Стратэгія лучнасці з Бацькаўшчынай

№ 27 (947) 03.07.2010 - 09.07.2010 г

Сустрэча ў Мінску як каардынаты для беларусаў замежжа Адной з самых доўгачаканых падзей для беларускай супольнасці замежжа стала стварэнне Кансультатыўнага савета, першае пасяджэнне якога адбылося 25 чэрвеня ў сценах Нацыянальнай бібліятэкі краіны. Доўгі час для нашых суайчыннікаў, што воляй лёсу былі раскіданы па многіх краінах свету, ці не адзінай магчымасцю сабрацца разам і абмеркаваць існуючыя праблемы, намеціць шляхі іх супольнага вырашэння з’яўляліся З’езды беларусаў свету, якія з 1993 года прайшлі пяць разоў.

/i/content/pi/cult/274/4268/6-1.jpg Не выпадкова - з мэтай паляпшэння каардынацыі сувязей і аказання дапамогі з боку дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь грамадскім арганізацыям беларусаў замежжа - на леташнім форуме з'явілася задума стварыць Кансультатыўны савет па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры краіны. Старшынёй Савета стаў міністр культуры Павел Латушка, які адкрыў першае яго пасяджэнне. У працы прадстаўнічага форуму прынялі ўдзел Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка - ён з'яўляецца намеснікам старшыні Савета, - прадстаўнікі міністэрстваў адукацыі, інфармацыі і замежных спраў Беларусі, іншых дзяржаўных устаноў і грамадскіх арганізацый.

Пра тое, што стварэнне Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа наспела даўно, можна было пераканацца па надзвычай жывым, а часам і гарачым, абмеркаванні Палажэння аб гэтай структуры. Яно адбывалася яшчэ перад пачаткам пасяджэння паміж яго ўдзельнікамі: кіраўнікамі беларускіх аб'яднанняў Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Украіны і Эстоніі - актыўнымі дзеячамі 20 грамадскіх арганізацый замежжа.

 Пра што ж гаварылі ў Авальнай зале Нацыянальнай бібліятэкі і якія надзённыя пытанні ўзнімаліся нашымі суайчыннікамі з-за мяжы?

Захаванне, умацаванне, развіццё

У сваім выступленні міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка адзначыў, што Міністэрства гатова да супрацоўніцтва як з грамадскімі арганізацыямі нашых землякоў у іншых краінах, так і з канкрэтнымі асобамі ў справах папулярызацыі айчыннай культуры, яе шырокага прадстаўлення за мяжой. "Мы разглядаем дзеячаў беларускага замежжа як партнёраў па прэзентацыі нашай культуры ў краінах пражывання. І будзем удзячныя за падтрымку, садзейнічанне і нават інфармаванне пра міжнародныя і нацыянальныя культурныя мерапрыемствы", - падкрэсліў міністр.

Павел Латушка працытаваў на пасяджэнні выказванне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі: "Лічу, што павінны з'яднацца ўсе беларусы: не толькі тыя, хто жыве на Радзіме, але і тыя, хто з розных прычын апынуўся за мяжой. Беларуская дыяспара павінна адчуваць сваю датычнасць да падзей, што адбываюцца ў краіне, але і мы мусім праявіць свой клопат аб суайчынніках, якія апынуліся за мяжой..."

Міністр падзякаваў беларусам замежжа за тыя намаганні, што робяцца ў справе зберажэння за межамі Бацькаўшчыны сувязей са сваімі каранямі, захоўвання глыбінных традыцый беларускай культуры, і, у той жа час, акрэсліў сваё бачанне новай структуры. "Важна, што мы разумеем і маем перад сабой агульныя і надзвычай адказныя мэты: захаванне, умацаванне і далейшае развіццё беларускай нацыі, культуры і мовы. Гэтыя мэты і задачы павінны стаць асноўнымі для Кансультатыўнага савета", - падкрэсліў Павел Латушка.

Міністр выказаў спадзяванне, што Савет не будзе абмежаваны як па колькасці, так і па геаграфіі ўдзельнікаў, а абмеркаванае і прынятае Палажэнне аб Кансультатыўным савеце стане тым нарматыўным дакументам, які акрэсліць далейшыя шляхі ўзаемадзеяння.

Сярод задач Савета, у прыватнасці, вылучаюцца аказанне суайчыннікам практычнай дапамогі ў захаванні і развіцці нацыянальна-культурнай самабытнасці, заахвочванне беларусаў замежжа да ўдзелу ў рэалізацыі сацыяльна-эканамічных, грамадска-культурных і іншых праграм, што праводзяцца Рэспублікай Беларусь, да супрацоўніцтва ў сферы турызму, арганізацыя культурнага абмену, падтрымка інфармацыйных сувязей. У прыватнасці, запланавана забеспячэнне на базе беларускіх аб'яднанняў у іншых краінах правядзенне выставак-прэзентацый і мерапрыемстваў па папулярызацыі турыстычных магчымасцей нашай дзяржавы.

