Апокрыфы, “Кніга Адама” і таямніцы старадаўніх рукапісаў

№ 25 (945) 19.06.2010 - 25.06.2010 г

Татары на беларускіх землях пасяліліся яшчэ ў часы Сярэднявечча. Між іншым, татарскія воіны лічыліся ці не аднымі з найлепшых у харугвах Вялікага княства Літоўскага ў Грунвальдскай бітве. Як сведчаць гісторыкі, старадаўнія нямецкія хронікі называюць надзвычай вялікую колькасць татар на баку Вітаўта: каля 20 — 40 тысяч. Пры гэтым адзначаецца, што вялікі магістр Ульрых фон Юнгінген загінуў у бітве менавіта ад рукі татарскага воіна Багардзіна.

/i/content/pi/cult/271/4215/14-3.jpgАдной з самых яскравых старонак культурнай спадчыны татараў на Беларусі з'яўляюцца іх рукапісныя помнікі. Кнігі, напісаныя на беларускай мове арабскім письмом, ствараліся пачынаючы з XVI ст., паколькі большасць татараў Вялікага княства Літоўскага на той час ужо не маглі свабодна карыстацца цюркскай мовай і для захавання сваёй рэлігіі вымушаны былі перакласці Каран ды іншыя мусульманскія творы на мову, пашыраную ў той мясцовасці, дзе яны жылі.

Як сведчаць даследчыкі татарскіх рукапісаў, у гэтых тэкстах адлюстравалася беларуская лексіка, марфалогія, сінтаксіс. Таксама з дапамогай арабскай графікі дакладна перадаваліся і некаторыя асаблівасці фанетыкі нашай мовы. Вывучэнне ж гэтых надзвычай цікавых рукапісаў пачалося яшчэ ў ХІХ ст. прафесарам Пецярбургскага універсітэта А.Мухлінскім. Але калі ў ХІХ - пачатку ХХ стст. шмат публікацый было прысвечана менавіта гісторыі татараў ВКЛ, збіраўся каштоўны матэрыял, то з другой паловы мінулага стагоддзя пачалося вывучэнне ўжо непасрэдна тэкстаў рукапісаў, іх публікацыя. У апошнія гады падобныя даследаванні, відавочна, актывізаваліся. Сведчаннем таму - і новая кніга кандыдата філалагічных навук Міхаіла Тарэлкі і кандыдата філасофскіх навук Ірыны Сынковай "Адкуль пайшлі ідалы: помнік рэлігійна-палемічнай літаратуры з рукапіснай спадчыны татараў Вялікага княства Літоўскага". З нагоды яе прэзентацыі ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа была падрыхтавана выстаўка "Рукапісная спадчына татараў Вялікага княства Літоўскага", дзе прадстаўлены 95 дакументаў з фондаў аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў, у тым ліку 15 арабаграфічных рукапісаў з тэкстамі на беларускай і польскай мовах.

Па словах Міхаіла Тарэлкі, на сённяшні дзень вядома пра існаванне амаль 300 рукапісаў татар ВКЛ. Пры гэтым, толькі на Беларусі ў дзяржаўных сховішчах ёсць паўсотні падобных адзінак захавання, кожная з якіх мае велізарнае навуковае значэнне, у тым ліку і той рукапіс, што склаў аснову новай кнігі беларускіх вучоных.

Але чаму яна мае такую дзіўную назву, і навошта ў творах мусульманскіх пісьменнікаў ідзе размова пра ідалаў? Як патлумачыла сааўтар, кандыдат філасофскіх навук Ірына Сынкова, назву "Адкуль пайшлі ідалы..." можна лічыць назвай даследаванага зборніка, але гэта ўсяго толькі першы радок першага твора. Вельмі часта на Усходзе кнігі пазначаліся менавіта па першым радку. Па гэтым жа шляху пайшлі і стваральнікі выдання. Але яго назва - не выпадковая фраза, а пытанне, звязанае з тэмай усяго зборніка. Яно ключавое і вызначае агульны кірунак разважанняў усіх чатырох твораў, што складаюць том, бо толькі прачытаўшы іх можна даведацца, пра якіх ідалаў ідзе гаворка і адкуль яны пайшлі.

 Як адзначыў Міхаіл Тарэлка, зборнік вылучаецца арыгінальнасцю як паводле зместу, так і паводле жанру, бо унікальныя тэксты, сабраныя ў ім, больш нідзе не сустракаюцца, і ўвогуле, рэлігійна-палемічныя творы такога памеру - даволі рэдкая з'ява. Сярод галоўных асаблівасцей тэкстаў - і тое, што абраныя для даследавання творы змяшчаюць шматлікія каментарыі, а кожны з чатырох тэкстаў мае свайго аўтара, які быў добра знаёмы з тагачаснай еўрапейскай рэлігійнай літаратурай. Сёння нават цяжка ўявіць татарына пачатку XVIІ ст., што добра ведаў "Біблію" Сымона Буднага і быў выдатна знаёмы з рэлігійна-палемічнай літаратурай іншых канфесій...

На думку Ірыны Сынковай, магчыма, невядомыя для нас аўтары тэкстаў атрымлівалі пэўныя веды пад час адкрытых тэалагічных дыскусій, якія паўсюдна тады праходзілі, і дзе мусульмане маглі прысутнічаць. Таксама не выключана, што пэўныя факты былі засвоены ў дыспутах з прадстаўнікамі розных веравызнанняў, бо некаторыя паралелі ў каментарыях да асобных частак Бібліі можна адшукаць у іудзейскіх, караімскіх і арыянскіх тэкстах.

Міхаіл Тарэлка падкрэсліў, што разгаданы яшчэ далёка не ўсе загадкі гэтых тэкстаў. Ёсць сюжэты, факты, паралелей да якіх пакуль не знойдзена ў іншых пісьмовых крыніцах, у тым ліку хрысціянскіх, іудзейскіх і мусульманскіх. У той жа час, выяўлены некаторыя апакрыфічныя крыніцы. Напрыклад, у адным з твораў згадваецца 40-дзённы пост Адама ў Іарданіі. У Бібліі такі факт не сустракаецца, але даследчыкі выявілі, што ў часы Сярэднявечча па Еўропе блукаў лацінамоўны апокрыф пад такімі назвамі, як "Кніга Адама" або "Жыццё Адама і Евы". У XVI ст. гэты твор пераклалі на польскую мову, і такім чынам ён быў засвоены татарскім аўтарам.

Тэксты кнігі яшчэ раз сцвярджаюць пра тое, што на пачатку XVIІ ст. на Беларусі існавала інтэлектуальная эліта, адукаваны слой татара-мусульманскай грамады. Але пакуль застаецца без адказу пытанне, як мусульмане маглі атрымаць такую надзвычай якасную адукацыю, якая на той час з'яўлялася строга канфесійнай.

Сёння для вучоных актуальнае пытанне: як тыя рукапісы, што захоўваюцца ў сем'ях, не зніклі? Час імкліва бяжыць, і калі яшчэ літаральна некалькі гадоў таму былі людзі, якія збіралі і перапісвалі гэтыя кнігі, то цяпер, як перакананы даследчыкі, важкім крокам мусіць стаць Зводны каталог рукапісаў татараў ВКЛ з дзяржаўных кнігазбораў, што павінен быць завершаны да канца гэтага года.

К.А.