“Брэсцкая крэпасць”: прэм’ера ў Цытадэлі

№ 26 (946) 26.06.2010 - 02.07.2010 г

Самая кароткая ноч Галоўнай кінападзеяй апошніх двух тыдняў на Беларусі сталі прэм’ерныя паказы мастацкай стужкі “Брэсцкая крэпасць”, створанай кінастудыяй “Беларусьфільм” і кампаніяй “Цэнтрал партнершып” па заказе Тэлерадыёвяшчальнай арганізацыі Саюзнай дзяржавы. У мінулым нумары “Культура” падрабязна асвятляла перадпрэм’ерны паказ карціны з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, што адбыўся ў сталічным кінатэатры “Цэнтральны”. Кіраўнік краіны высока ацаніў майстэрства аўтараў “Брэсцкай крэпасці”. “Кінапракат гэтай карціны трэба арганізаваць на найвышэйшым узроўні. Як мага больш людзей павінна мець магчымасць паглядзець стужку”, — выказаў сваё меркаванне Аляксандр Лукашэнка. У шырокі пракат “Брэсцкая крэпасць” выйдзе 4 лістапада, але яе афіцыйная прэм’ера адбылася ў ноч з 21 на 22 чэрвеня ля Цярэспальскіх варот Цытадэлі над Бугам: гісторыя легендарнай абароны ўвасобілася на вялікім экране, які быў усталяваны паміж чырвонай сцяной крэпасці-мемарыяла і рэчкай, за дзвесце метраў ад Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь. “К” прапануе рэпартаж з прэм’еры і рэцэнзію на стужку.

/i/content/pi/cult/273/4236/11-1.jpgДзень напярэдадні самай кароткай ночы года ў Крэпасці- заўсёды дзень клопатаў. На сцэне ля галоўнага манумента Мэмарыяла праходзяць апошнія рэпетыцыі мітынгу-рэквіема, які мае адбыцца на досвітку наступнага дня, правяраецца тэхніка, настройваецца абсталяванне. Але гэтым разам да памятных мерапрыемстваў дадалася сусветная прэм'ера стужкі Аляксандра Котта "Брэсцкая крэпасць". З месцам прэм'еры ніякіх ваганняў не было: карціна (што унікальна для сучаснага як беларускага, так і расійскага кінамастацтва) цалкам здымалася на месцы гістарычных падзей, таму і паказваць яе першы раз было вырашана ля Цярэспальскіх варот - у тым месцы, дзе прагучалі першыя стрэлы Вялікай Айчыннай.

Стужка расійскага рэжысёра Аляксандра Котта яшчэ да выхаду ў шырокі пракат выклікала вялікую цікавасць грамадскасці. Сведчаннем таго была значная колькасць айчынных і замежных журналістаў, якія прысутнічалі на перадпрэм'ернай прэс-канферэнцыі. Канферэнц-зала Музея абароны Брэсцкай крэпасці была перапоўнена прадстаўнікамі газет і тэлекампаній. І нездарма: у Крэпасці сабраліся амаль усе асноўныя стваральнікі стужкі, выканаўцы галоўных роляў. Побач з Андрэем Мярзлікіным, Паўлам Дзеравянкам, Аляксандрам Коршунавым, рэжысёрам-пастаноўшчыкам Аляксандрам Коттам, мастаком-пастаноўшчыкам Алімам Мацвейчуком на пытанні журналістаў адказваў дырэктар Мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць - герой" генерал-маёр Валерый Губарэнка.

"Стужка - атрымалася,- падзяліўся сваімі ўражаннямі Валерый Уладзіміравіч. - Яна адпавядае гістарычным фактам і годна іх прадстаўляе сучаснаму гледачу".

