Перлінкі на Дрэве міру

№ 22 (788) 02.06.2007 - 08.06.2007 г

Насуперак усім чаканням, у студыі бісерапляцення давялося ўбачыць не толькі дзяўчынак. Вяснушкаваты Андрэй родам з Ваўкавыска, схіліўшыся над сталом, засяроджана ды старанна майстраваў вялізнага жука. І быў яўна захоплены гэтым, здавалася б, зусім не хлапечым заняткам. Бусінкі ўмела і борздка націналіся на нітку. Ды Андрэй не адзін такі. На сцяне кабінета — выява дрэва, упрыгожанага ружовымі перлінкамі. Гэтая праца, якая называецца “Дрэва міру”, нясе ў сабе ўражальную сімволіку. Удзел у яе стварэнні ўзялі жонкі паслоў дзевяці дзяржаў, размешчаных у розных частках свету. Сімвалічна і тое, што свае перлінкі ў гэтае дрэва дадалі менавіта тыя дзеці, якія ў фізічным — але толькі ў фізічным! — плане нечым абдзелены параўнальна са сваімі аднагодкамі.

Фестываль моды ў рэабілітацыйным цэнтры 

Рэспубліканскі рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей-інвалідаў на бальніцу зусім не падобны. Хутчэй, гэта антыпод тым асацыяцыям, якія выклікае ў многіх слова “лякарня”: шэры будынак, калідоры без вокнаў, вытрыманыя ў самай нуднай колеравай гаме з усіх магчымых, пах хлоркі і, у дадатак, атмасфера татальнага суму.
Арыгінальнай канструкцыі гмах Цэнтра патанае ў зеляніне Севастопальскага сквера, а ля яго ганку раскашавалі кветкі ды ахайна пастрыжаныя газоны. Чысціня і добраўпарадкаванасць — папраўдзе ідэальныя — тут, аднак, зусім не з’яўляюцца сінонімамі панылай стэрыльнасці. Зрэшты, і функцыі ў Цэнтра не зусім бальнічныя -- не столькі лячэнне, колькі сацыяльная рэабілітацыя. Ці, кажучы папросту, дарэнне радасці.
— А вось наша Афрыка! — кажа выкладчык гуртка бісерапляцення Тамара Вітко, запрашаючы ў прасторнае фае.
 /i/content/pi/cult/120/430/Dreva-miru2.jpg
 Гурткоўцы разам са сваім кіраўніком на фоне “Афрыкі”.
Сонечнае святло,
якога ўдосталь трапляе праз шкляную столь, песціць цэлы дэндрарый. Абмінаючы яго, нельга не звярнуць увагу на вялізны і яўна “пародзісты” кактус.
У адказ на пытанне, дзе ім пачуваецца лепей — дома альбо тут, дзеці амаль хорам адказалі: вядома ж, дома. Спадзяюся, што цалкам шчыра. Але, таксама хорам дадалі яны, і тут вельмі добра. Нядзіўна, што многія пацыенты Цэнтра пакідаюць яго з неахвотай: бо расстанне з сябрамі перажыць цяжка.Канец змены тут заўсёды суправаджаецца слязьмі— і планамі адносна новых сустрэч.
Праходзячы месячныя курсы ў сценах Цэнтра, дзеці, якія прыязджаюць сюды з усіх куткоў Беларусі, атрымліваюць не толькі медычную дапамогу, але і радасць зносін, і духоўнае ўзбагачэнне дзякуючы апецы над Рэабілітацыйным цэнтрам Праваслаўнай Царквы. Да таго ж, падчас знаходжання ў Мінску дзеці маюць унікальную магчымасць наведаць лепшыя сталічныя тэатры і музеі, а таксама — самім паспрабаваць сябе ў творчасці.
Насупраць імправізаванага дэндрарыя — невялічкая выстаўка іх работ.
Апрача малюнкаў, ёсць тут і творы досыць экзатычныя — скажам, свайго кшталту пано з малюсенькіх катышкоў паперы, расфарбаваных у розныя колеры, альбо карціны, для стварэння якіх спатрэбіліся манныя крупы.
Кожны выхавальнік Цэнтра вучыць сваю групу таму, да чаго ў яго ляжыць душа, — праяўляючы пры гэтым не абыякую фантазію. Стараннямі Аксаны Дзегцярэнка дзятва засвоіла такую модную тэхніку, як бодзі-арт — малюнкі непасрэдна на целе. Мяркуючы па фотаздымках, упрыгожваць сябе такім чынам дзяўчынкам вельмі спадабалася. Як і прыдумляць строі для ўласнага фестывалю моды. Ён мае назву “Маманцяня” — што само сабою прадугледжвае нестандартнае мысленне мадэльераў і выкарыстанне імі розных нязвыклых у побыце матэрыялаў.
А вось праявы такога арыгінальнага напрамку дызайну вопраткі, які прызначаны выключна для лялек, вытрыманы пераважна ў класічным стылі. І, аглядаючы кампазіцыю з рознымі цікавымі варыянтамі касцюмаў, думаеш, што некаторыя з іх цалкам магла б узяць “на ўзбраенне” наша лёгкая прамысловасць. 

