Аляксандр КОЛБЫШАЎ: “Выйсце для нашага кіно — у псіхалагізме”

№ 27 (947) 03.07.2010 - 09.07.2010 г

Сёмы па ліку Рэспубліканскі фестываль нацыянальных фільмаў, які праходзіў у Брэсце, не прынёс сенсацыі: Гран-пры атрымала сёлетняя стужка “Ваўкі”, а лепшым рэжысёрам ігравога кіно быў прызнаны аўтар карціны Аляксандр КОЛБЫШАЎ. Перавага “Ваўкоў” і Колбышава была відавочнай: за апошні час гэта самая яркая мастацкая работа, якая выйшла ў свет на Нацыянальнай студыі. Постаць самога рэжысёра таксама выклікае цікавасць і павагу. Шлях Аляксандра Колбышава ў вялікае кіно быў няпростым: войска, Афганістан, потым — тэатральнае вучылішча, сцэна Брэсцкага драмтэатра і толькі праз колькі гадоў — Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, рэжысёрскі курс класіка айчыннага кіно Віктара Турава... Дарэчы, у верасні, прыкладна ў тыя самыя дні, калі “Ваўкі” выйдуць на экраны беларускіх кінатэатраў, кінематаграфісту споўніцца пяцьдзесят гадоў. Іншыя творцы ў такім узросце падводзяць пэўныя вынікі — Колбышаў рыхтуецца да новых пастановак: у яго назапашана шмат энергіі, якая патрабуе выхаду.

/i/content/pi/cult/274/4281/13-1.jpg"Энергічны" - менавіта такі эпітэт трэба ўжываць у дачыненні да постаці Аляксандра Колбышава. Няўрымслівая энергія творчага чалавека заўсёды штурхае яго наперад, прымушае спрабаваць новыя метады і нават прафесіі. З шахцёра і кіроўцы дальнемагістральнага грузавіка ён ператварыўся ў вайскоўца, з вайскоўца - у акцёра. Паспяховая сямігадовая кар'ера на тэатральнай сцэне, галоўныя ролі не прымусілі спачываць на лаўрах. На першым Рэспубліканскім фестывалі беларускіх фільмаў у 1997 годзе яго дыпломная кароткаметражная стужка "Прага да жыцця" паводле апавядання Васілія Шукшына абыходзіць поўнаметражныя карціны мэтраў і атрымлівае найвышэйшую ўзнагароду! Паміж двума Гран-пры нацыянальнага фестывалю - гады пошуку, якія не сталі гадамі прастою. Выратавальнай незапатрабаванаму ў кіно для вялікага экрана творцы стала праца над тэлевізійнымі серыяламі. Апошніх у паслужным спісе Аляксандра Колбышава - некалькі, у тым ліку некаторыя часткі серыяла "Опера. Хроники убойного отдела". З галоўнай ролі ў стужцы калегі Андрэя Кудзіненкі пачалася акцёрская кар'ера ў кіно. Галоўных роляў больш не было, але нават некалькі хвілін прысутнасці акцёра Колбышава ў кадры дастаткова, каб зрабіць любую стужку больш цікавай.

Відавочнае імкненне Колбышава-рэжысёра да "экстрэмальнай", "мужчынскай" тэматыкі: пэўна, сказваецца вайсковае мінулае. Героі стужак Колбышава, як правіла, - заложнікі цяжкіх сітуацый... Дзякуючы гэтаму ягоныя фільмы атрымліваюць відавочнае экзістэнцыйнае адценне, іх лёгка параўнаць з творамі класікаў беларускай літаратуры, якія пісалі пра вайну. "Ваўкі" зняты па аповесці калегі Колбышава - рэжысёра Аляксандра Чакмянёва, - што была напісана яшчэ ў 1964 годзе, але пабачыла свет толькі ў 2003-м. Шмат рэжысёраў прымерваліся да яе экранізацыі, але сіл хапіла толькі ў Аляксандра Колбышава. Здымкі ішлі ўсяго 42 дні, потым быў працяглы мантажна-таніровачны перыяд, у выніку чаго атрымалася не чаканая рэтра-драма з сярэдзіны - канца 1940-х, а нешта куды больш глыбокае і актуальнае.

Сур'ёзная стужка для сур'ёзнага гледача

 - Галоўны герой карціны - сам Час, - кажа рэжысёр. - Перадаць адчуванне складанай пасляваеннай эпохі, эмоцыі яе жыхароў і было нашай галоўнай задачай. Але не трэба думаць, што "Ваўкі" - стужка цалкам гістарычная. На маю думку, галоўнае ў яе сюжэце - супрацьстаянне характараў, сутыкненне моцы фізічнай і моцы духоўнай. Канфлікт паміж персанажамі, абставінамі, жыццём - наогул галоўная ўмова любой мастацкай кінакарціны. Заўважце: у стужцы няма адзінага галоўнага героя, герой у нас - калектыўны.

