Імідж краіны сёння

№ 26 (946) 26.06.2010 - 02.07.2010 г

Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі гэтымі днямі знаходзіцца ў Вашынгтоне. 21 — 29 чэрвеня ў бібліятэцы Кангрэса ЗША праходзяць пасяджэнні ўдзельнікаў Сусветнай лічбавай бібліятэкі (WDL). У мерапрыемствах бяруць удзел тысячы бібліятэчных работнікаў свету.

Летась Нацыянальная бібліятэка Беларусі падпісала пагадненне аб далучэнні да WDL, а ў сакавіку бягучага года падпісала статут гэтай арганізацыі і стала яе паўнавартасным партнёрам.

 Р.Матульскі, апрача прадстаўлення сваёй установы, рэпрэзентуе праект "Беларусь сёння". Яго ініцыятары - міністэрствы культуры і інфармацыі Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў. Згодна з праектам, Раман Матульскі перадае бібліятэцы Кангрэса ЗША каля ста лепшых кніг айчынных выдавецтваў: гэта мастацкая, навуковая літаратура, даведнікі, энцыклапедыі, альбомы, што ўсебакова адлюстроўваюць сацыяльна-эканамічнае і палітычнае жыццё нашай краіны, яе гісторыю, культуру. Мэта акцыі- працягваць стварэнне пазітыўнага іміджа Беларусі ў свеце і папулярызацыя краіны за мяжой.

Дарэчы, наша рэспубліка плануе перадаць падобныя падборкі кніг у фонды пяці найбуйнейшых бібліятэк свету.