“Я хачу жыць!..”

№ 25 (945) 19.06.2010 - 25.06.2010 г

НКУС супраць мастака: 173 творы апісаны “в доход государства” Раман Семашкевіч нарадзіўся ў 1900 годзе ў мястэчку Лебедзева на Навагрудчыне ў шматдзетнай сям’і, дзе выхоўвалася — цяжка нават уявіць! — 16 дзяцей! Бацька ягоны працаваў садоўнікам у пана. Дзеці раслі сярод лугавых кветак і вялізнага фруктовага саду, памяць пра які захавалася ў Рамана на ўсё жыццё. Магчыма, прыгажосць наваколля і абудзіла ў яго пачуццё любові да гармоніі ў прыродзе. Ён увесь час маляваў. Зза таго, што не было фарбаў, навучыўся маляваць сокам кветак. Захапленне мастацтвам перайшло ў страсць, і ў хуткім часе Семашкевіч, пакінуўшы бацькоўскі дом, апынуўся ў Вільні. Тут, паралельна з вучобай у гімназіі, ён браў урокі жывапісу ў мастацкай студыі Браніслава Тарашкевіча. Сваю прафесійную адукацыю Раман Мацвеевіч працягваў у Віцебску: у 1924 годзе ён паступіў на скульптурнае аддзяленне мастацкага тэхнікума…

/i/content/pi/cult/271/4195/15-2.jpg

 

(Заканчэнне. Пачатак у № 24.)

 У Дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці, у фондзе № 837, захаваўся імянны спіс студэнтаў гэтага тэхнікума, дзе фігуруюць трэцякурснікі 1925 года: Р.Семашкевіч, З.Мірынгоф, В.Дзежыц, М.Пашкевіч, В.Паўлоўскі, І.Рабушкін. Старшымі па курсе былі З.Азгур, А.Волкаў, М.Гусеў, а малодшымі - А.Бембель, А.Арлоў, М.Беляніцкі, М.Манасзон, Г.Ізмайлаў...

У тэхнікуме Семашкевіч браў актыўны ўдзел у стварэнні мастацкай секцыі пад назвай "Філіял "Маладняка". Секцыя арганізоўвала экспедыцыі для занатовак архітэктурных помнікаў Віцебшчыны, узораў нацыянальнай вопраткі, прадметаў народнай творчасці, а таксама зрабіла выстаўку ілюстрацый у акварэлі.

Ішоў 1927 год. Пасля заканчэння тэхнікума Семашкевіч быў накіраваны ў Маскву, ва Усерасійскі мастацка-тэхнічны інстытут - ВХУТЕИН, але ўжо на факультэт жывапісу. Настаўнікі трапіліся што трэба! Р.Фальк, Д.Штэрэнберг, А.Шаўчэнка, Д.Кардоўскі, А.Дрэвін... Побач - майстэрні "класікаў" П.Канчалоўскага і П.Кузняцова, куды таксама можна было зазірнуць.

Як успамінала Надзея Міронаўна, Семашкевіч насіў кашулю з адкрытым каўняром, закасанымі рукавамі і гальштук, які ўяўляў з сябе ў той час непрыхаваны выклік грамадству. А сакурснікамі Семашкевіча былі І.Іваноўскі, В.Алфееўскі, С.Бушынскі, Т.Лебедзева, К.Дорахаў, А.Рзакуліеў (будучае свяціла азербайджанскай графікі), М.Гурэвіч, які загінуў у Вялікую Айчынную і стаў Героем Савецкага Саюза.

Узроставы і сацыяльны склад студэнтаў быў надзвычай стракаты. Многія прыйшлі ў інстытут з франтоў грамадзянскай вайны. Шмат было навучэнцаў з далёкіх ускраін краіны. Вялікі працэнт складалі рабфакаўцы: іхні ўзрост вагаўся ад 18 да 40 і болей гадоў. Бытавая няўладкаванасць навучэнцаў, цяжкое і беднае жыццё ў вялізным і змрочным комплексе інтэрнатаў на Мясніцкай нараджалі сярод часткі студэнцтва песімістычны настрой, звязаны з так званай "ясеніншчынай", НЭПам. Праўда, Семашкевіча гэты настрой амаль не закрануў, бо галоўным для яго было - працаваць, не зважаючы на холад і голад.

Так, вучыўся Раман упарта, апантана. Дапамогі - ніадкуль аніякай. Бацькоўскі дом - за кардонам, у Польшчы. За дзень з'ядаў 200грамовую булачку і выпіваў пляшку рыбнага тлушчу. Урэшце, ён заўсёды быў па-за інтарэсамі якога б там ні было побыту. Як успамінала Н.Васільева, Рома "заўсёды жыў, бы птушка нябесная, не ведаючы, што будзе есці і піць, ува што апранацца. Толькі адна была стыхія - мастацтва. Сваёй знешнасцю Раман нагадваў, хутчэй, рабочага. Ён быў атлетычнага складу, росту 1 метр 66 сантыметраў, быў гранічна маўклівы. Уся ягоная фігура выпраменьвала сілу. Русыя, злёгку кучаравыя валасы, крутыя дугі броваў, адкрыты лоб. Прыгожымі былі ў яго рукі - гнуткія, моцныя. Яны стваралі цуд..."

