- Настрой у нас - цудоўны! Едзем на фестываль з задавальненнем, а яшчэ - з вялікім чаканнем цуду. Тым больш, мы даўно ўжо не выступалі ў родным Віцебску. Калі па шчырасці, "Сярэбранае вяселле" не можа пахваліцца тым, што шмат гастралюе па Беларусі, - мы ўсё больш вандруем па замежжы. Дома ж у нас, як правіла, - невялікія, камерныя канцэрты. Што і казаць, магчымасць выступіць у рамках "Славянскага базару ў Віцебску" на такой добрай пляцоўцы, як Канцэртная зала "Віцебск", з якасным гукам, - мара не толькі наша, але, думаю, і любога музычнага калектыву.
- Да таго ж, - у адной праграме з джаз-кабарэ Алега Скрыпкі!
- Так, нам вельмі прыемнае такое супрацоўніцтва з украінскімі артыстамі на адной сцэне.
- Вы прадставіце самастойныя праграмы, або гледачы могуць чакаць сумесных сюрпрызаў?
- Безумоўна, і наша "Сярэбранае вяселле", і джаз-кабарэ Алега Скрыпкі прывозяць у Віцебск уласныя праграмы, але ж вы маеце рацыю: у нас нарадзілася ідэя зрабіць што-небудзь сумесна. Акурат цяпер мы абмяркоўваем прапановы і магчымасці больш дэталёва - балазе трохі часу для гэтага яшчэ ёсць.
- "Сярэбранае вяселле" прапануе свой "класічны" рэпертуар, альбо нешта новенькае?
- Спецыяльных навінак і прэм'ер мы не рыхтавалі - у праграме будуць усе нашы вядомыя нумары. Іншая справа, што сёння я не магу сказаць, як канкрэтна складзецца праграма выступлення: мы з артыстамі, як заўсёды, будзем "слухаць" залу, імправізаваць.
- Памятаючы пра тое, што вы родам з Віцебска, мяркую, у зале збярэцца шмат вашых знаёмых, сяброў? Яны ўжо "раскупілі" білеты на "Сярэбранае вяселле"?
- Пра тое, наколькі раскуплены білеты на наша выступленне, я, канешне ж, адказаць не магу. Але тое, што сябры і знаёмыя набылі іх, - гэта дакладна! Зрэшты, "Сярэбранае вяселле" з нецярплівасцю чакае на канцэрце не толькі іх, але і ўсіх прыхільнікаў нашай музыкі.