Як паведаміў карэспандэнту "К" дырэктар Дырэкцыі музычных і забаўляльных праграм Белтэлерадыёкампаніі Дзяніс Шпітальнікаў, тры разы на дзень карэспандэнты "Першага" будуць агучваць самыя апошнія навіны "Славянскага базару ў Віцебску" ў традыцыйных "Дзённіках..." фестывалю. А галоўныя падзеі з канцэртаў, тэатральных і кінаімпрэз, прэс-канферэнцый падсумуюць у выніковых дзесяціхвілінных праграмах кожны вечар пасля "Панарамы", пачынаючы з 9 ліпеня. Вядома, і ў выпусках навін выйдуць рэпартажы і прамыя ўключэнні з Віцебска.
"Нашы гледачы пабачаць шмат канцэртаў з Летняга амфітэатра. Цікавыя выступленні адбудуцца і на пляцоўцы, якая нядаўна адкрылася, - на плошчы Перамогі. Аднак у гэтым годзе мы іх трансляваць не будзем: тут патрэбны асобны камплект абсталявання і група людзей, - распавядае Дзяніс Шпітальнікаў. - На сёлетнім фестывалі мы ўдакладнім усе неабходныя пытанні, каб на наступным рабіць трансляцыі і адтуль. Дарэчы, тэхнічных супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі ў Віцебск прыехала нашмат больш, чым творчых".
Як вядома, Белтэлерадыёкампанія выступае адным з арганізатараў фестывалю, таму ёй належыць выключнае права прамой трансляцыі яго адкрыцця і закрыцця на тэрыторыі краіны.
Прэстыжным для форуму з'яўляецца і тое, што праграмы пра фестываль радыёстанцыі "Беларусь" на англійскай і нямецкай мовах прагучаць у Еўропе. Іх пачуюць слухачы радыёкампаніі "Радыё-700", што ў Германіі, шмат матэрыялаў будзе змешчана на серверы Еўрапейскага вяшчальнага саюза. Многія канцэрты будуць запісвацца і для далейшых радыёабменаў. Першы нацыянальны канал Беларускага радыё, па традыцыі, зладзіць спецыяльныя выпускі праграм "Культурная прастора", "Сем нот", "Музычны алімп", "Дзённік фестывалю". Пра самае цікавае на "Славянскім..." раскажуць карэспандэнты канала "Культура", станцый "Сталіца" і "Радыус-FM".
Той, хто не змог пабачыць канцэрт урачыстага адкрыцця "Славянскага базару..." 9 ліпеня, атрымае такую магчымасць сёння, дзякуючы тэлеканалу Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі краін СНД "Мір". Ён не абміне ўвагай і закрыццё форуму, а таксама конкурсы выканаўцаў, паколькі з'яўляецца заснавальнікам шэрагу прызоў для пераможцаў. Галоўны рэдактар студыі тэлебачання МДТРК Юрый Бокач зазначыў, што будуць падрыхтаваны шэсць выпускаў "Дзённікаў "Славянскага базару", падзеі фестывальнага жыцця будуць цікавымі элементамі ў "Навінах Садружнасці".
Самымі ж аператыўнымі ў асвятленні "Славянскага базару ў Віцебску" мяркуюць стаць яго землякі - тэлеканал "СКІФ": яго выпускі фестывальных навін выходзяць шэсць разоў на суткі. Пачынаючы з 8 ліпеня "Імгненні фестывальнага лета" адлюстроўваюць падрыхтоўку да імпрэз, прыезд гасцей, запамінальныя моманты з усіх канцэртаў.