На думку Паўла Латушкі, міждзяржаўныя кантакты даюць дадатковыя магчымасці ў арганізацыі разнастайных культурных праектаў беларускім арганізацыям замежжа; у тым ліку імі могуць актыўна выкарыстоўвацца тыя напрацоўкі ў міжкультурным супрацоўніцтве, якія дасягнуты Міністэрствам культуры ўжо з 30 краінамі свету. Дзякуючы гэтаму, толькі за апошнія два гады Дні культуры праводзіліся дзевяць разоў у васьмі краінах.

Форум прадэманструе патэнцыял

Не менш важнай часткай пасяджэння стала і прэзентацыя дасягненняў беларусаў замежжа на Бацькаўшчыне. Як адзначыў старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы Ян Сычэўскі, для іх музычных калектываў і асобных творцаў надзвычай неабходным з'яўляецца паказ сваіх дасягненняў перад публікай і найперш- кантакт з этнічнай Радзімай. А таму Першы Фестываль мастацтваў беларусаў свету, які, па ініцыятыве Міністэрства культуры і апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, плануецца правесці ў Беларусі ў 2011 годзе, можа стаць выдатнай магчымасцю сабраць і прадэманстраваць творчы патэнцыял нашых суайчыннікаў, што пражываюць за мяжой.

Па словах намесніка міністра культуры Тадэуша Стружэцкага, плануецца, што канцэрты будуць праходзіць на пляцоўках розных гарадоў Беларусі, а заключныя выступленні- на зорных сцэнах Мінска, у тым ліку Беларускай дзяржаўнай філармоніі і Палаца Рэспублікі. Але калі пытанне з часам правядзення ўжо практычна вырашана (хутчэй за ўсё, мерапрыемствы адбудуцца ў 2011-м напрыканцы чэрвеня - напярэдадні Дня Незалежнасці), дык схема вылучэння ўдзельнікаў Фестывалю выклікала вострую дыскусію сярод кіраўнікоў беларускіх аб'яднанняў. У выніку было прынята рашэнне прымаць заяўкі ад усіх арганізацый, якія пасля дэталёва прааналізуюць, і выберуць найлепшых выканаўцаў. Дарэчы, маштабны творчы форум не абмяжуецца толькі выступленнем песенных і танцавальных калектываў. У прыватнасці, існуюць ідэі правядзення жывапісных і фотавыставак у Нацыянальных мастацкім і гістарычным музеях. Цягам трох - пяці фестывальных дзён таксама адбудуцца і літаратурныя вечарыны, майстар-класы для студэнтаў у вышэйшых навучальных установах. Чакаецца, што на першы форум, які прапанавана праводзіць раз у два гады, прыедзе не менш за 300 удзельнікаў з розных краін свету.

 Закон і яго плён

Паспрыяць узняццю беларускага духу ў прадстаўнікоў беларускай дыяспары можа Закон Рэспублікі Беларусь "Аб суайчынніках, што пражываюць за мяжой". Аб падрыхтоўцы яго праекта распавёў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка.

Старшыня Галоўнага праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы Ян Сычэўскі ў сувязі з гэтым адзначыў, што ўлады Рэспублікі Беларусь заўсёды праяўлялі высокую зацікаўленасць да суайчыннікаў замежжа: "Гэтая ініцыятыва з'яўляецца пацвярджэннем далейшага цеснага супрацоўніцтва паміж Радзімай і дыяспарай. Пры гэтым створаны Савет дазволіць даведацца пра працу і праблемы суполак, арганізацый беларусаў замежжа, іх патрэбы, неабходныя для жыццядзеяння культуры, захавання народнай спадчыны. Спадзяюся, мы будзем рухацца ў правільным і плённым для ўсіх напрамку".

 Ці не ў кожнага прадстаўніка дыяспары ёсць разнастайныя пытанні, клопаты, звязаныя, найперш, з захаваннем сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці ў свеце. Іх, на думку старшыні Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Расіі" Валерыя Казакова, таксама дапаможа вырашыць названы заканадаўчы акт. У якасці прыкладу ён прывёў такі факт: калі яшчэ колькі гадоў таму ў Расіі афіцыйна прызнавалі сябе беларусамі 1 мільён 200 тысяч чалавек, то цяпер такіх засталося толькі 816 тысяч. "Відавочна, гэты працэс асіміляцыі агульнымі намаганнямі мы павінны ўнармаваць", - падкрэсліў Валерый Казакоў. Адным з эфектыўных сродкаў для дасягнення падобнай мэты ён вылучыў стварэнне беларускіх школ, факультатываў па вывучэнні нашай роднай мовы і культуры ў розных рэгіёнах Расіі. У прыватнасці, ужо ёсць дамоўленасць з губернатарам Мінскай вобласці Барысам Батурам і кіраўніком Паўднёва-Заходняй акругі Масквы аб адкрыцці ў сталіцы Расіі першай беларускай школы. Да таго ж, на апошнім З'ездзе арганізацыі была пастаўлена задача стварыць у Маскве Незалежны беларускі інстытут - навукова-метадычную ўстанову, якая з цягам часу можа стаць і навучальнай.

