На пытанне адказвае Ніна АЛЯКСЕЕВА, кансультант аддзела бюджэтнага фінансавання эканамічнага ўпраўлення Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь:
- У адпаведнасці з пунктам 10 Інструкцыі па методыцы вылічэння ставак педагагічных работнікаў з улікам педагагічнай нагрузкі, зацверджанай пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь № 25 ад 30 сакавіка 2007 г., надбаўкі педагагічным работнікам, якія маюць кваліфікацыйныя катэгорыі, устаноўленыя ў адпаведнасці з пунктам 3 дадатку 1 да пастановы Міністэрства працы Рэспублікі Беларусь № 6 ад 21 студзеня 2000 г., выплачваюцца прапарцыянальна педагагічнай нагрузцы.
У адпаведнасці з падпунктам 2.8 пункта 2 дадатку 1 да пастановы Міністэрства працы Рэспублікі Беларусь № 6 ад 21 студзеня 2000 г. "Аб мерах па ўдасканаленні ўмоў аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, што атрымліваюць субсідыі, работнікі якіх прыраўнаваны па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый" кіраўнікі арганізацый у межах фонду заработнай платы маюць права вызначаць надбаўкі спецыялістам і служачым за складанасць і напружанасць працы ў памеры да 50 працэнтаў акладу (стаўкі), накіроўваючы на гэтыя мэты выдаткаваныя з бюджэту сродкі ў памеры 10 працэнтаў планавага фонду заработнай платы работнікаў арганізацыі. Канкрэтныя памеры надбавак вызначаюцца ў залежнасці ад уласнага ўкладу супрацоўніка ў павышэнне эфектыўнасці мерапрыемстваў, якія праводзяцца, і работ (паслуг), якія выконваюцца. Указаныя надбаўкі памяншаюцца або адмяняюцца поўнасцю пры пагаршэнні якасці працы.
Умовы прэміравання і памеры прэмій супрацоўнікаў бюджэтных арганізацый вызначаюцца палажэннем аб прэміраванні, зацверджаным кіраўніком арганізацыі, і (або) калектыўным дагаворам. Канкрэтныя памеры прэмій супрацоўнікаў вызначаюцца ў адпаведнасці з іх уласным укладам у агульныя вынікі працы і максімальнымі памерамі не абмяжоўваюцца. У адпаведнасці з пунктам 2 пастановы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь № 13 ад 5 лютага 2002 г. "Аб зацвярджэнні пераліку дадатковых выплат стымулюючага і кампенсуючага характару, на якія налічваецца прэмія" налічэнне прэмій супрацоўнікам бюджэтных арганізацый адбываецца на тарыфныя стаўкі (службовыя аклады), разлічаныя з улікам устаноўленых павышэнняў, і дадатковыя выплаты стымулюючага і кампенсуючага характару згодна з устаноўленым гэтай пастановай пералікам.