За золата спартакіяды змагаліся зборныя Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Нацыянальнай бібліятэкі, рэспубліканскіх музеяў, Дэпартамента па кінематаграфіі, 7 каманд ад абласцей і горада Мінска і, вядома, зборная Міністэрства культуры.
Гомельскі марш. |
Рэгламент прадугледжваў вызначэнне пераможцы па агульным заліку ў чатырох спаборніцтвах. Гэтае своеасаблівае “чатырохбор’е” змяшчала ў сабе валейбол, лёгкаатлетычны крос, настольны тэніс і дартс.
Пераможца павінен быў вызначыцца па найменшай суме месцаў. Зразумела, што пры гэткай сістэме перамагае не тая каманда, у якой сабраліся адны бегуны ці валейбалісты, а каманда універсалаў. І, натуральна, шмат залежала ад удачы, ад таго, наколькі шчаслівай для каманды будзе жараб’ёўка, бо алімпійская сістэма спаборніцтва на выбыванне прыводзіць да таго, што можна заняць сёмае месца, прайграўшы толькі аднойчы, ці наадварот — апынуцца ў прызёрах з двума “баранкамі”.
На прыёме — каманда музеяў. |
Прынамсі, праграма спартакіяды не абмяжоўвалася толькі гэтым. Тыя, хто хацеў, маглі паспрабаваць свае сілы ў гіравым спорце, міні-футболе і перацягванні каната.
Натуральна, алімпійскі прынцып “Галоўнае — не перамога, а ўдзел”, безумоўна, панаваў і на гэтых спаборніцтвах. Але не адзначыць пераможцаў азначала б недаацаніць прыкладзеныя імі высілкі. Першае месца (сума ачкоў-месцаў — 17) — у зборнай Мінскай вобласці, толькі два балы саступіла каманда горада Мінска, якая была другой, бронза — у гамяльчан, якія ва ўпартай барацьбе апярэдзілі на адзін бал ажно тры каманды (Віцебскай вобласці, Нацыянальнай бібліятэкі і Дэпартамента па кінематаграфіі).
Хочацца адзначыць тую незвычайную атмасферу, якая панавала на спартыўных пляцоўках: калі нівеліраваліся адрозненні паміж рэктарам і выкладчыкам, дырэктарам і спецыялістам — магія спорту аб’ядноўвала людзей, радніла іх. Каманды “хварэлі” адна за адну, не зважаючы на тое, што яшчэ некалькі хвілін таму былі канкурэнтамі. І гэта, напэўна, галоўнае, для чаго патрэбны падобныя спаборніцтвы. Спадзяёмся, што гэтае файнае мерапрыемства стане традыцыйным і з цягам часу будзе толькі ўзбагачацца новымі яркімі фарбамі.
Наш кар.
Фота аўтара