Магдэбургскае права для вольнага Мсціслава

№ 22 (788) 02.06.2007 - 08.06.2007 г

Мсціслаў уваходзіў у лік стратэгічна важных гарадоў Вялікага княства Літоўскага. З першай трэці XVI ст. ён стаў дзяржаўным уладаннем на чале са старастам, са сваёй сістэмай самакіравання.

У 1634 г. мсіслаўскія мяшчане ініцыявалі працэс надання свайму гораду магдэбургскага права.
Першым іх крокам было заключэнне грамадскай дамовы з мсціслаўскім старастам Юзефам Корсакам аб адмове з яго боку ад улады над горадам. Пасля гараджане разам са старастам звярнуліся праз Паноў-Раду да караля польскага і вялікага князя літоўскага Уладзіслава Вазы з просьбай аб наданні Мсціславу магдэбургскага права.
 /i/content/pi/cult/120/426/Mscislau.jpg
 Уладзіслаў Ваза
16 верасня 1634 г. Уладзіслаў Ваза
“места Мсціслаўскае з юрысдыкцыі замкавай выняўшы.., права нямецкае, то есць магдэбургскае” даў. Пры гэтым кароль, па-першае, улічыў разарэнне мяшчан, якое яны пацярпелі падчас ваенных дзеянняў першай трэці XVII ст. паміж Рэччу Паспалітай і Расійскай дзяржавай, мужна і аддана баронячы свой горад. Па-другое, уладар жадаў паказаць сваю “ласку” гораду, кааб той развіваўся і багацеў.
Атрымаўшы магдэбургскае права, Мсціслаў ператварыўся ў самастойную адміністратыўную адзінку. Уся ўлада перайшла да органаў гарадскога самакіравання. Як сведчыць дакумент, мяшчане павінны былі судзіцца як “у справах крывавых (крымінальных — А.Д.), паточных, так і ў вячыстых, малых і вялікіх, і ва ўсякіх іншых справах і выпадках толькі ў сваім належным судзе права магдэбургскага”. “Усякі новы мешчанін, прымаючы аседласць і гарадское права ў горадзе, спачатку ў ратушы прысягу” павінен быў прыняць, “а па прысязе мушкет на публічную абарону да ратушы” даць.
Прывілей 1634 г. уводзіў у Мсціславе інстытут магдэбургскага войтаўства. На пасаду войта прызначаў кароль, прычым пажыццёва. Войт старшыняваў на пасяджэннях магістрата, асабліва ў час судовых сесій, і кантраляваў дзейнасць гарадскіх улад. Ён прымаў прысягу перад жыхарамі горада аб належным выкананні сваіх абавязкаў.
Улічыўшы, што мсціслаўскі стараста Юзеф Корсак добраахвотна склаў з сябе паўнамоцтвы “і дазволіў гораду… старацца аб магдэбургскім праве”, Уладзіслаў Ваза гэтым жа прывілеем 1634 г. надаў яму першае мсціслаўскае магдэбургскае войтаўства.
Калі войт не меў магчымасці прысутнічаць на пасяджэнні магістрата, ён прызначаў замест сябе ландвойта — “асобу шляхецкага ці мяшчанскага стану”. Ландвойт таксама павінен быў прынесці прысягу.
Да другой трэці XVII ст. у ВКЛ склалася арганізацыя працы гарадскіх улад, найперш суда, па дзвюх схемах: супольныя пасяджэнні войта, бурмістраў, радцаў, лаўнікаў і асобныя пасяджэнні войта з лаўнікамі і бурмістраў з радцамі. Прывілей 1634 г. даў права выбару схемы працы гарадскіх улад самім мсціслаўцам. Аднак незалежна ад рашэння гараджан найбольш важныя пытанні павінны былі вырашацца на агульных пасяджэннях войта “разам з бурмістрамі, гарадской радай па апісанні магдэбургскага права”. Прывілей прадугледжваў наяўнасць у