтага краю талакой стварылі музей. Гэта - дом-святыня, дом-сховішча рэліквій Памяці гэтага краю. Гэта - маленькі свет, у якім дзеці будуць, дзякуючы Памяці, любіць сваю малую радзіму, станавіцца сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны".

 

На здымку: фрагмент экспазіцыі музея.