Кветкі бэзу — амаль як сапраўдныя 

— У творчасці дзеці атрымліваюць магчымасць самарэалізацыі, — кажа Тамара Вітко. — І, што асабліва для іх важна, — самасцвярджэння. Дасягнуўшы плёну, яны ўжо не лічаць сябе як бы непаўнавартаснымі ў дзіцячым калектыве, наадварот — усведамляюць, што нічым не горшыя за сваіх здаровых аднагодкаў, нават у нечым іх пераўзыходзяць. Магу распавесці нямала выпадкаў, калі выхаванцы нашага гуртка па вяртанні дадому станавіліся сапраўднымі “зоркамі” класа — дзякуючы свайму ўмельству.
Бадай, усе яны засвоілі мастацтва бісерапляцення менавіта ў Рэабілітацыйным цэнтры. Для некаторых гэтыя ўрокі аказаліся няпростымі, але, паколькі яны цудоўна развіваюць маторыку рук, прагрэс неўзабаве становіцца відавочным. Было б жаданне.
А жадання ў гэтых дзетак не бракуе. Склад гуртка змяняецца штомесяц, але ў кожнай змене знаходзіцца нямала ахвотных засвоіць такі карпатлівы занятак, як бісерапляценне. А потым, ужо вярнуўшыся дахаты, многія і там не пакідаюць гэтага занятку. Нявыключана, што для кагосьці з выхаванцаў гуртка “гульня шкляных перлінак” калі-небудзь стане прафесіяй.
Балазе, фігуркі, што выходзяць з-пад іх спрытных рук, цалкам прэзентабельныя ў якасці добрага сувеніра. А кветкі бэзу, зробленыя з бісеру, я абсалютна шчыра прыняў за сапраўдныя. Тым болей, напрыканцы мая…
 /i/content/pi/cult/120/430/Dreva-miru3.jpg

 Праца карпатлівая, але цікавая.


Хаця пакуль што нікога з гурткоўцаў не хіліць да “серыйных” вырабаў. Абіраючы сабе аб’ект для ўвасаблення ў бісеры, дзеці імкнуцца штораз не паўтарацца. І кожны з іх выяўляе нешта сваё: Наста — вожыка з рознакаляровымі “трафеямі” на спіне, Ангеліна — вясёлых блізнятаў, зусім не падобных на звычайны знак сузор’я, Крысціна — ружы, таксама амаль як сапраўдныя, яшчэ адна Крысціна — кракадзільчыка…
Не так даўно ў інтэрв’ю нашаму выданню знакаміты беларускі архітэктар Леанід Левін акрэсліў, бадай, самую важную адметнасць дзіцячай творчасці: яна заўсёды адлюстроўвае толькі радасныя эмоцыі, якія б выпрабаванні не выпалі на долю саміх творцаў. І працы пацыентаў Рэабілітацыйнага цэнтра могуць лішні раз гэта засведчыць. 

Пасыл радасці, здатны змяніць свет 

Па словах відавочцаў, між гэтымі дзецьмі і жонкамі паслоў не ўзнікала ніякай дыстанцыі. “Дрэва міру” яны стваралі разам, рука ў руку, за адным сталом.
Адбывалася гэта ў прыязнай ды нязмушанай атмасферы і пакінула аб сабе выключна прыемныя ўражанні.
— Знайсці агульную мову нам было вельмі лёгка, — распавядаюць Наста Есіс і Юля Герасімік. — Можна сказаць, што мы нават трохі пасябравалі.
І хіба тут не паверыш, што мастацтва спрыяе паразуменню? Асабліва калі ўлічыць той факт, што некаторыя госці Цэнтра прадстаўлялі такія далёкія ад нас краіны, як Палесціна, Лівія, Ліван.Напачатку жонкі паслоў узялі кароткі ўрок па бісерапляценні — тэхніцы, для многіх з іх зусім новай ды незнаёмай. Засвоеных азоў цалкам хапіла ім, каб зрабіць свой унёсак у супольны твор. А выхаванцы Цэнтра здолелі пачуць нямала цікавага пра культуры іншых народаў.
 /i/content/pi/cult/120/430/Dreva-miru.jpg
 Наста Есіс і Юля Герасімік — ля “Дрэва міру”.
Ідэя стварэння Дрэва міру належыць ініцыятарцы праекта “Адраджэнне. Дзеці — ХХІ стагоддзю” Наталлі Паляковай — чалавеку, абсалютна перакананаму ў тым, што пасыл любові і радасці, які змяшчае дзіцячая творчасць, здатны паспрыяць
вырашэнню глабальных праблем чалавецтва.
Калі б такая перакананасць не стала вытокам няспыннай і руплівай працы, яе вартасць была б невялікая.
Аднак гэтая сталага веку жанчына не толькі здолела пазбавіць слова “энтузіяст” характэрнага для нашага прагматычнага грамадства іранічнага прысмаку, але і заразіць сваёй прагайзмяніць свет да лепшага многіх людзей.Створаны такімі энтузіястамі сайт “Мастацтва дзяцей свету” (http://www.artbaby.open.by) стаў прызёрам у сваёй намінацыі на прэстыжнай выстаўцы “TIBO — 2007”. А зусім нядаўна творы беларускіх дзетак, разам з фільмам пра іх аўтараў, убачылі ўдзельніцы ІІІ Міжнароднага кангрэса мацярок свету, які прайшоў у Іерусаліме.
Што могуць сказаць гэтыя дзеці свету? Чаму яны могуць навучыць многіх высакалобых інтэлектуалаў ды, вядома, і нас, “простых смяротных”? Можа, таму, што радавацца жыццю трэба ў любых варунках, і што абставіны жыцця самі па сабе не здатны “зламаць” чалавека, зрабіць яго глыбока няшчасным — калі ён самахоць не зробіць сябе такім.

Ілля СВІРЫН
Фота аўтара