Мсціславе двух бурмістраў, трох радцаў і чатырох лаўнікаў “як з рэлігіі рымскай каталіцкай, так і рускай (праваслаўнай)”. Па прыкладзе звычаю, які ўзнік у Магілёве, мяшчане мусілі выбіраць са свайго асяродка 24-х прысяжных, якія б кантралявалі дзейнасць магістрата, і са свайго складу выбіралі 4-х бурмістраў, 6 радцаў і 8 лаўнікаў, палова якіх займала свае пасады на працягу аднаго года, другая палова — у наступны год, і так кіравалі горадам папераменна. Такім чынам, “радзецкія асобы”, як называе іх прывілей, маглі займаць свае пасады па чарзе фактычна пажыццёва.
Штогод магістрат даваў справаздачу. І калі мяшчане былі не задаволены працай якога-небудзь яго прадстаўніка, дык мелі права адазваць яго, пазбавіць даверу.
Прывілей вызначаў, што апеляцыі на рашэнні гарадскіх судоў — ці агульнага (супольнага) суда, ці войтаўскага і радзецкага — павінны паступаць у суд караля і вялікага князя. Суды Мсціслава павінны былі кіравацца судовай уставай (вількерам) сталіцы ВКЛ — Вільні. З даходу ад судовых выплат (віны) войту ішла адна трэць, а “гарадской радзе” — дзве трэці.
Уладзіслаў Ваза надаў Мсціславу “герб, альбо пячаць: меч з шчытом па навершу”, які быў намаляваны ў арыгінале прывілея. Пячаць знаходзілася ў гарадскога пісара, якога таксама выбіралі мяшчане.
Прывілей вызваляў мсціслаўцаў ад большасці павіннасцей, паслуг і падаткаў на карысць мсціслаўскага старасты і замка. Але старасту ішла плата за карыстанне гарадской зямлёй (“чынш з валок, моргаў, прэнтаў, пляцаў, агародаў і засценкаў”). Аднак жа землі, на якіх мсціслаўцы здаўна пасвілі сваю жывёлу, былі ў бясплатным карыстанні. Акрамя таго, мяшчане мусілі аддаваць старасту паўтары тысячы польскіх злотых за арэнду “напояў: гарэлкі, мёду, піва, віна”. Пры гэтым падкрэслівалася, што шляхта і духавенства, якія жылі ў горадзе і ў прадмесцях, не мелі права гандляваць у сваіх дамах алкагольнымі напоямі.
Такія падаткі, як “рогавае, воднае, тарговае ад усякіх людзей, купцоў і гасцей прыезджых; грудзіны і лой ад рэзнікаў” адлічваліся паводле каралеўскага прывілея ў гарадскі бюджэт. Прычым усе падаткі збіралі самі мяшчане. Стараста прымаў выплаты ў замку раз на год, у дзень святога Марціна, а дзяржаўныя падаткі аддаваліся павятовым зборшчыкам (паборцам).
Улічваючы важнае стратэгічнае і абарончае значэнне Мсціслава, за гараджанамі заставаўся абавязак рамантаваць частку замка і “свае горадні”. Але затое яны атрымлівалі права ў гэтай частцы замка “сваё схаванне часу патрэбы мець”. Акрамя таго, мсціслаўцы “вялікі мост на рацэ Віхры павінны рабіць: мяшчане — свае ізбіцы, а шляхта — свае. Астрог тожа ад вежы Хослаўскай да вежы Спаскай павінны рабіць мяшчане мсціслаўцы пад час небяспекі для абароны”. Прывілеем асабліва падкрэслівалася, што мсціслаўцы вызваляюцца ад выдзялення падвод на дзяржаўныя патрэбы і патрэбы старасты. У выпадку дзяржаўнай неабходнасці мяшчане абавязаны былі ўсё ж такі даваць падводы, але толькі па спецыяльным лісце-распараджэнні манарха і за плату.
 /i/content/pi/cult/120/426/Mscislau2.jpg

