Фаер-шоу на фоне Шчытоўкі

№ 27 (947) 03.07.2010 - 09.07.2010 г

26 чэрвеня рух транспарту ў цэнтры Навагрудка быў перакрыты з самай раніцы. З гэтага моманту звыклы для горада ход падзей на пэўны час прыпыніўся. Замест машын па вуліцы Міцкевіча пад гукі дудаў павольна прасоўваліся мажныя коні з рыцарамі.

/i/content/pi/cult/274/4273/9-1.jpg/i/content/pi/cult/274/4273/9-2.jpgЭпіцэнтр святкавання 600годдзя Грунвальдскай бітвы на Беларусі наведалі міністр культуры краіны Павел Латушка, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра, кіраўнікі дыпламатычных місій Польшчы і Літвы. Як падкрэсліў у сваім прывітальным слове губернатар Гродзеншчыны, толькі супольнымі намаганнямі нашы народы здолелі спыніць ці не самае моцнае войска тагачаснага свету.

 У фэсце сярэднявечнай культуры ўзялі ўдзел калектывы з абедзвюх суседніх краін. А цэнтральнай постаццю яго адкрыцця, як і трэба было меркаваць, стаў Вітаўт - у бліскучым выкананні Мікалая Кірычэнкі.

Некаторыя пункты праг/i/content/pi/cult/274/4273/9-4.jpgрамы наўпрост, падавалася б, не адносіліся да Сярэднявечча, але агульны дух, які панаваў цягам двух дзён на вуліцах Навагрудка, мабыць, нагадаў бы кірмашовыя фэсты той пары - калі б камусьці з нас давялося на іх пабываць.

Своеасаблівы фармат рыцарскіх імпрэз усталяваны ўжо даволі даўно, прычым менавіта ў Навагрудку, адкуль, уласна, і пайшла на іх мода ў нашай краіне. Удзень - турніры і бугурты, увечары - "культурны адпачынак": музыка, танцы, фаер-шоу. Але гэтым разам насычаная праграма імпрэзы спантанна дапаўнялася ўсё новымі і новымі пунктамі. У яе ўключаліся дудары, мастакі, народныя ўмельцы, самадзейныя тэатральныя калектывы, вулічныя музыкі... Многія прыехалі ў Навагрудак, каб "паказаць сябе", без усялякіх афіцыйных запрашэнняў. І гэта - не толькі сведчанне папулярнасці фэсту, але і яго своеасаблівая творчая "аура". Балазе ўдзячнай аўдыторыі хапала для ўсіх. Хтосьці "хварэў за сваіх" (на жаль, безвынікова) пад час беларускага этапа Еўрапейскага кубка па гістарычным фехтаванні, а хтосьці ў гэты самы час каштаваў стравы па сярэднявечных рэцэптах "у выкананні" ўдзельніц аб'яднання "Vita Melita" са Стоўбцаў або глядзеў батлейкавы спектакль.

Гала-канцэрт, які скончыўся на цэнтральнай плошчы толькі апоўначы, сабраў даволі нязвыклы для падобных імпрэз спіс удзельнікаў. Такія калектывы, як "Палац", "Нагуаль", "Аляксандра & Канстанцін", аб'ядноўва/i/content/pi/cult/274/4273/9-5.jpgе не толькі прафесіяналізм і жывыя энергетыка выступленняў, але і імкненне да эксперыментаў, настоеных на музычных традыцыях. На жаль, такая музыка гучыць на плошчах не так і часта, хаця ў прасторы, аточанай мноствам гістарычных будынкаў, яна ўспрымалася цалкам арганічна. Амаль кожны выканаўца здолеў узяць той складаны бастыён, які называецца "масавая публіка".

Зразумела, што кірмаш прадугледжвае не толькі культурную, але і эканамічную частку. Многія б е л а р у с к і я п р а д п р ы е м с т в ы скарысталі гэтую падзею для продажу або рэкламы сваёй прадукцыі - ад валёнак да інтэрактыўнага тэлебачання. Але, на жаль, галоўная сцэна фэсту, аздобленая паводле густоўнага эскіза Веніяміна Маршака, не была ўпрыгожана лагатыпамі спонсараў. З прычыны іх адсутнасці.

