“Погляд…” — адбыўся!

№ 26 (946) 26.06.2010 - 02.07.2010 г

Днямі ў Пасольстве Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Рэспубліцы Беларусь адбылося ўзнагароджанне ўдзельнікаў выстаўкі-конкурсу “Погляд насустрач”, што праходзіла ў галерэі “Акадэмія” Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

/i/content/pi/cult/273/4229/3-1.jpgНадзвычайны і Паўнамоцны Пасол Венесуэлы ў нашай краіне Амерыка Дыяс-Нуньес зазначыў, што будзе чакаць ад гэтай ВНУ новых ідэй сумесных праектаў, каб з задавальненнем іх рэалізаваць.

Перш чым уручыць студэнтам дыпломы ды падарункі, Пасол заўважыў: "Мы сталі сведкамі сапраўднага мастацкага эксперыменту. Спадзяёмся, што беларускія студэнты, якія прадставілі свае работы на выстаўцы, стануць шырока вядомыя не толькі ў сваёй краіне, але і за яе межамі".

Самыя лепшыя творы, якія адабрала глядацкае журы шляхам галасавання на выстаўцы, былі прадэманстраваны на гэтым мерапрыемстве. Хутка яны ўвойдуць у архіў Лацінаамерыканскага культурнага цэнтра імя Сімона Балівара. Яго дырэктар Херарда Эстрада адзначыў, што ўсе яны будуць у адкрытым доступе, і кожны ахвотны зможа пазнаёміцца з творчасцю беларускіх студэнтаў. Дыпломам I ступені была ўзнагароджана Валерыя Лазуровіч: супрацоўнікі Пасольства былі вельмі ўражаны яе работай. Выклікаў шмат эмоцый і твор Алесі Карповіч, якая заняла II месца. Падзякамі і дыпломамі адзначаны выкладчыкі БДАМ.

 У завяршэнне цырымоніі рэктар Акадэміі мастацтваў Рычард Смольскі сказаў: "Сярод студэнтаў конкурс выклікаў шырокі рэзананс. Пасол жа Рэспублікі Венесуэла прадэманстраваў глыбокія веды ў старажытным і сучасным мастацтве гэтай краіны, і БДАМ разглядае прапанову аб прысуджэнні яму звання Ганаровага прафесара Акадэміі".

На здымку: Амерыка Дыяс Нуньес, Херарда Эстрада.