Што да нашай краіны, дык, бадай, ніводная мастацкая групоўка не адчувала на сабе ўплыў ранейшых дасягненняў да такой ступені, як мастакі Віцебшчыны. Творчасць Шагала і малевічаўскі УНОВИС, зрабіўшы горад над Заходняй Дзвіной адной з мастацкіх сталіц пачатку ХХ стагоддзя, задалі найвышэйшую планку майстэрства.
40-годдзе існавання віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў - цудоўная нагода аб'ектыўна асэнсаваць агульны ўзровень нашчадкаў Пэна, Бембеля, Азгура, Волкава, Цвіркі, ацаніць творчасць мастакоў ва ўсіх яе праяўленнях. Магчымасць падсумаваць веды і ўражанні аб творцах віцебскай школы дала чарговая выстаўка работ віцябчан, зладжаная БСМ у Палацы мастацтва.
У параўнанні з сакавіцкай "Фактурай" - першым этапам знаёмства сталічнага гледача з творчасцю віцебскіх мастакоў - "Мастацкая прастора..." уяўляе з сябе калейдаскоп тэхнік, жанраў, сюжэтаў і імёнаў. Пра шырыню праекта сведчыць хаця б фізічны маштаб экспазіцыі: жывапісныя палотны, графіка, скульптура і арт-аб'екты занялі ўсе залы адной з найбуйнейшых выставачных пляцовак краіны. Але і гэтага, па словах арганізатараў, вельмі і вельмі мала. Што такое 300 работ для суполкі, дзе толькі афіцыйных членаў налічваецца больш за сотню? Тым не менш, магчымасці ўбачыць экспазіцыю, якая змагла б больш поўна і дакладна адлюстраваць тэндэнцыі развіцця сучаснага віцебскага мастацтва, у аматараў выяўленчага мастацтва не было даўно. І вялікі плюс дадзенага паказу - менавіта ў шматграннасці, разнастайнасці прадстаўленых твораў, шырыні ахопу як сюжэтнай (ад "ціхіх" нацюрмортаў і беларускіх краявідаў да актуальных праблем сучаснага грамадства), так і тэхнічнай (ад акварэлі да інсталяцыі). Імёны мастакоў Віцебшчыны А.Скавародкі, Ф.Гумена, А.Гвоздзікава, В.Ціханенкі, А.Малея, В.Шылко, А.Слепава, А.Дасужава, А.Салаўёва, І.Сталярова, У.Вітко, І.Казака, С.Урублеўскай, В.Чукіна, М.Ляўковіча, А.Кастагрыза, В.Міхайлоўскага, А.Жураўлёва, Т. і Ю. Рудэнкаў, В.Ральцэвіча ды іншых даўно вядомыя не толькі на Беларусі, але і ў некаторых краінах замежжа.
"Віцебск - гэта заўсёды цікава, гэта творча, гэта крэатыўна, - кажа сталічны мастак, намеснік старшыні БСМ Рыгор Сітніца. - Мастакі Віцебшчыны заўсёды рабілі і робяць творчы выклік мастацкай грамадскасці. І, што важна, - выклік вельмі якасны, высокапрафесійны". Сапраўды: прадстаўленыя на выстаўцы работы ўражваюць імкненнем аўтараў да адкрыцця новых мастацкіх ісцін, а таксама сваёй экспрэсіяй і характарнасцю.
Як бы шмат ні казалі пра эксперыментальны складнік творчасці віцябчан, адразу кідаецца ў вочы гледачу і акадэмічны бок работ. Так, мастакі-акварэлісты прадставілі найвыдатнейшыя прыклады рэалістычнага жывапісу, цудоўнай тэхнікі, але, на жаль, празмерная выверанасць і нармалізаванасць, імкненне да агульных прынцыпаў прысутнічаюць і ў некаторых авангардных творах. Час ад часу і змест губляецца за арыгінальнасцю, нестандартнасцю формы. Аднак нельга не адзначыць, што абласная арганізацыя сустракае сваё 40-годдзе на пэўным уздыме. Суіснаванне мноства груповак, якія ўзніклі ў апошнія дваццаць гадоў, пастаянная канкурэнцыя, пошук, эксперымент - усё гэта значна павысіла ўзровень твораў прадстаўнікоў віцебскай школы.
Дар'я ДАНІЛЕВІЧ