 Перакананы, што створаны Савет прынясе рэальны плён, і старшыня Згуртавання беларускіх грамадскіх арганізацый у Літве Раман Вайніцкі. Па яго словах, надзвычай актуальнай сёння з'яўляецца праблема квот для паступлення ў ВНУ сістэмы Міністэрства культуры. "Мы ў Вільнюсе хочам адрадзіць беларускі музей. Для гэтага нам патрэбны шэраг спецыялістаў, якія выдатна ведаюць бібліятэчную і музейную справы. Увогуле, вельмі хацелася б, каб Кансультатыўны савет быў месцам, дзе мы маглі б адкрыта выказваць і абмяркоўваць свае праблемы", - распавёў прадстаўнік беларускай дыяспары Літвы. Дарэчы, запатрабаваны не толькі згаданыя спецыялісты, але і выкладчыкі па ігры на нацыянальных інструментах. Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь запланавана, у прыватнасці, наладзіць сістэмныя майстар-класы для суайчыннікаў.

Але калі сітуацыя з паступленнем у нашы ВНУ ў суайчыннікаў з Літвы, Латвіі і Польшчы (яны штогадова маюць вызначаную квоту месцаў на бюджэтную форму навучання: 20, 10 і 40 адпаведна) вырашаецца станоўча, дык беларусы Малдовы працяглы час не маюць магчымасці навучацца на гістарычнай радзіме. Гэта адзначыла старшыня Таварыства беларускай культуры горада Бендэры Ганна Лапацьева. У той жа час, па яе словах, малдаўская дыяспара адчувае падтрымку з боку Радзімы, актыўна супрацоўнічае не толькі ў культурнай, але і ў эканамічнай сферах, дзякуючы чаму вырашае злабадзённае пытанне з фінансаваннем і рэалізуе разнастайныя праекты, у тым ліку сацыяльныя, у прыватнасці, дапамагае суайчыннікам сталага ўзросту ў лячэнні.

Цікавы праект падрыхтаваны і ў Саюзе грамадскiх аб'яднанняў беларусаў Латвii. Як паведаміла ў размове з карэспандэнтам "К" яго старшыня Валянцiна Пiскунова, у кастрычніку гэтага года плануецца выдаць беларуска-латышскі слоўнік і зладзіць яго прэзентацыю. Пры гэтым, ужо заключана пагадненне з Інстытутам мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

***

 Першае пасяджэнне Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа засведчыла, па-першае, пільную неабходнасць у такой структуры для нашых землякоў у іншых краінах. А па-другое, паказала клопат на высокім дзяржаўным узроўні пра суайчыннікаў, што ўсе мы - беларусы.

 Рэалізацыі ініцыятыў Кансультатыўнага савета паспрыяе шэраг праектаў Міністэрства культуры. У прыватнасці, у бліжэйшы час плануецца стварэнне пяці культурных цэнтраў за мяжой, якія стануць тымі месцамі, дзе нашы суайчыннікі змогуць знайсці падтрымку і дапамогу.

Наступным разам сустрэча беларускай дыяспары з грамадскімі і дзяржаўнымі ўстановамі ў такім жа прадстаўнічым фармаце мусіць адбыцца праз год- хутчэй за ўсё, якраз у межах Фестывалю. За гэты час запланавана вырашыць найбольш актуальныя праблемы, адзначаныя ўдзельнікамі першага пасяджэння Кансультатыўнага савета. А сёлета ўдзельнікаў форуму чакала шырокая культурная праграма: экскурсія па Нацыянальнай бібліятэцы, наведванне Нацыянальнага мастацкага музея і Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Таксама беларусы замежжа змаглі пабачыць адну з перлін нашай архітэктуры- велічны Мірскі замак - ды паўдзельнічаць у святочных мерапрыемствах у Навагрудку, прысвечаных 600-годдзю Грунвальдскай бітвы. І ўражанні, якія нашы суайчыннікі забралі з сабой і якімі падзеляцца з прадстаўнікамі сваіх нацыянальных суполак, стануць найлепшым прызнаннем у любові да Радзімы і піарам нашай сістэмы працы з землякамі ў свеце. А яшчэ - зарукай поспеху распачатай 25 чэрвеня ў Мінску справы. Справы яднання і адзінства беларусаў.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"