Беларускі перыяд жыцця і творчасці (1920 - 1930 гг.) уключае шматлікія важкія падзеі, галоўнымі з якіх быў удзел у мастацкім жыцці Віцебска, першыя выстаўкі, афармленне горада да рэвалюцыйных святаў, жаніцьба на Алене Нікановіч-Яцэвіч - дачцы віцебскага епіскапа уніяцкай царквы.
Дарэчы, на Беларусь Алексантэры прыбыў з прозвішчам Ахола (у перакладзе з фінскай - "паляна"), а выязджаў з прозвішчам Ахола-Вало ("вало" па-фінску - "прамень"). Менавіта ў Віцебску былі зроблены першыя сімвалічныя графічныя знакі для праграмы па ўдасканаленні чалавека новага часу пад назвай "Эвахамалогія" (ад лац. "homo" - чалавек). Асноўны прынцып праграмы - фіксацыя сваёй асабістай актыўнасці на розных напрамках: веды, вопыт, каханне, спорт... Паводле думкі аўтара, новае грамадства павінна было прыняць дадзеную праграму і ісці па ёй надалей у будучае. Аб гэтым ён вёў размовы з Надзеяй Крупскай. На думку маладога мастака-рэвалюцыянера, без выканання гэтай праграмы чалавек доўга будзе заставацца рабом жыццёвых абставін. Фіксацыя ў спецдзённіках павінна стаць справай усіх: вучняў школ, рабочых, інтэлігенцыі. Асабісты "індэкс" жыцця павінен шмат вырашаць у грамадскім і палітычным жыцці новага савецкага чалавека. Супрэматычныя праекты ў выглядзе распрацовак К.Малевіча, Л.Лісіцкага, У.Татліна ў галіне канструктывізму, А.Леанідава - у архітэктуры былі прапанаваны грамадству ў 1920-я гг., і, на думку аўтараў, маглі быць ажыццёўлены толькі пры новай уладзе, бо іх час быў вымераны грандыёзнымі планамі камунізму, сонечныя промні якога ўрываліся ў цемру стагоддзя, якое адыходзіла.
На асабістым прыкладзе Аляксандр Пятровіч даказваў станоўчае ўздзеянне рацыяналізатарскай педагогікі "Эвахамалогіі", у выніку чаго ім была створана сапраўдная навуковая і творчая спадчына ў выглядзе тысячы сімвалаў-знакаў, асабістых дзённікаў - сродкаў занатоўвання жыццёвых спраў, графічных і жывапісных аркушаў і палотнаў.
Мінскі перыяд (1923 - 1930 гг.) уключае вучобу Ахола-Вало на завочным аддзяленні ў Адэскім мастацкім інстытуце, удзел у рабоце выдавецтваў Беларусі, Украіны, Масквы. У Мінску яго чакаў сапраўдны поспех: ён быў аўтарам праекта аднаго з павільёнаў для Першай сельскагаспадарчай выстаўкі ў Мінску (1930 г.), мастаком-афарміцелем больш як дваццаці выданняў часопісаў, газет і кніг, рабіў малюнкі для вокладак "Новая зямля" Я.Коласа (другое выданне), "Табе" А.Вольнага, "Плынь" М.Грамыкі, "Угрунь" А.Александровіча, "Хвоі гавораць" К.Чорнага, "Ветры буйныя" П.Труса, "Кітай" М.Дуброўскага. І ў кожным творы зарэкамендаваў сябе як класік савецкага авангарда другой паловы 1920-х гг., смела спалучаючы геаметрычныя і рэалістычныя вобразныя сродкі выразнасці ў розных жанрах. Асноўнымі тэмамі былі барацьба з цемрай, непісьменнасцю, бюракратызмам. Актыўная грамадзянская пазіцыя знайшла адлюстраванне ў праграме таварыства "Прамень", арганізатарам якога быў сам Ахола-Вало.
Уздым творчага патэнцыялу адпавядаў задачам: удзел у Сусветнай выстаўцы кнігі ў Лейпцыгу (1927 г.), стварэнне гравюры "Кастрычнік у космасе" (1925 г.). Дарэчы, ужо ў 1963-м у Швецыі гэтую гравюру, якая была надрукавана 7 кастрычніка на першай старонцы "Савецкай Беларусі", аўтар падарыў першаму касманаўту - Юрыю Гагарыну. Цяпер яна знаходзіцца ў Музеі касманаўтыкі ў Маскве.
У 1995-м, за два гады да смерці, Аляксандр Пятровіч наведаў Мінск і Віцебск. Ён тады гаварыў наступнае: "Улік часу - фундамент для ўсякай свядомай дзейнасці. Для карысці паскарэння неабходна адмовіцца ад усяго непатрэбнага і шкоднага. У людзей павінна быць правільна выпрацаванае пачуццё адказнасці". І ён меў рацыю. Сёлета яму споўнілася б 110 гадоў...
Юлія ЗАГОРСКАЯ,
навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь