“Александрыя збірае сяброў”

№ 26 (946) 26.06.2010 - 02.07.2010 г

Летні фэст “Александрыя збірае сяброў” стане традыцыйным. Аб гэтым 19 чэрвеня заявіў на свяце Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.

"Мы зробім усё, каб гэтая акцыя стала традыцыйнай. Магчыма, прымяркуем яе да нашага ўсенароднага свята і будзем збірацца тут на Івана Купалу", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ідэя правядзення свята нарадзілася спантанна. "Мы не планавалі гэтае свята летась і нават сёлета", - сказаў ён, падкрэсліўшы, што хоць ненадоўга, але кожны год прыязджае ў родныя мясціны.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, ён не чакаў, што дадзенае мерапрыемства ператворыцца ў такое грандыёзнае свята, на якое прыехалі людзі не толькі з навакольных вёсак, але і з Оршы, Шклова, Магілёва і нават сталіцы. Прэзідэнт пажадаў удзельнікам свята добрага настрою, шчасця, поспехаў, матэрыяльнага дабрабыту і працы на карысць беларускага народа.

Пасля прыбыцця на свята Прэзідэнт наведаў Горад майстроў, пагутарыў з народнымі ўмельцамі. Спецыяльна для Кіраўніка дзяржавы кавалі зрабілі падкову на шчасце, у стварэнні якой Аляксандр Лукашэнка і яго малодшы сын Мікалай таксама прынялі ўдзел.

У летнім фэсце "Александрыя збірае сяброў" прымалі ўдзел больш як тры тысячы чалавек. Мерапрыемства праходзіла на беразе Дняпра каля моста, які нядаўна злучыў не толькі дзве суседнія вёскі - Александрыю і Копысь,- але і дзве вобласці - Магілёўскую і Віцебскую.

Для ўдзельнікаў і гасцей фэсту была арганізавана шырокая культурная праграма, пачынаючы ад працы Горада майстроў ды магчымасці пакаштаваць традыцыйныя беларускія стравы і напоі і заканчваючы выступленнямі народных калектываў, а таксама канцэртам з удзелам вядомых артыстаў беларускай эстрады. Былі таксама феерверк і лазернае шоу.

 Як адзначаюць арганізатары, фэст - гэта своеасаблівы пілотны праект. Ідэя арганізаваць тут падобнае мерапрыемства ўзнікла не на пустым месцы. Здаўна Днепр быў важнай суднаходнай артэрыяй Беларусі, часткай шляху "з варагаў у грэкі". Таму ў вёсках Александрыя, Копысь і горадзе Шклове традыцыйна праводзіліся кірмашы і народныя гулянні. Так, напрыклад, Шклоў славіўся сваімі ўмелымі разьбярамі па дрэве, якія выраблялі іканастасы для храмаў у Маскве і Смаленску, Александрыя знакамітая майстрамі лозапляцення, а ганчары з Копысі былі вядомы не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі. Таму гэтае мерапрыемства мае глыбокія гістарычныя карані. Яно з'яўляецца важным элементам захавання культурных, моўных традыцый беларускага народа, рамёстваў.

Акрамя таго, цяпер актыўна прапрацоўваецца магчымасць арганізацыі турыстычных маршрутаў па Дняпры. І дадзенае мерапрыемства, калі яно будзе праводзіцца рэгулярна, таксама прывабіць патэнцыйных турыстаў народным каларытам.

Варта таксама адзначыць, што сёлета фэст праводзіўся ў дзень народнага свята - Фядота-ўраджайніка. Па традыцыі, у гэты дзень народ варажыў, спадзеючыся на добры ўраджай.

Паводле паведамлення Прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Начальнік аддзела культуры Шклоўскага райвыканкама Галіна Валозіна распавядае "К", што сёлетні летні фэст "Александрыя збірае сяброў" прайшоў літаральна на адным дыханні.

Фэст ладзілі ўпраўленне культуры Магілёўскага аблвыканкама, аддзел культуры Шклоўскага райвыканкама. У Александрыі была годна прадстаўлена традыцыйная творчасць кожнага з раёнаў Магілёўшчыны. Ад Шклоўшчыны святочны тон у дзень Фядота-ўраджайніка задавалі два народныя калектывы: ансамбль песні і музыкі "Бліскавіца" раённага Дома культуры, ансамбль народных інструментаў "Спадчына" Дзіцячай школы мастацтваў.

Александрыйскае сяброўскае свята, як вядома, стане штогадовым. Аграгарадок "Александрыя" вызначаецца цудоўнай сацыякультурнай інфраструктурай. Так што на парадку сённяшняга дня - толькі арганізацыйныя моманты па правядзенні і мастацкім аздабленні наступнага фэсту "Александрыя збірае сяброў".

23 чэрвеня ў Шклоўскім райвыканкаме прайшла нарада пад старшынствам намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерыя Малашкі. На нарадзе былі агучаны прапановы абласнога ўпраўлення культуры па арганізацыі наступнага фэсту "Александрыя збірае сяброў".