Культура і фізкультура — сёстры-блізняты

№ 22 (788) 02.06.2007 - 08.06.2007 г

Напэўна, не кожны ведае, што вялікі матэматык і “дызайнер штаноў” Піфагор быў яшчэ і алімпійскім чэмпіёнам па кулачных бойках, а славуты грэчаскі філосаф Платон пры жыцці быў вядомы не толькі як аўтар “Дыялогаў”, але яшчэ і як знакаміты барэц-алімпіёнік. “У здаровым целе — здаровы дух”, — казалі старажытныя людзі і мелі рацыю. Заняткі спортам выхоўвалі не толькі цела, але і душу, і важны быў сам працэс, а не канчатковы вынік. Адсюль, напэўна, і пайшло алімпійскае “Галоўнае — не перамога, а ўдзел”. І сёння, калі прафесійны спорт — гэта, перадусім, вялікія грошы і, адпаведна, усё новыя допінгавыя і судзейскія скандалы, спаборніцтвы аматараў прыцягваюць захаваннем першапачатковых прынцыпаў і прыярытэтаў.

Мабыць, таму Першая рэспубліканская галіновая спартакіяда работнікаў культуры і мастацтва, што прайшла з 25 па 26 мая ў Мінску на спартыўна-турыстычнай базе “Алімпіец” Спартыўнага клуба Федэрацыі прафсаюзаў, вызначалася вялікай колькасцю не толькі ўдзельнікаў, але і балельшчыкаў, якія прыехалі падтрымаць сваіх калег, блізкіх і проста сяброў. Усяго ў мерапрыемстве прынялі ўдзел 14 каманд, а агульная лічба спартсменаў набліжалася да 200.
За золата спартакіяды змагаліся зборныя Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Нацыянальнай бібліятэкі, рэспубліканскіх музеяў, Дэпартамента па кінематаграфіі, 7 каманд ад абласцей і горада Мінска і, вядома, зборная Міністэрства культуры.
/i/content/pi/cult/120/429/Fizkultura2.jpg/i/content/pi/cult/120/429/Fizkultura2.jpg 

Гомельскі марш.

Пасля ўрачыстага маршу ўдзельнікаў
спартакіяды прывітаў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Матвейчук, адзначыўшы важную ролю спорту ў жыцці нашай краіны, а таксама падзякаваўшы Міністэрству спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, якія забяспечылі мерапрыемства кваліфікаванымі судзейскімі кадрамі, Федэрацыі прафсаюзаў, якая прадаставіла сваю базу для правядзення спаборніцтва, і надвор’ю, якое падарыла і “спартсменам”, і гледачам цудоўны сонечны дзянёк. Першы намеснік міністра спорту і турызму Уладзімір Аляшкевіч, у сваю чаргу, адзначыў надзвычай добрую арганізацыю мерапрыемства, аддаўшы яму першае месца з усіх бачаных ім ранней падобных спаборніцтваў.
Рэгламент прадугледжваў вызначэнне пераможцы па агульным заліку ў чатырох спаборніцтвах. Гэтае своеасаблівае “чатырохбор’е” змяшчала ў сабе валейбол, лёгкаатлетычны крос, настольны тэніс і дартс.
Пераможца павінен быў вызначыцца па найменшай суме месцаў. Зразумела, што пры гэткай сістэме перамагае не тая каманда, у якой сабраліся адны бегуны ці валейбалісты, а каманда універсалаў. І, натуральна, шмат залежала ад удачы, ад таго, наколькі шчаслівай для каманды будзе жараб’ёўка, бо алімпійская сістэма спаборніцтва на выбыванне прыводзіць да таго, што можна заняць сёмае месца, прайграўшы толькі аднойчы, ці наадварот — апынуцца ў прызёрах з двума “баранкамі”.
 /i/content/pi/cult/120/429/Fizkultura3.jpg
 На прыёме — каманда музеяў.

Прынамсі, праграма спартакіяды не абмяжоўвалася толькі гэтым. Тыя, хто хацеў, маглі паспрабаваць свае сілы ў гіравым спорце, міні-футболе і перацягванні каната.
Натуральна, алімпійскі прынцып “Галоўнае — не перамога, а ўдзел”, безумоўна, панаваў і на гэтых спаборніцтвах. Але не адзначыць пераможцаў азначала б недаацаніць прыкладзеныя імі высілкі. Першае месца (сума ачкоў-месцаў — 17) — у зборнай Мінскай вобласці, толькі два балы саступіла каманда горада Мінска, якая была другой, бронза — у гамяльчан, якія ва ўпартай барацьбе апярэдзілі на адзін бал ажно тры каманды (Віцебскай вобласці, Нацыянальнай бібліятэкі і Дэпартамента па кінематаграфіі).
Хочацца адзначыць тую незвычайную атмасферу, якая панавала на спартыўных пляцоўках: калі нівеліраваліся адрозненні паміж рэктарам і выкладчыкам, дырэктарам і спецыялістам — магія спорту аб’ядноўвала людзей, радніла іх. Каманды “хварэлі” адна за адну, не зважаючы на тое, што яшчэ некалькі хвілін таму былі канкурэнтамі. І гэта, напэўна, галоўнае, для чаго патрэбны падобныя спаборніцтвы. Спадзяёмся, што гэтае файнае мерапрыемства стане традыцыйным і з цягам часу будзе толькі ўзбагачацца новымі яркімі фарбамі.

Наш кар.
Фота аўтара