Санджа, ды не на банджа

№ 27 (947) 03.07.2010 - 09.07.2010 г

У жанры “ўсходняга фэнтэзі” Знаёмства з традыцыйнай культурай таго або іншага народа свету не заўсёды бывае набліжаным да сапраўдных вытокаў: здараецца, гледачу прапануюць ужо адаптаванае пад яго густ відовішча, заснаванае не столькі на фальклоры, колькі на яго разнастайных апрацоўках і стылізацыях. Іншая справа — канцэрт “Карэя, агучаная душа” ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, які меў не толькі мастацкае, але і папраўдзе навуковае начынне: нам было прапанавана аўтэнтычнае выкананне жанраў, унесеных UNESCO ў Cпіс нематэрыяльных культурных каштоўнасцей і нават названых шэдэўрам вуснай нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва.

/i/content/pi/cult/274/4277/12-3.jpgАрганізатарамі шыкоўнай прэзентацыі выступілі Пасольства Рэспублікі Карэя ў Рэспубліцы Беларусь, Кіраўніцтва культурнай спадчынай і Фонд абароны культурнай спадчыны Карэі, а таксама Міністэрства культуры нашай краіны. Госці зрабілі ўсё магчымае, каб гледачы не толькі атрымалі асалоду ад экзотыкі, але і заглыбіліся ў сутнасць прапанаваных ім фальклорных нумароў. У фае можна было атрымаць буклеты з падрабязнай інфармацыяй не толькі пра выканаўцаў, але і пра самі жанры, узоры якіх склалі праграму. Самыя значныя факты агучваліся і вядучай. Кожны вакальны нумар суправаджаўся тэкстам, які з'яўляўся на экране сінхронна выкананню.

Адкрыццяў нават для знаўцаў было- безліч! Гэта, вядома, разнастайныя народныя інструменты, сярод якіх ёсць папраўдзе унікальныя. Да прыкладу, тэгым - карэйская бамбукавая флейта, якую трымаюць не злева направа, як звычайную, а ў адваротны бок ды яшчэ і кладуць на плячо. Або хэгым, што чымсьці нагадвае вялізную перакуленую люльку, адкуль замест дыму ідуць чароўныя гукі, якія здабываюцца смыкам усяго на дзвюх струнах. Не менш цікавымі аказаліся і іншыя струнныя, у тым ліку аналагі цытры: на адных граюць пальцамі, быццам pizzicatto, на другіх - спецыяльнай палачкай, як своеасаблівым медыятарам, на трэціх - смыкам, што трымаюць, акурат як пілу. Пачулі мы і карэйскі "джаз" - імправ і з а в а н ы жанр санджа, дзе граюць на ўсіх гэтых і многіх іншых інструментах.

 А колькі адметнай пластыкі было ў кожным руху! Прычым не толькі ў танцораў, але і ў спевакоў, музыкантаў-інструменталістаў. Ды ўсё ж самае, бадай, вялікае ўражанне пакінулі самі жанры народнай і прафесійнай культуры.

Традыцыйная карэйская опера (пансоры) - гэта сапраўдны "тэатр аднаго спевака" ў суправаджэнні гэткага "барабаншчыка-аркестра". Літаральна паварот галавы - і ўсё: перад намі- іншы персанаж, які гаворыць і спявае сваім адметным тэмбрам, сваімі адметнымі інтанацыямі. Адзіны ўзмах веерам - і перад намі ўжо ўвогуле не мужчына, а жанчына. Фэнтэзі, дый толькі!

Не менш сінтэтычным па сваёй прыродзе аказаўся і танец будыйскіх манахаў (сынгму). Кожная дэталь у ім, як і ва ўсёй усходняй культуры, мае глыбокі філасофскі сэнс. Ад выканаўцы ж патрабуецца не толькі харэаграфічнае майстэрства, але і ўласна музычнае, бо завяршаецца танец мудрагелістым, поўным сімволікі рытмам барабанных палачак, які выконвае сам танцоўшчык - адначасова са скокамі.

 Асабіста я атрымала ва ўсім гэтым яшчэ і разгадку цяперашняга "карэйскага сіндрому": чаму карэйскія музыканты так упэўнена перамагаюць на ўсіх класічных еўрапейскіх і сусветных конкурсах. Не толькі з-за сваёй упартасці ў спасціжэнні еўрапейскай класікі, але і дзякуючы беражліваму захаванню нацыянальнай спадчыны. Бо пасля інтанацыйных і рэгістравых складанасцей такога прафесійнага вакальнага жанру, як кагок, ніякія адмысловыя тэхнікі еўрапейскага авангарда не страшныя!

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"