 Старадаўні Мсціслаў


Прывілей перадаваў пад уладу горада крамы і каморы для захоўвання рэчаў і тавараў, пастрыгальню, гарадскую лазню. Гасцінны дом і да 1634 г. знаходзіўся ў руках мяшчан, Уладзіслаў Ваза толькі пацвердзіў гэтае іх права, як і ўсе іншыя правы, што склаліся да надання магдэбургскага права. Горад павінен быў “шпітальны дом для ўбогіх пабудаваць”, і на яго павінна было ісці па адным бервяне з кожнага воза, які прывозілі ў Мсціслаў на продаж. Мяшчане абавязваліся “па гарадскіх вуліцах... дарогі масціць і рамантаваць”. Мсціслаўцам дазвалялася пабудаваць ратушу “па сваёй заможнасці”, але абавязкова з гадзіннікам.
Пад выкананне гарадскіх павіннасцей падпадала таксама шляхта, якая мела зямлю і дамы ў межах дзеяння магдэбургскага права, і ўсе рамеснікі і гандляры, якія знаходзіліся пад юрысдыкцыяй гэтай шляхты або духавенства. Вызваліць ад гарадскіх павіннасцей мог толькі манарх сваім лістом.У 1644 г. жыхары Мсціслава звярнуліся да караля з просьбай пацвердзіць ім прывілей 1634 г., а пацвердзіўшы, “адносна некаторых яго пунктаў зрабіць меліярацыю і дэкларацыю”, г. зн. удасканаліць і ўдакладніць пэўныя палажэнні. Уладзіслаў Ваза задаволіў іх просьбу 4 лістапада 1644 г. Удакладненні сталі асноўным зместам новага прывілея.
У прыватнасці, новы прывілей вызначыў, што гарадскія суды не павінны адбывацца “ў іншыя дні, а толькі ў сераду і суботу”. Выключэнне рабілася для крымінальных спраў, злачынстваў, раскрытых па “гарачым учынку”, і спраў, якія датычыліся прыезджых людзей. Мсціслаўскаму войту і ландвойту прадпісвалася ўсе справы разглядаць і судзіць толькі разам з магістратам у ратушы. Гарадскі ўрад Мсціслава павінен быў пры зборы судовых пабораў і іншых даходаў, пры ўсталяванні іншых норм гарадскога жыцця кіравацца вількерам (уставай) Оршы.
Прывілей 1644 г., як і 1634 г., закранаў многія пытанні эканамічнага жыцця горада. Па просьбе мсціслаўскіх мяшчан Уладзіслаў Ваза дазволіў ім штогод мець мядовыя склады і рассычаць пэўную колькасць мёду без уплаты капшчызны — асноўнага дзяржаўнага падатку з продажы алкагольных напояў. Яшчэ ў гарадскі бюджэт перадаваліся паўтары тысячы польскіх злотых, якія з 1634 г. горад плаціў мсціслаўскаму старасту за арэнду корчмаў. Прычым прывілей 1644 г. уключыў у гэтую суму і іншыя падаткі. Відаць, арэнда корчмаў не давала такіх прыбыткаў, якія б дазвалялі аддаваць старасту адзначаную суму грошай.
Прывілей 1644 г. катэгарычна прадпісваў прыезджым купцам спыняцца толькі ў гарадскім гасцінным двары і гандляваць толькі оптам і толькі з купцамі і мяшчанамі Мсціслава пад пагрозай канфіскацыі тавараў. А паколькі навакольнае насельніцтва мела звычку “мяса, соль, селядзец, саленную і вэнджаную рыбу” прадаваць па сёлах і мястэчках, не заязджаючы ў Мсціслаў, гарадскім уладам прадпісвалася такія дзеянні забараняць. Улічваючы, што прывілей 1634 г. дазваляў яўрэям гандляваць у Мсціславе, Уладзіслаў Ваза ў 1644 г. удакладніў, што такі дазвол павінен дзейнічаць для яўрэяў, якія мелі “свае аседласці ў месце Мсціслаўскім, а не прыезджых”. Яны маглі гандляваць толькі на гарадскім рынку і “толькі ў тарговыя дні, і то не ў крамах, не сукнамі, і не шаўковымі рэчамі”.
Нерухомая маёмасць шляхты, касцёла і царквы (землі, дамы, крамы і інш.) не падпадала пад юрысдыкцыю горада. З мэтай канцэнтрацыі і манапалізацыі ўлады ў руках магістрата Уладзіслаў Ваза пацвердзіў усе акты куплі гарадскімі ўладамі зямель за ракой Віхрай, дамоў і пляцаў у Мсціславе ў шляхты і далучэнне іх да гарадской юрысдыкцыі і дазволіў аналагічныя здзелкі ў выпадку неабходнасці для горада.“Перакупні, пірожнікі, шынкары”, як яўрэі, так і хрысціяне, якія пражывалі ў гарадскіх дамах шляхты, духавенства, павінны былі адзін раз у квартал прадстаўляць на сваіх рабочых месцах гарадскім уладам кварты, гарнцы для рэвізіі, інакш ім забаранялася гандляваць.
Адзначым адну са своеасаблівасцей прывілея 1644 г.: калі б мсціслаўцы па якой-небудзь прычыне не скарысталіся пэўнымі пунктамі прывілеяў, дык атрымлівалі права іх рэалізацыі ў будучым: “ім даўнасць шкодзіць” не будзе. Гэта разыходзілася з тагачаснай практыкай, згодна з якой не рэалізаваныя своечасова гарадскія правы і свабоды страчвалі сваю юрыдычную сілу, нягледзячы на пісьмовую фіксацыю ў прывілеях. Як бачна, прывілей 1644 г. пашырыў правы і вольнасці Мсціслава з мэтай умацавання самакіравання гэтага памежнага горада.У далейшым мсціслаўцы, імкнучыся захаваць свае правы пасля разбуральных войн сярэдзіны XVII ст., неаднаразова звярталіся да манархаў з просьбай аб пацвярджэнні гарадскіх прывілеяў. Пацвярджальныя прывілеі Мсціслаў атрымаў ад Яна Сабескага 20 сакавіка 1676 г., ад Аўгуста ІІ 21 ліпеня 1699 г., ад Аўгуста ІІІ— 10 снежня 1738 г. Але вызначальным для Мсціслава быў прывілей 1634 г.

Аляксандр ДОЎНАР,
кандыдат гістарычных навук