Гэтая ініцыятыва ажыццявілася пры падтрымцы Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь і асабіста кіраўніка дыпламатычнай місіі- Гебхарда Вайса.
Урачыстая перадача нашай краіне Батанічным садам і Батанічным музеем Свабоднага універсітэта Берліна кніг і часопісаў, выдадзеных на лацінскай, нямецкай, французскай, рускай, беларускай і ўкраінскай мовах напрыканцы ХIХ - на пачатку ХХ стст., адбылася ў сценах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Першапачаткова выданні знаходзіліся ў навуковых бібліятэках Беларусі, у тым ліку Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі.
Як адзначыў на цырымоніі перадачы выданняў намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Тадэуш Стружэцкі, гэты акт добрай волі- важны сігнал для іншых краін, дзе захоўваюцца незаконна вывезеныя беларускія каштоўнасці, а таму ініцыятыва Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія заслугоўвае слоў удзячнасці і будзе спрыяць актывізацыі больш цеснага супрацоўніцтва і добрасуседскіх адносін.
Па словах дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Рамана Матульскага, лёс многіх кніжных збораў Беларусі надзвычай трагічны, за мінулыя стагоддзі было шмат страчана і знішчана, таму перададзеная калекцыя з'яўляецца вялікай каштоўнасцю. Тым больш, упершыню за доўгі час фонды бібліятэкі папоўніліся унікальнымі дакументамі, што адлюстроўваюць частку нашай гісторыі. Сярод іх - і першыя дысертацыі нашай Сельскагаспадарчай акадэміі, а таксама Гідраграфічны атлас Расійскай імперыі 1832 года, што ў свой час знаходзіўся ў бібліятэцы Беларускага воднага камітэта (яго перадаў Цюбінгенскі універсітэт імя Эберхарда і Карла).
У сваю чаргу, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь Гебхард Вайс падкрэсліў: перадача калекцыі кніг - гэта найперш, узнаўленне гістарычнай праўды, знак павагі да людзей Беларусі.