Нацыянальны набытак краіны

№ 22 (788) 02.06.2007 - 08.06.2007 г

31 мая Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з навучэнцамі — пераможцамі міжнародных прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў і фестываляў, лаўрэатамі спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў, студэнтаў, таленавітай моладзі. Звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: “Вашы поспехі і ваш талент — гэта нацыянальны набытак, сапраўдны залаты запас краіны”.

Як паведамілі БелТА ў прэс-службе Прэзідэнта, сёння па ўсёй краіне праводзіцца велізарная работа па стварэнні ўмоў для інтэлектуальнага, фізічнага і духоўнага развіцця падрастаючага пакалення. Адораным дзецям надаецца вялікая ўвага як з боку кіраўніцтва дзяржавы, так і грамадскіх арганізацый. Пра гэта, па словах Аляксандра Лукашэнкі, сведчыць паспяховая рэалізацыя праграмы “Маладыя таленты Беларусі”.
Больш за палову школьнікаў ахоплены рознымі формамі дыферэнцыраванага навучання. Для іх адкрыты дзверы 165 гімназій і 36 ліцэяў. Працуюць шматлікія профільныя класы і класы з паглыбленым вывучэннем асобных дысцыплін.
Больш чым паўмільёна дзяцей штогод прымаюць удзел у рэспубліканскай прадметнай алімпіядзе. Нашы каманды з бляскам выступаюць на міжнародных алімпіядах і турнірах. З 1990 па 2006 гады 286 беларускіх школьнікаў заваявалі медалі гэтых прэстыжных спаборніцтваў.
Як адзначыў Прэзідэнт, сёння ў Беларусі працуюць больш за паўтысячы дзіцячых школ мастацтваў, творчыя ВНУ, вучылішчы і каледжы, ствараюцца дзяржаўныя прадзюсерскія цэнтры ў Мінску і абласцях. Летась больш чым 200 юных талентаў сталі лаўрэатамі міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў.
Аляксандр Лукашэнка назваў значнымі творчымі дасягненнямі выступленні Андрэя Кунца і Дзмітрыя Калдуна на конкурсах песні “Еўрабачанне”. “Беларускія канкурсанты праявілі не толькі талент, але і выдатную прафесійную падрыхтоўку, і самае галоўнае — сапраўдны байцоўскі характар. Іх выступленні спадабаліся мільёнам людзей не толькі ў Беларусі, але ва ўсёй Еўропе”, — сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што поспехі моладзі знаходзяць прызнанне на самым высокім дзяржаўным узроўні. У 2006 годзе заахвочванні фондаў Прэзідэнта атрымалі больш за 1700 навучэнцаў, студэнтаў, выкладчыкаў і вучоных, больш за 200 прадстаўнікоў творчай моладзі і 18 мастацкіх калектываў.Дзейнасць спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі накіравана на выхаванне будучай творчай эліты беларускай нацыі. На гэтыя мэты ў 2006 годзе было выкарыстана 677 мільёнаў рублёў, у тым ліку 274 мільёны рублёў — на выплату стыпендый, прэмій, гранд-прэмій і іншых відаў адрасных заахвочванняў. Усяго летась падтрымку фонду атрымалі 223 чалавекі і 18 мастацкіх калектываў, у тым ліку звання лаўрэата ўдастоены 39 таленавітых юнакоў і дзяўчат, 8 калектываў.
За 11 гадоў існавання спецыяльнага фонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў фінансавую падтрымку атрымалі больш за 14 тысяч навучэнцаў, студэнтаў, выкладчыкаў і іншых асоб, што зрабілі асабісты ўнёсак у працу з таленавітай моладдзю.
Па даручэнні Кіраўніка дзяржавы ў 2005 годзе былі створаны банкі даных лаўрэатаў і стыпендыятаў спецыяльных Прэзідэнцкіх фондаў па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў, студэнтаў, таленавітай моладзі. Лёс уключаных у іх маладых людзей пастаянна адсочваецца. Звесткі пра іх перадаюцца наймальнікам — кіраўніцтву вялікіх айчынных кампаній, дырэктарам дзяржаўных прадпрыемстваў. Гэта стварае неабходныя ўмовы для рэалізацыі патэнцыялу таленавітай моладзі ў нашай краіне.
На думку Прэзідэнта, набытак народа вызначаецца ў першую чаргу яго творчым патэнцыялам, здольнасцю ствараць культурныя каштоўнасці, дынамічна развіваць навуку і вытворчасць. Звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, ён падкрэсліў: “Вашы поспехі і ваш талент — гэта нацыянальны набытак, сапраўдны залаты запас краіны”.
Прэзідэнт заклікаў адораных навучэнцаў і студэнтаў з павагай адносіцца да старэйшых таварышаў і настаўнікаў, якія дапамаглі пракласці шлях да перамогі, а таксама не паддавацца “зорнай хваробе”. “Памятайце, што талент — гэта 10 % прыродных здольнасцей і 90 % працы.
Толькі заўсёдная праца над сабой, нястомнае прафесійнае ўдасканаленне дапамогуць вам дасягнуць сапраўдных вышынь у абранай сферы дзейнасці”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён заявіў, што абавязак дзяржавы — быць надзейнай апорай адоранаму чалавеку на яго шляху да поспеху. Бо чым больш сродкаў мы будзем укладваць у культуру і навуку сёння, тым больш годна мы будзем жыць заўтра, сказаў Прэзідэнт.
“Беларусь любіць вас і паважае, я вельмі спадзяюся, што гэтая любоў будзе ўзаемнай. Працуйце на карысць любімай Радзімы — іншай у вас не будзе”, — сказаў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы.
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў навучэнцаў і студэнтаў са знамянальнай падзеяй у іх жыцці і ўручыў ім пасведчанні і нагрудныя знакі лаўрэатаў спецыяльных фондаў Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў, студэнтаў, таленавітай моладзі, а таксама Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Пасля цырымоніі адбыўся канцэрт лаўрэатаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. 

Паводле матэрыялаў БелТА
На здымку 1-ай паласы: падзяку Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі прымае Дзмітрый Калдун за паспяховае выступленне на конкурсе песні "Еўрабачанне-2007".