Забавы ў Дзядзілавічах

№ 25 (945) 19.06.2010 - 25.06.2010 г

Садова-паркавае мастацтва старажытных сядзіб Беларусі — каштоўная частка нацыянальнай спадчыны. Яна дэманструе высокі ўзровень і цесныя ўзаемасувязі з культурай Еўропы. На нашых землях былі прадстаўлены сады вядомых еўрапейскіх гісторыка-культурных стыляў — рэнесансу, барока, класіцызму, пейзажныя сады ракако і рамантызму, асновы якіх былі закладзены нацыянальнымі школамі Італіі, Францыі, Галандыі і Англіі.

/i/content/pi/cult/271/4216/14-1.jpg Адзін з найбольш яркіх этапаў развіцця садова-паркавага мастацтва - апошнія дзесяцігоддзі XVIII ст., калі на Беларусі пачалося актыўнае распаўсюджванне новай паркавай сістэмы - англійскай пейзажнай. Пры гэтым працягвалі захоўвацца папярэднія кампаненты рэгулярнай планіроўкі, і ўсё гэта сумяшчалася з элементамі, уласцівымі эпосе ракако: забаўляльнасцю і інтымізацыяй.

Да нашых дзён ад паркаў той эпохі захаваліся невялікія фрагменты, а асноўную інфармацыю пра іх прадстаўляюць пераважна пісьмовыя крыніцы. Адна з такіх - вопіс маёмасці сядзібы Дзядзілавічы Мінскага павета канца XVIII ст. У ім падрабязна апісваецца арганізацыя сядзібнага агарода (саду), характэрнай рысай якога было спалучэнне садовых і агародных элементаў пры перавазе апошніх, а таксама арганізацыя па прынцыпах садова-паркавага мастацтва.

Паказальна, што цесна звязанае з архітэктурай паркавае мастацтва ахапіла і арганізацыю садоў ды агародаў. Ад сядзібнага комплексу да агарода шлях ішоў праз дзве брамы - папулярныя з эпохі барока тыпы ўрачыстых пабудоў, якія ўстойліва бытавалі ў беларускіх сядзібах і парках яшчэ і ў ХІХ ст. Планіроўка агарода была рэгулярная, алейная, "вулічная", па ягоных краях сістэмна размяшчаліся дэкаратыўныя або ўласна агародныя расліны. Сам жа ён быў абнесены парканам і штыкетнікам, а ў кампазіцыйным цэнтры алей размяшчаліся будынкі для адпачынку і гульняў. Папулярнасць гэтых будынкаў мае доўгую гісторыю, і ўзыходзіць да ідэі забаўляльнасці стылю барока, што было пашырана ў часы ракако. У XVIII ст. сярод шляхты было папулярным слова "забава" - гэтак называлі чытанне, вольнае баўленне часу, гульню. Сама ідэя забаўляльнасці стала знакавай для культур барока і ракако, вызначыла стылістыку побыту, жыцця ў цэлым, што знайшло адлюстраванне і ў садовапаркавым аздабленні беларускіх маёнткаў.

На першай алеі сядзібы Дзядзілавічы размяшчалася папулярная тут яшчэ з эпохі класіцызму і арганізацыі рэгулярнага парку альтанка, ці, дакладней, ратонда, у цэнтры якой была калона з вазай, вакол ратонды - чатыры лаўкі. З'яўленне ў парках калон, ваз, абеліскаў, памятных дошак, якія маглі мець мемарыяльны, сімвалічны, культавы характар, - выразная рыса пейзажных паркаў часоў рамантызму. З двух бакоў алея была сіметрычна аформлена чатырма "кватэрамі" - магчыма, аналагамі галандскіх "кабінетаў" або баскетаў англійскага і французскага ўзораў: па два з кожнага боку, адзін насупраць другога, яны былі абсаджаны яблынямі ды ліпамі.

 Уздоўж так званых "кватэр" садзілі цукровую моркву і лаванду, а трохі наводдаль - спаржу. Далей ішла абсаджаная ліпамі "аркадная" (названая, верагодна, па форме, што ўтваралі дрэвы) вуліца, на якой была кеглярня - будынак для гульні ў кеглі, з альтанкай. Апошняя была пакрыта гонтам і мела фрамугу. Паводле вопісу, у альтанцы была размешчана драўляная пафарбаваная жаночая скульптура. Да таго ж, у комплекс уваходзілі памост з дошак для пускання шароў і доўгая шуфляда з замком для іх захоўвання.

Гульня ў кеглі - старажытная забава пераважна гараджан, рамеснікаў, салдатаў войска Рэчы Паспалітай. Таксама ў яе гулялі ў каталіцкіх кляштарах і пры піцейных дамах, што павышала іх прыбытковасць. Удзельнічалі звычайна чатыры або шэсць чалавек: два на два або тры на тры. Шары кідалі адзін за адным па тры разы; вельмі істотным было збіць кеглю "кароль". На "гульцоў" рабілі стаўкі. Тыя, хто абслугоўвалі іх, бралі таксама па грошу за партыю. Увогуле, кеглі лічыліся, побач з фішкамі, касцямі і картамі, азартнай, "шулерскай" гульнёй, якая магла даць істотны прыбытак і на якой спецыялізаваліся прафесійныя гульцы, каго звычайна ведалі і не надта імкнуліся запрашаць у свае кампаніі, а калі гэта здаралася, дык гульня магла скончыцца сваркай і бойкай на шаблях. Самі кеглі былі альховыя, грабавыя.

Як і ў сядзібе Дзядзілавічы, у шляхецкіх маёнтках кеглярні (нахіл іх дошак быў невялікім) традыцыйна рабіліся ў агародах. Непадалёк ад іх размяшчаліся арэлі, а за імі - вялікая "кватэра" з дрэвамі, сярод якіх было восем яблынь. Далей ішлі "паркавыя вулачкі" з "кватэрамі", за імі - вялікая "агрэставая" вуліца са спецыяльным будынкам з чатырма вокнамі, з прыстасаваннямі для пасадкі, расадай для агуркоў. Меліся таксама дзве "ружовыя" - з высаджанымі ружамі - вуліцы. Яшчэ адна вялікая вуліца мела альтанку з чатырма лаўкамі. Замыкала комплекс вуліца, дзе праз падвоеныя дзверы быў выхад да парнікоў, а з іх ішлі дзверы на фальваркавы агарод.

Ігар ВУГЛІК, кандыдат гістарычных навук__