Напэўна, менавіта гэтай акалічнасцю быў абумоўлены эксперымент Навагрудскага райвыканкама: паспрабаваць вярнуць хаця б частку патрачаных на фэст грошай праз продаж білетаў - па рэальных, а не сімвалічных цэнах. Аднак большасць наведвальнікаў, прызвычаеныя да "бясплатнага фармату" падобных святаў, абіралі не імпрэзы на Замкавай гары, а іншыя пункты праграмы.

 Хаця руіны Шчытоўкі- самы лепшы антураж для гістарычнай дзеі, які толькі можна ўявіць. "Пасланцы Сярэднявечча" з Літвы па некалькі разоў на дзень выдавалі на Замкавай гары дыхтоўную праграму з такімі неад'емнымі для "рыцарскай" тэматыкі складнікамі, як пастановачны турнір і імправізаваны майстар-клас па танцах. Добра вядомы сярод аматараў сярэднявечных танцаў усёй Еўропы польскі прыдворны балет "Cracovia Danza" паказаў прэм'еру новага спектакля менавіта ў Навагрудку.

Але хто "запаліў" па-сапраўднаму (прычым ва ўсіх сэнсах слова), дык гэ/i/content/pi/cult/274/4273/9-6.jpgта мінскі тэатр "Elemental": перад вачыма агаломшаных гледачоў на фоне мажнай вежы паўставалі дзівосныя канструкцыі, зробленыя... з агню. "Элементал" давёў усім, што фаер-шоу патрабуе не толькі тэхнічных навыкаў жангліравання, але і эстэтычнага густу. Нават традыцыйны для ўсіх святаў феерверк, які распачаўся адразу пасля выступлення тэатра, выглядаў на яго фоне не так ярка, як звычайна.

Рыцарскія двубоі пад час турніраў вікінгаў, маладых байцоў і вершнікаў былі насычаны сапраўднымі, а не тэатральнымі эмоцыямі. Адметна, што яны суправаджаліся каментарыямі вядучага, які праводзіў ненавязлівы "лікбез", датычны не толькі вагі даспехаў і даўжыні мячоў, але і беларускай гісторыі. Зразумела, што інфармацыя ў такой форме засвойваецца куды лепей, чым, скажам, на школьным уроку. Дарэчы, правільны адказ на звернутае да публікі пытанне пра дату "нараджэння" Навагрудка прагучаў дружным хорам!

Менавіта такога густоўнага вербальнага суправаджэння моцна не ставала пад час адной з цэнтральных падзей фэсту, заяўленай у праграме як інсцэніроўка Грунвальдскай бітвы. У выніку "паспалітыя гледачы", якія запоўнілі ўсю прастору паабапал замкавага рову, не заўсёды разумелі, што ж адбываецца.

Інcцэніраваць бітву з удзелам амаль пяцідзесяці тысяч ваяроў і працягласцю ў шэсць гадзін бюджэт фэсту пакуль не дазволіў - д/i/content/pi/cult/274/4273/9-7.jpgы і ці трэба? Аднак наяўныя паказчыкі - добра, калі сотня рыцараў і працягласць меней за паўгадзіны - падаюцца ўсё ж не надта пераканаўчымі. Тым болей, дзеі бракавала не толькі маштабнасці, але таксама і рэжысуры з драматургіяй.

 У той самы час, цэнтральнай навагрудскай плошчай "дырыжыраваў" Міхаіл Фінберг. І гэта не перабольшванне: здавалася, нібы стрыманыя, дакладныя рухі пальцаў маэстра мелі ўладу не толькі над аркестрам, але і над гледачамі. Трохгадзінная праграма Нацыянальнага аркестра, якая ўключала лепшыя песенныя здабыткі Беларусі, паяднала ў адзіным душэўным парыве і музыкантаў і іх шматлікую аўдыторыю.

 ...Фэст сярэднявечнай культуры, што дзесяць гадоў таму стаў плёнам аб'яднаных высілкаў купкі энтузіястаў - як з Навагрудскага райвыканкама, так і з рыцарскіх клубаў, - сёння сцвярджае свой статус іміджавай падзеі для ўсёй краіны. У якасці доказу гэтай высновы можна прывесці толькі адзін факт. Па словах начальніка аддзела ідэалагічнай работы Навагрудскага райвыканкама Аляксандра Гундара, на мерапрыемстве былі акрэдытаваны болей за сорак СМІ, у тым ліку і замежныя.

Юрый ІВАНОЎ (фота),

 нашы спецкарэспандэнты Мінск - Навагрудак - Мінск