 - Сучаснае кіно, у тым ліку беларускае, імкнецца найперш забаўляць гледача, у чым, зразумела, няма нічога кепскага. Тым не менш, "Ваўкі" - стужка прынцыпова сур'ёзная, выпускаць яе на экраны - пэўная рызыка і для студыі, і для рэжысёра...

 - Так, для нас было прынцыповым зрабіць сур'ёзную стужку для сур'ёзнага гледача з пэўным жыццёвым досведам, бо "Ваўкі" - гісторыя, напоўненая псіхалагізмам: яна апавядае пра людзей у так званай пагранічнай сітуацыі - паміж жыццём і смерцю. Галоўным у стужцы з'яўляецца менавіта сюжэт, а не знешнія эфекты, хоць і над імі мы добра папрацавалі: уся "карцінка" спецыяльным чынам апрацавана з дапамогай камп'ютэрнай праграмы і мае спецыфічныя адценні - як на старым фота.

"Ваўкі" для мяне сталі пэўным этапам, добрым спосабам адказаць на складаныя жыццёвыя пытанні, якія паўставалі цягам дзесяцігоддзяў. Цяпер у мяне - зусім іншы настрой і іншыя памкненні. Мяркую, што наступнай стужкай якраз можа стаць нешта больш забаўляльнае, жанравае - меладрама, напрыклад. Што да аўдыторыі фільма, то, згодны, ён мае менш шанцаў сабраць вялікія грошы ў кінатэатрах. "Масакра" ж, відаць, будзе больш цікавая для маладых гледачоў. Але, упэўнены, "Ваўкі" знойдуць вялікую тэлевізійную аўдыторыю: перамовы з самымі рэйтынгавымі тэлеканаламі на гэты конт ужо вядуцца.

 - Лічыцца, што сучаснае кіно амаль цалкам пабудавана на відовішчных спецэфектах...

- Безумоўна, так яно і ёсць. Толькі мяне як рэжысёра цікавіць не тэхніка (з яе дапамогай можна зрабіць што заўгодна), а "чыстае" кіно: драматургічныя, мантажныя прыёмы і хады, якія дазваляюць ствараць пэўнае напружанне, шматзначнасць у кадры, калі за звычайнымі рэплікамі герояў глядач адчувае нешта куды больш важкае. Толькі працуючы такім чынам рэжысёр можа праверыць свае творчыя магчымасці, бо "схавацца" за спецэфектамі і вялікім бюджэтам прасцей за ўсё. Для нашага кіно, што не мае вялікіх фінансавых рэсурсаў, такі шлях развіцця - адзіны магчымы спосаб. Сучасны глядач, якога амаль нельга здзівіць, - вельмі патрабавальны, поспех у яго будуць мець толькі самыя шчырыя, пранікнёныя стужкі. Я часта задаю сабе гэтае пытанне: як прывабіць гледача? - і адназначнага адказу на яго не ведаю. Выйсце, лічу, - у псіхалагізме.

Герой нашага кінематографа

- Як, на вашу думку, павінен выглядаць сучасны герой? Наогул, хто ён? Калі ў 90-я экран запаўнялі людзі дзеяння, якія дамагаліся поспеху любымі сродкамі, то сёння казаць пра нейкі пэўны вобраз не даводзіцца...

 - Пытанне - вельмі складанае. Па сутнасці, дакладнага адказу на яго ніхто і не ведае. Пошукі сучаснага героя вядуцца актыўна, але пакуль беспаспяхова. Тыя рэжысёры, якія знойдуць патрэбны вобраз, змогуць куды лягчэй абазначыць антыгероя: яго і выконваць лягчэй, і гледачам адмоўны персанаж запамінаецца лепш, бо рысы яго характару можна зрабіць больш выразнымі. Для мяне арыенцір у выбары галоўнага героя - толькі асабісты жыццёвы досвед. Як акцёру даводзіцца часта ўвасабляць менавіта адмоўных персанажаў, як, напрыклад, у тэлевізійнай стужцы Дзмітрыя Лася "Трамвай у Парыж". Аднак без барацьбы Дабра і Зла ні кіно, ні жыццё не абыходзяцца.

 Калі казаць пра 90-я, то тагачасныя кінагероі - зусім не ідэальныя. Згадайма таго ж знакамітага Данілу Багрова ў выкананні Сяргея Бадрова з дылогіі Аляксея Балабанава "Брат": персанаж - сімпатычны, але... Для мяне такое цалкам непрымальна.

