Якасць і мастацкую вартасць беларускіх стужак ацэньвалі два склады журы на чале з эстонскім рэжысёрам ігравога кіно Пеэтэрам Сімам і літоўскім дакументалістам Альвідасам Шляпікасам. Лепшай стужкай прызнана драма "Ваўкі" Аляксандра Колбышава, які быў абвешчаны і лепшым беларускім рэжысёрам. Дыпломам за лепшы ігравы фільм ўзнагароджаны стваральнікі стужкі "Інсайт" на чале з Рэнатай Грыцковай. Лепшым тэлевізійным праектам стаў "Снайпер" Аляксандра Яфрэмава. Самым яркім дэбютантам журы назвала Дзмітрыя Лася за тэлевізійную стужку "Трамвай у Парыж". Аператарская работа Віктара Бандаровіча ў стужцы "Дняпроўскі рубеж" была прызнана вартай спецпрыза імя Юрыя Марухіна. Лепшай кінаактрысай была названа Ганна Палупанава за ролю ў "Трамваі ў Парыж", а лепшым кінаакцёрам - Сяргей Бязрукаў за тэлекарціну "У чэрвені 41-га". Работа дакументаліста Віктара Дашука ў стужцы "Жарсць" была прызнана лепшай у сваім жанры.
Прызам за таленавітае ўвасабленне нацыянальнага характару і вялікі ўнёсак у развіццё айчыннага кінамастацтва ўзнагароджана народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч. Упершыню на фестывалі нацыянальнага кіно адзначалася праца кінапракату. Лепшым з кінапракатных арганізацый было прызнана КУП "Мінаблкінавідэапракат".