- Да "Славянскага базару ў Віцебску" я, можна сказаць, рыхтуюся ўвесь год: назапашваю эмоцыі, рэпертуар, сцэнічныя строі і... малдаўскае віно. Калі ж сур'ёзна, дык чым далей, тым больш пераконваюся, як выдатна працуе гэты фестываль на высокі культурны імідж вашай краіны. Дзе б я ні апынуўся (а мне часта даводзіцца гастраляваць, у тым ліку ў Бразіліі, Карэі, Кітаі) - паўсюль ведаюць "Славянскі базар у Віцебску" як адзін з самых буйных музычных форумаў у свеце. Назва гэтага фестывалю - бы візітоўка, знак якасці для кожнага артыста. Бо каб патрапіць сюды, патрэбны папраўдзе высокі прафесійны ўзровень: арганізатары вядуць адбор удзельнікаў, добра трымаючы планку. Гэта дае магчымасць штогод здзіўляць гледача ўсё новымі праграмамі, надзвычай разнастайнымі, не падобнымі адна на адну. За тое дзесяцігоддзе, як я прыязджаю ў Віцебск, у развіцці фэсту адчуваецца імклівая пазітыўная дынаміка. Я пастаянна бачу нейкія навінкі, добрыя змены - і ў самім горадзе, што літаральна расцвітае на нашых вачах, і ў тэхнічных магчымасцях сцэны віцебскага Амфітэатра. Цяперашняе светлавое і гукавое абсталяванне фестывалю адпавядае самым высокім патрабаванням. А колькі высілкаў патрабуецца ад Дырэкцыі, каб сабраць разам столькі зорных салістаў і калектываў! Гэта папросту ашаламляльна: усе зоркі - тут і зараз! Дый узровень канкурсантаў з кожным годам становіцца ўсё больш высокім. У нас у Малдове на адборачны тур да "Славянскага базару ў Віцебску" звычайна прыходзіць багата заявак, некаторыя ўдзельнічаюць па некалькі гадоў запар, каб толькі трапіць на гэтае прэстыжнае спаборніцтва. Так што - так трымаць і надалей!