- Каго хацелася б выканаць Колбышаву-акцёру, і ці ёсць верагоднасць вашага вяртання на сцэну?

- З усёй драматургіі мяне найбольш прываблівае творчасць Аляксандра Вампілава: гэта геніяльны аўтар, бо ягоныя героі існуюць у звычайных, "побытавых" абставінах, але перажываюць шэкспіраўскія жарсці. З усіх вампілаўскіх герояў мне больш за іншых імпануе Шаманаў з твора "Мінулым летам у Чулімску...". Але вяртацца ў тэатр я не планую: гэтая старонка майго жыцця даўно перагорнута. Да таго ж, кінематограф дазваляе мне самавыяўляцца куды яскравей. Зразумела, часцяком даводзіцца ісці на кампрамісы, здымаць абсалютна жанравае, тэлевізійнае кіно. Але і тут ёсць свае плюсы: праца з тэлеканаламі дысцыплінуе, прымушае вывучаць камерцыйны бок кіно, прадзюсерскую справу, лепш планаваць будучыя работы, уяўляць сабе, для якой аўдыторыі яны здымаюцца, на якога гледача разлічаны. На жаль, у беларускім кіно толькі пачынаюць сур'ёзна займацца апошнімі акалічнасцямі. Між тым, ад іх залежыць поспех любой стужкі.

- Крытыкі кажуць, што Аляксандр Вампілаў - унікальны драматург, з шэрагу тых, якія нараджаюцца раз на паўстагоддзя. На жаль, так званая сцэнарная праблема - адна з асноўных не толькі ў нас. У стылі паўнавартаснага аўтарскага кінематографа вы самастойна пішаце сцэнарыі да сваіх стужак. Ці можа гэта быць прыкладам для іншых рэжысёраў?

 - Драматургія - гэта тое, што прывяло мяне да мастацтва. Калі служыў у Афганістане, вельмі хацелася чытаць, а ніякіх кніг там не было. У вежы БМД, побач з тэхнічнай дакументацыяй, знайшоў томік драматургіі. З дзяцінства не любіў чытаць "па ролях", але тут выйсця не было - пачаў чытаць, уцягнуўся. Раптам тэкст абарваўся: апошнія старонкі выдраны. Колькі часу мне карцела даведацца, чым жа скончылася справа, але толькі па вяртанні выпадкова натрапіў на тую самую п'есу і дачытаў да канца. Гэта была "Нора" Генрыка Ібсена - геніяльная, я лічу, рэч. Той выпадак так абудзіў мае творчыя памкненні, што прымусіў не толькі заняцца літаратурнай творчасцю, пісаць сцэнарыі, але і ісці ў тэатр, а потым - у кіно. Дзякаваць Богу, маім майстрам стаў Віктар Цімафеевіч Тураў - чалавек, які заўсёды вельмі паважліва падыходзіў да драматургічнага матэрыялу. Аўтарскае кіно - менавіта самастойная праца рэжысёра над усімі этапамі стварэння карціны. Я заўсёды імкнуся да такой схемы, ахвяруючы акцёрскімі амбіцыямі, - ніводнага разу не зняўся ў сваім кіно. Месца рэжысёра - па гэты бок камеры; у кадры ж павінен быць толькі акцёр.

 Добрае кіно - толькі ад шчырага сэрца - Сучасны кінематограф і яго стваральнікі існуюць у вельмі жорсткіх рынкавых умовах. Часта даводзіцца займацца зусім не тым, чаго хочацца. Але кіно - такая справа, якой нельга прысвячаць усяго восем гадзін у суткі...

- Усё роўна хочацца здымаць нешта абсалютна аўтарскае, сваё, набалелае. Добрае кіно можна здымаць толькі для сябе, для душы. І не трэба баяцца, нібыта яго не зразумеюць, не прымуць. Калі тое, што ты робіш, падабаецца табе, то яно спадабаецца як мінімум тваёй сям'і, блізкаму колу сяброў, знаёмых. Глядач заўсёды знойдзецца! Менавіта з такім настроем належыць прыступаць да здымак. І трэба старацца пазбягаць "кампрамісаў". Калі я прадставіў праект "Ваўкі" расійскім прадзюсерам, яны прапанавалі зрабіць з яго серыял для тэлебачання, але я катэгарычна адмовіўся, бо гэтая гісторыя можа выглядаць найлепшым чынам толькі на вялікім экране ў сканцэнтраваным выглядзе. Я вельмі ўдзячны "Беларусьфільму", што атрымаў магчымасць працаваць дома і менавіта так, як хочацца.

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА