“Справа важная і карысная”

№ 27 (947) 03.07.2010 - 09.07.2010 г

Як вядома, у крыпце сталічнага храма Усіх Святых будуць пахаваны астанкі воінаў, якія загінулі ў 1812-м, а таксама ў гады Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў. Антрапалагічную і археалагічную экспертызу праводзілі ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.

/i/content/pi/cult/274/4264/5-4.jpg/i/content/pi/cult/274/4264/5-1.jpg- Тое, што ствараецца такое месца, дзе будуць пахаваны астанкі ўдзельнікаў войнаў 1812 года, Першай суветнай і Вялікай Айчыннай, - гэта вельмі важна, - мяркуе намеснік дырэктара Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вячаслаў Даніловіч.- Бо гэта - памяць пра тыя войны, што прайшлі па тэрыторыі нашай краіны. Заслуга нашых супрацоўнікаў у гэтай справе - немалая, паколькі без навуковай экспертызы немагчыма дакладна ідэнтыфікаваць, калі было зроблена пахаванне.

Супрацоўнікі аддзела ваеннай гісторыі і старшы навуковы супрацоўнік Інстытута, кандыдат гістарычных навук Шаміль Бекцінееў кансультавалі беларускіх вайскоўцаў з пошукавай брыгады наконт таго, дзе могуць знаходзіцца месцы пахавання воінаў. А антрапалагічную экспертызу астанкаў зрабілі ў аддзеле антрапалогіі і экалогіі Інстытута гісторыі. Як распавёў "К" малодшы навуковы супрацоўнік апошняга Мікалай Памазанаў, усяго даследаваліся астанкі з чатырох месцаў раскопак у розных абласцях Беларусі. Праводзіла экспертызу доктар біялагічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела антрапалогіі і экалогіі Інеса Салівон. Дзякуючы даследаванню ўдалося ўстанавіць, што пахаванні ўдзельнікаў вайны 1812 года знаходзяцца ў вёсках Астроўна і Бузуны Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці, Першай сусветнай - у вёсцы Рацічы, што на Гродзеншчыне, а ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны - у вёсцы Удалеўка Лоеўскага раёна Гомельскай вобласці.