“Банда” і сродак ад авітамінозу

№ 25 (945) 19.06.2010 - 25.06.2010 г

Аднаўленне “Хаваншчыны” М.Мусаргскага сталася адной з найбольш значных прэм’ер канца сезона ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі. Якім жа ўбачылі мы гэты спектакль, што некалькі гадоў таму тэатр паказваў у Маскве, на сцэне Вялікага тэатра Расіі?

/i/content/pi/cult/271/4202/8-1.jpgІнтрыга была не толькі ў тым, што тая "Хаваншчына" цяпер прыстасоўвалася да адноўленай сцэны з яе новымі магчымасцямі, але і ў часткова іншым складзе выканаўцаў. Да таго ж, аднаўленне вялося без удзелу шэрагу пастаноўшчыкаў ранейшага спектакля: хтосьці ўжо не з намі, хтосьці не працуе ў тэатры. Рэжысёрам адноўленай версіі выступіў выпускнік Маргарыты Ізворска-Елізар'евай па класе опернай рэжысуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Алег Мельнікаў - знаны оперны саліст, каларытны выканаўца партыі князя Хаванскага (як у ранейшым, так і ў цяперашнім спектаклі). Дырыжорскую ж працу (пасля Генадзя Праваторава) узяў на сябе галоўны дырыжор тэатра Віктар Пласкіна.

Ледзь адкрылася заслона, зрабілася відавочна, як спрыяе спектаклю новае светлавое абсталяванне: фарбы глядзяцца куды ярчэйшымі, заднік набыў аб'ём, каларыстыку, з'явілася адпаведная колеравая драматургія. Але ж атрымліваць асалоду адно ад светлавых эфектаў цягам трох гадзін- пагадзіцеся, замала. Дый сам жанр оперы разлічаны не на адно такое "знешнефарбавае" ўспрыманне: галоўнае ў ім - музыка.

Услухваючыся ў яе, раптам пачула ад збянтэжанай суседкі: "На якой мове яны спяваюць?" Сапраўды, пазнаць арыгінальны рускамоўны тэкст лібрэта, напісаны самім кампазітарам, было праблематычна. Нават ведаючы яго ледзь не на памяць, можна было з цяжкасцю ўспрыняць хіба абрысы тых або іншых слоў. Мабыць, пастаяннае выкананне опер на італьянскай прывучыла нашых спевакоў не асабліва дбаць пра дыкцыю? Але ў гэтай оперы, пабудаванай не на звыклых любоўных калізіях, а на палітычных сутыкненнях пачатку Пятроўскай эпохі, вельмі важным аказваецца не проста сціслы змест, выкладзены ў праграмцы, а менавіта праспяванае слова, інтанацыі якога дыктуюць і ўласна музычную выразнасць.

Пакуль жа разгортванне музычнага палатна спектакля нагадвае шэрае льняное палотнішча-сыравіну: доўгае, аднастайнае, не адбеленае, не ўпрыгожанае мярэжкай або арнаментам. Знаўца можа зразумець яго каштоўнасць, ацаніць далейшы шлях па "ўдасканаленні" і ператварэнні ў адметны выраб. Той жа, хто, мабыць, упершыню наведаў оперу, можа расчаравацца ў ёй. Нягледзячы на мільгаценне людзей па сцэне, музычнаму ўвасабленню не хапае ўнутранага стрыжня, таго "нерва", што вымушае прагна ўслухоўвацца ў кожную нотку, лавіць кожную інтанацыю. Рознастылёвыя пласты, якія адлюстроўваюць раскошу княжацкага побыту, бесшабашнасць стральцоў, духоўную моц старавераў, аказваюцца прачытанымі на адзін манер, а часам і ўвогуле манатонна. А гэтая ж опера літаральна нашпігавана пастаяннымі кантрастамі, сутыкненнямі, адметнасцю кожнай фразы!

Ёсць, вядома, і вельмі ўдалыя моманты. Добра гучаць практычна ўсе інструментальныя сола ў аркестры. Асабліва вылучаецца так званая "банда" - сцэнічны арк/i/content/pi/cult/271/4202/8-2.jpgестр (у дадзеным выпадку - трубачы, што сімвалізуюць пятроўскіх вайскоўцаў). Менавіта іх лейтматыў, нягледзячы на крыху разгублены першы выхад музыкантаў пад час генеральнага прагону, становіцца галоўным кантрастным элементам, што рухае дзеянне. Добра гучыць хор (хормайстар - Ніна Ламановіч) - менавіта ў фрагментах a cappella. Ідэальны Падзячы атрымаўся ў Янаша Нялепы: абсалютна дакладна схоплены характар, пластыка героя, не кажучы ўжо пра траплянне ў сам тэмбр і фразіроўку. Пачуццёвай, часам нават палкай Марфай з надзвычай "глыбокім", прыцягальным мецца паўстала Наталля Акініна. Прыемна ўразіла Алена Золава, надзяліўшы сваю Эму не столькі "воклічамі страху", колькі імпульсіўнасцю. Запомніўся Стралец Кузька ў выкананні Міхаіла Пузакова. Традыцыйна бездакорнымі ў спевах былі Сяргей Франкоўскі (князь Галіцын) і Васіль Кавальчук (Дасіфей). Ды толькі не пакідала адчуванне, што вакальныя партыі і аркестр існуюць у розных вымярэннях. І - што некаторыя ўдзельнікі спектакля стаміліся напрыканцы сезона, захварэўшы на "авітаміноз" выразнасці.

Таму будзем спадзявацца, што з цягам часу спектакль прыйдзе да аднаго музычнага "вымярэння" - і пры гэтым узбагаціцца выразнай шматпланавасцю, закладзенай у партытуры.

На здымках: сцэны са спектакля.