Пра сучаснага, пераважна- маладога, гледача казалі і іншыя ўдзельнікі прэс-канферэнцыі. На думку стваральнікаў "Брэсцкай крэпасці", менавіта новаму пакаленню нашчадкаў герояў 1941-га неабходна праўда пра подзвігі абаронцаў Айчыны. "Мы паспрабавалі зняць сучаснае ваеннае кіно з выкарыстаннем камп'ютэрнай тэхнікі, усіх магчымых спецэфектаў,- кажа рэжысёр Аляксандр Котт. - Але не тэхналогіі былі для нас галоўнымі. Куды важнейшым было данесці да сучаснага гледача, што вайна тады перакрэсліла ўсё мірнае жыццё ў адну хвіліну".

 Аб неверагодным эмацыянальным уздыме пад час працы над стужкай казалі акцёры - выканаўцы галоўных роляў: роляў рэальных гістарычных асоб, чые імёны назаўсёды застануцца сімваламі перамогі чалавечага духу. Ужо непасрэдна перад паказам акцёр Андрэй Мярзлікін, што ўвасобіў вобраз лейтэнанта Андрэя Кіжаватава, з хваляваннем перадае ў рукі Валерыя Губарэнкі новы экспанат Музея абароны Крэпасці- тую самую форму, у якой здымаўся ў стужцы. Гэты сімвалічны жэст нібы звязаў час наш і- ваенны.

Прэм'ера ж стужкі непасрэдна на месцы гістарычных падзей- р/i/content/pi/cult/273/4236/11-3.jpgэч унікальная сама па сабе. А прэм'ера "Брэсцкай крэпасці" была не толькі кінапраглядам для некалькіх сотняў першых гледачоў - ветэранаў, вайскоўцаў, жыхароў Брэста, журналістаў з Беларусі і Расіі, - яна ператварылася ў акт павагі да памяці паўшых у першыя дні вайны. Атмасфера адпавядала агульнаму настрою: удзельнікаў прэм'еры сустракалі салдаты, апранутыя ў форму ўзору 1941-га года. Побач з экранам застыў шэраг байцоў з чырвоным сцягам. У хвалюючай цішыні было чутна толькі шапаценне дрэў, якія схілілі свае кроны над Бугам. І вось прагучалі першыя рэплікі з экрана: на ім - апошнія мірныя хвіліны гарнізона Крэпасці, якія перапыняцца і назаўсёды знікнуць праз імгненні ў грукаце выбухаў і полымі пажараў...

...Фінальныя цітры звычайна сігналізуюць пра тое, што сеанс скончаны і трэба разыходзіцца. Але гэтым разам гледачы сустракалі іх зразумелым маўчаннем: хвіліна ў гонар паўшых герояў, у паветры - трапяткія агеньчыкі запальнічак... Яшчэ на ўваходзе ў Цярэспальскія вароты кожны атрымліваў салдацкую флягу з вадой - каб наталіць сваю смагу пад час дзвюх з паловай гадзін прагляду. І вось надышоў час хай сімвалічна, але ўсё ж такі наталіць смагу тых, каму так хацелася піць у чэрвені- ліпені 1941-га. Флягі запаўняюцца вадой з Буга, і гледачы выпраўляюцца да знакамітага помніка "Смага". Адна за адной кроплі вады падаюць у каску бетоннага воіна...

Глыбокаэмацыянальны фінал прэм'еры стужкі "Брэсцкая крэпасць" стаў толькі пачаткам яе экраннага жыцця. Вечарам 22 чэрвеня карціну пабачылі гледачы на VII Рэспубліканскім фестывалі беларускіх фільмаў у брэсцкім кінатэатры "Беларусь" і ўдзельнікі Маскоўскага міжнароднага кінафестывалю на пазаконкурсным паказе ў расійскай сталіцы. "Брэсцкая крэпасць", як і 69 гадоў таму, аб'яднала ўсіх нас. Няма сумненняў, што стужцы наканавана доўгае жыццё, а паказы ў ноч на 22 чэрвеня могуць стаць яшчэ адной адметнасцю жыцця Мемарыяльнага комплексу.

На здымках: кадры з фільма "Брэсцкая крэпасць".