Тур традыцый

№ 26 (946) 26.06.2010 - 02.07.2010 г

Традыцыйнае танцавальнае, вакальнае і музычнае мастацтва Карэі прадэманстравалі творцы з гэтай краіны ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі 25 чэрвеня. Праграма “Карэя — душа ў Гуку” сабрала калектывы і салістаў, якія выканалі творы, што ўваходзяць у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. Канцэрт адбыўся ў межах Тура карэйскіх традыцыйных прадстаўленняў у 2010 годзе.

Старадаўні танец будыйскіх манахаў пад назвай "Сынгму", народны танец з веерамі, музыка народных інструментаў Санджо - гэтыя ды іншыя яркія нацыянальныя "разыначкі" прадэманстравалі беларускім гледачам знаныя артысты. Ударнік Йі Тае-баек, які з'яўляецца захавальнікам музыкі шаманаў з вострава Джындо (таксама аб'екта нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў Карэі), выканаў пад акампанемент барабана традыцыйную карэйскую оперу Пансоры. Старадаўняя паэзія пад акампанемент аркестра - Кагок - прагучала ў выкананні прэзідэнта Асацыяцыі карэйскай традыцыйнай музыкі Йі Се-Хван. На канцэрце можна было пабачыць музычныя інструменты гэтай краіны і шыкоўныя касцюмы.

Па словах супрацоўніка па адміністрацыйных і культурных пытаннях Пасольства Рэспублікі Карэя ў Рэспубліцы Беларусь Юліі Верацельнік, гэты тур - гастролі карэйскіх артыстаў па краінах СНД і Еўропы з мэтай наладзіць пастаяннае культурнае супрацоўніцтва. Ініцыяваў яго прэзідэнт карэйскага Фонду культурнай спадчыны Кім Хонг-Рэал.

Фонд культурнай спадчыны Карэі ажыццяўляе розныя міжнародныя праекты: прэзентацыю абрадаў і традыцыйнай кухні, выстаўкі, адукацыйную дзейнасць, культурны турызм. Гэта робіцца з мэтай прадставіць карэйскую культуру і традыцыйны лад жыцця іншым народам.

С.Ю.