Ганаровая варта і бронетэхніка

№ 27 (947) 03.07.2010 - 09.07.2010 г

30 чэрвеня “К” звязалася па тэлефоне з камендантам Мінскай ваеннай камендатуры палкоўнікам Анатолем Грыцавым. Ён паведаміў, што менавіта ў гэты час пад Віцебскам, у раёне Гродна і ў Лоеве адбываецца цырымонія ўрачыстай перавозкі ў сталіцу астанкаў невядомых воінаў, што загінулі пад час напалеонаўскай, Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў.

/i/content/pi/cult/274/4263/4-5.jpgПа словах Анатоля Грыцава, рота ганаровай варты Мінскай ваеннай камендатуры Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь была разбіта дзеля гэтага на тры падраздзяленні. Палкоўнік Грыцаў асабіста прысутнічаў на цырымоніі ў Лоеве. Для перавозкі саркафагаў выкарыстана бронетэхніка. Удзел у мерапрыемствах, што адбыліся ў трох абласцях Беларусі адначасова, бралі, натуральна, падраздзяленні і парадныя разлікі мясцовых вайсковых гасцей.

Не менш маштабным стаў удзел вайскоўцаў і ў цырымоніі пахавання астанкаў вечарам 2 ліпеня ў сталічным храме Усіх Святых. Ва ўрачыстасцях было задзейнічана прыкладна 1300 вайскоўцаў, у тым ліку, безумоўна, і рота ганаровай варты Мінскай ваеннай камендатуры.