“Незнаёмка” ў галерэі

№ 25 (945) 19.06.2010 - 25.06.2010 г

У выставачнай галерэі Палаца культуры горада Маладзечна адкрылася персанальная экспазіцыя мастачкі Інгі Буда “Вобраз жанчыны”.

/i/content/pi/cult/271/4212/12-2.jpg/i/content/pi/cult/271/4212/12-3.jpgТворчасць таленавітай дзяўчыны вядомая землякам па калектыўных выстаўках у Палацы культуры, Цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М.Багдановіча, Мінскім абласным краязнаўчым музеі. На вернісажы настаўнікі Інгі па школе мастацтваў, кіраўнік студыі выяўленчага мастацтва Палаца культуры Галіна Сушко адзначалі неардынарнае мысленне сваёй вучаніцы, яе ўменне маляваць па памяці.

 У сваёй анатацыі да выстаўкі мастачка прызнаецца, як ёй карцела маляваць людзей. Экспазіцыя была падрыхтавана па выніках года працы, і атрымалася яна проста выдатнай. Да таго ж, было прадстаўлена яшчэ адно захапленне Інгі - выраб лялек. Яны ў яе характарныя, непаўторныя.

Інзе ўласціва глыбокае пранікненне ў сутнасць характараў сваіх гераінь, тонкі псіхалагізм. Партрэты жанчын - дакладныя і выразныя. Карціны "Маці свету", "Загадкавая незнаёмка", "Леначка", "Маладая маці з дзіцем" наводзяць на глыбокі роздум аб сутнасці дабра, крэўнасці, любові да людзей. Наступнай выстаўкай, па абяцанні Інгі Буда, павінна стаць серыя работ "Вобраз мужчыны". Моцная палова маладзечанцаў - у чаканні...

Ларыса СЫСУН, Маладзечна

На здымках: работы Інгі Буда.