Суразмоўцы — творчая эліта Беларусі

№ 22 (788) 02.06.2007 - 08.06.2007 г

30 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшла традыцыйная сустрэча міністра культуры рэспублікі У.Матвейчука з маладой творчай элітай краіны — уладальнікамі Гран-прэміі і лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі 2006 года.

— Вы не проста таленавітыя і перспектыўныя, — звярнуўся да ўдзельнікаў сустрэчы Уладзімір Матвейчук, — вы яшчэ і самыя шчаслівыя, бо маладыя — жыццё наперадзе, і ёсць усе ўмовы для рэалізацыі самых смелых творчых задумак…
Міністр культуры Беларусі зазначыў, што ў краіне дзейнічае аптымальная сістэма адсочвання і развіцця таленавітай моладзі. Першая прыступка гэтай сістэмы: школы — музычныя ці мастацкія, — якіх у рэспубліцы 514 (у адпаведнасці з Дзяржпраграмай адраджэння сяла кожная такая школа ў райцэнтры мае ці будзе мець вясковы філіял на цэнтральных сядзібах сельскіх гаспадарак). Другая прыступка: сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы: 18 — у абласцях, 3 — у Мінску. І трэцяя: ВНУ — Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў, Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі і Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў. Наша маладая творчая эліта — заўжды пад пільнай дзяржаўнай увагай. У банку даных Беларусі — 1208 адораных маладых людзей, лёс якіх для дзяржавы неабыякавы. Менавіта ім, будучым музыкантам, кампазітарам, спевакам, кінематаграфістам і мастакам, мацаваць нацыянальную духоўнасць, працаваць на карысць Радзімы, павялічваючы яе славу новымі творамі мастацтва.
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ, cтаршыня савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Наталля Аўдзеева зазначыла, што за пяць гадоў працы на пасадзе пераканалася: патрабаванні да лаўрэатаў пастаянна павышаюцца, і адбор цяпер — самы строгі. Але і дзяржаўная падтрымка — адпаведная. Для таленавітых ёсць інструменты, самае сучаснае абсталяванне, касцюмы, ладзяцца стажыроўкі за мяжой. Лаўрэаты маюць ільготы: першачарговае размеркаванне на працу, павялічаны аклад, забеспячэнне жыллём… І гэтыя сур’ёзныя прэферэнцыі недарэмныя: таленавітая моладзь не падводзіць краіну, праслаўляе яе на самых высокіх міжнародных узроўнях. Дарэчы, летась у Беларусі было 39 лаўрэатаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта рэспублікі, а за паўгоддзе гэтага года — ужо 32!
Перад маладымі зоркамі выступілі кіраўнікі творчых ВНУ: рэктар Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў Я.Грыгаровіч, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі А.Рашчупкін, першы прарэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў С.Вінакурава. Ядвіга Грыгаровіч звярталася да навучэнцаў школ і сярэдніх спецыяльных устаноў як да патэнцыяльных абітурыентаў. Па заслугах, як кажуць, і гонар. Каму, як не самым лепшым з таленавітых, павышаць веды і досвед у творчых ВНУ краіны!
А вось як ацанілі дзяржаўную ўвагу самі маладыя ўдзельнікі сустрэчы.
Пяцікурснік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Арцём Шышкоў:
— Я скрыпач, лаўрэат конкурсаў у Расіі, Польшчы, Германіі, Чэхіі, Літве… Мне вельмі радасна, што дзяржава падтрымлівае і нас, маладых, і беларускую музычную культуру. Планую прадоўжыць навучанне ў магістратуры. Намераў з’язджаць за мяжу — аніякіх. Занадта шмат грошай укладзена ў нас, маладых. Дый усе ўмовы для працы на Радзіме створаны — не толькі для аркестравых, але і для сольных выступленняў.
Другакурсніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Насця Юркевіч:
— Паколькі я — будучы тэлеаператар, дык летась на міжнародных Дэльфійскіх гульнях у Казахстане спрабавала сябе ў намінацыі “Фатаграфія” і выйшла на другое месца, атрымала срэбраны медаль… А ў перспектыве збіраюся працаваць у галіне беларускай кінематаграфіі і тэлебачання. Хачу апраўдаць высокі давер дзяржавы.
Навучэнка Кобрынскай дзіцячай школы мастацтваў Вольга Сацюк:
— Спяваю, іграю на фартэпіяна. Лаўрэат конкурсаў у Венгрыі, Македоніі, Босніі, Герцагавіне, Румыніі, Даніі, Польшчы, Эстоніі. У свае 13 гадоў упэўнена, што праца наперадзе — вялікая і складаная: хачу пашырыць веды па беларускім і сусветным мастацтве… Вялікі дзякуй, што ёсць такі фонд, што не знікае дзяржаўная ўвага да маладых творцаў.
Чацвертакурснік Маладзечанскага музычнага вучылішча Міхаіл Ялецкі:
— Шмат было летась конкурсаў: у Харкаве — як піяніст заняў трэцяе месца, у Запарожжы — другое месца, рэспубліканскі конкурс вучылішчаў у Гродне— першае месца… Я адчуваю падтрымку і ўвагу, стараюся апраўдаць давер. Хачу стаць высокапрафесійным выканаўцам.

Андрэй СТАРЖЫНСКІ
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА