“Задача” з усімі вядомымі

№ 26 (946) 26.06.2010 - 02.07.2010 г

Да 15-годдзя спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі дырыжор Вячаслаў Бартноўскі падрыхтаваў цыкл канцэртаў з удзелам стыпендыятаў і лаўрэатаў фонду. Першы этап гэтага праекта ахапіў Брэст, Магілёў, Гродна, Віцебск. Другі пройдзе ўвосень у Маладзечне і Гомелі, фінішыруючы ў Мінску.

Сярод удзельнікаў канцэртаў былі саліст Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Ілля Сільчукоў, піяністы Павел Нетук, Аляксей Пшанічны, скрыпачка Улада Беражная, флейтыстка Юлія Шчасная, цымбалістка (і, адначасова, малады выкладчык БДУКіМ) Вераніка Прадзед,/i/content/pi/cult/273/4246/14-5.jpg якая выконвала знакаміты Канцэрт для цымбалаў і аркестра вядомага беларускага кампазітара Уладзіміра Кур'яна. Маладыя салісты выступалі і з Брэсцкім сімфанічным аркестрам, і з Дзяржаўным камерным аркестрам Беларусі.

- Мы ставілі перад сабой некалькі задач,- падзяліўся думкамі аўтар праекта, дырыжор В.Бартноўскі. - Па-першае, хацелася яшчэ раз засяродзіць увагу грамадскасці на дзейнасці фонду, прадэманстраваць клопат дзяржавы аб адораных хлапчуках і дзяўчатах. Па-другое, - дапамагчы таленавітым музыкантам знайсці шлях да гледача, бо для кожнага юнага выканаўцы сама магчымасць выступіць, ды яшчэ, як гэта ў нас было, з аркестрам, - сапраўднае свята. Адзначу і тое,/i/content/pi/cult/273/4246/14-6.jpg што побач са сталічнымі зорачкамі выступалі і прадстаўнікі рэгіёнаў, а гэта вельмі важна, бо ў іх таксама з'явілася магчымасць не адно гасцей паслухаць, але і сябе паказаць.

Не малое значэнне мела і тое, што гэтыя канцэрты папулярызавалі класіку і, шырэй, акадэмічную музыку ўвогуле. А ўлічваючы, што многія выступленні адбываліся непасрэдна ў залах музычных вучылішчаў, можна казаць не толькі пра асветніцкія, але і пра выхаваўчыя функцыі цыкла: кожны юны саліст прадстаўляў не толькі сваё майстэрства, але і, тым самым, майстэрства свайго педагога, і, шырэй, здабыткі той або іншай выканальніцкай школы. А ў зале сядзелі тыя, хто яшчэ толькі рыхтуецца да сваіх публічных выступленняў, хто, магчыма, марыць паступіць у Акадэмію музыкі, каб прадоўжыць сваё навучанне. Прысутнічалі і выкладчыкі вучылішчаў, якія маглі больш свядома ацаніць у кожным нумары ўнёсак вучня і настаўніка. Сапраўды, такія канцэрты даюць магчымасць арыентавацца на лепшыя здабыткі айчынных выканальніцкіх школ. Ну, а пасля выступленняў адбываліся зацікаўленыя размовы, жывыя гутаркі, абмеркаванні. Так што калі раней хтосьці з салістаў быў не вядомы публіцы, дык цяпер - усе вядомыя!