Лампада вечнасці

№ 26 (946) 26.06.2010 - 02.07.2010 г

Адным з цэнтральных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, стане адкрыццё 2 ліпеня крыпты Храмапомніка ў гонар Усіх Святых і ў памяць бязвінна забітых у нашай Айчыне, а таксама ўрачыстае перапахаванне там рэшткаў трох невядомых салдат, якія загінулі пад час войнаў: 1812 года, Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай.

/i/content/pi/cult/273/4224/2-3.jpgВа ўрачыстай цырымоніі плануецца ўдзел Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта, Мітрапаліта МінскаМагілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкай царквы ў Рэспубліцы Беларусь архіепіскапа Тадэвуша Кандрусевіча, прадстаўнікоў іншых канфесій, а таксама кіраўнікоў дыпламатычных прадстаўніцтваў, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

Пад час мерапрыемстваў на пляцоўцы перад храмам у выкананні Нацыянальнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь, свецкіх і царкоўных хораў, Ансамбля званароў Мінскай епархіі будзе выканана уверцюра Чайкоўскага "1812 год".

Як адзначыў у гутарцы з карэспандэнтам "К" настаяцель храма, старшыня Каардынацыйнага савета знешніх сувязей Беларускага Экзархату, протаіерэй Фёдар Поўны, ад пачатку праектавання да завяршэння работ па афармленні крыпты прайшло менш за тры гады. За гэты час айчыннымі і замежнымі спецыялістамі быў створаны унікальны помнік архітэктуры і сакральнае месца для ўсяго беларускага народа. Ужо сёння ў цэнтры крыпты размешчана лампада, у якой будзе пастаянна гарэць агонь, прывезены ад Труны Гасподняй. Па словах протаіерэя, вакол лампады - у сценах храма - будуць захоўвацца сасуды з зямлёй, сабранай на месцы гістарычных бітваў і трагічных падзей. Усяго прадугледжана запоўніць 504 такія нішы.

 З адкрыццём крыпты ў прыходзе плануецца адкрыць адмысловы экскурсійны аддзел і музейную экспазіцыю, дзе будуць захоўвацца каштоўныя рэчы, звязаныя з мінулым нашай краіны. Таксама, па словах айца Фёдара, штогод у ноч на 22 чэрвеня ў крыпце будзе праходзіць малітоўнае памінанне ўсіх, хто загінуў у час Вялікай Айчыннай вайны.

 К.А.