Вядома, у Семашкевіча былі добрыя сябры, якія дапамагалі яму і ў творчасці, і ў побыце. Яго апекаваў вядомы крытык і перакладчык Сяргей Ромаў, які ў сярэдзіне 1920-х прыехаў з Парыжа, дзе пражыў шмат гадоў. Тонкі знаўца мастацтва, Ромаў быў чалавекам адукаваным, сябраваў з Пікаса, Мацісам, Марке. Менавіта ён адным з першых заўважыў творы Семашкевіча на выстаўцы выпускнікоў ВХУТЕИНа і падтрымаў маладога мастака. Уладзімір Татлін, выдатны авангардыст ХХ стагоддзя (Пра яго падрабязна пісаў у "К" у 90-я гады. - Б.К.), дапамог Семашкевічу атрымаць майстэрню на трэцім паверсе ў вежы Новадзявочага манастыра. Раман з задавальненнем нават распісаў яе. А паверхам вышэй размяшчалася майстэрня самога Татліна, дзе ён трымаў сваё галоўнае тварэнне - "Летатлін", праект лятальнага апарата.

Я спытаўся ў Надзеі Міронаўны, як і пры якіх акалічнасцях яна пазнаёмілася з Раманам Мацвеевічам. І вось што яна распавяла. "Пазнаёміў нас Сяргей Мацвеевіч Ромаў, які пажадаў, каб Семашкевіч намаляваў мой партрэт. Ромаў жыў на Вялікай Палянцы ў невялічкім доме ў Замаскварэччы. Я пайшла туды, каб пазіраваць Семашкевічу. Падумала, ён проста дзівак, трошкі не ў сабе. Ішоў час, але ён быў такі настойлівы, упарты, што я пачала вагацца, тым больш, што Раман мне па-сапраўднаму падабаўся. Аднойчы пасля сеансу ён праводзіў мяне дадому, а на наступны дзень з'явіўся да мяне без запрашэння з падарункам. У руках у яго было палатно з адлюстраваннем Садовага кальца з чырвоным трамваем № 5 у буйных, шыкоўных зарасніках Навінскага бульвара. Рэч вельмі цікавая. Але я яшчэ саромелася і пазбягала яго заляцанняў. А хутка паехала з групай ленінградскіх студэнтаў у пешую экскурсію па Ваенна-Грузінскай дарозе. І - уявіце сабе! - недзе ва Уладзікаўказе ён адшукаў мяне ў натоўпе экскурсантаў і больш не адыходзіў, ішоў за мной неадступна. І лёсу было так патрэбна, што аж да самога яго арышту мы больш ніколі не расставаліся. Што я магу яшчэ дадаць? Я страціла мужа, дзяцей-блізнят (яны нарадзіліся неўзабаве пасля ягонага расстрэлу мёртвымі)... Як жонка "ворага народа" пазбавілася работы, кватэры... Мая адзіная мара - знайсці след карцін мужа, што прапалі. Іх павінны ўбачыць гледачы. Але, баюся, не дажыву да гэтага дня..."

Што я мог тады ёй адказаць на яе жаданне?

А вось што паведаміў блізкі сябра Семашкевіча - Барыс Рыбчанкоў, які быў, як і Раман, членам мастацкага аб'яднання "Група 13": "У гэтай групе, якая вызваляла мастака ад забабонаў славутай акадэмічнай завершанасці, Раман з'явіўся напрыканцы 1929 года. "Прыціраўся" ён да нас з цяжкасцю. Больш маўчаў, у тым ліку і пра сябе. Абражаны ўсімі за "скажэнне" вобразаў трактарыста, агітатара, савецкай рэчаіснасці ўвогуле і як удзельнік выстаўкі "Групы 13", Раман не змірыўся. Ён усё так жа настойліва працягваў пошукі сваёй праўды... Раман быў унікальны ва ўсім. Ягоны характар, складаны, супярэчлівы, быў падобны да незямнога таленту, які сваёй сутнасцю звяртаўся да вытокаў народнай творчасці. Зыходным матэрыялам, што сілкаваў тады памкненні Семашкевіча, былі лубкі, народныя карцінкі, вышыўкі, разьба па дрэве. Да гонару Рамана, ён не толькі не "цытаваў" народную творчасць, але імкнуўся глыбінна пранікнуць у ейную пластыку, рытм, колеравыя рашэнні. У гэтым накірунку ён дасягнуў нямала".

Увогуле, Семашкевіч быў ва ўсім вялікім арыгіналам. Мяркуючы па ўспамінах сучаснікаў, мастак не падзяляў суткі на раніцу, дзень, вечар, ноч. Яму заўсёды не хапала рабочага часу. Спаў ён тры-чатыры гадзіны, астатнія дваццаць - праца за мальбертам. Прыкладна так жыў і працаваў Джэк Лондан і яго "двайнік" Марцін Ідэн, якога Семашкевіч лічыў сваім ідэалам рабацягі.

Але паўставалі праблемы: чым і на чым пісаць, рысаваць, рэзаць гравюру? Чорная глухая галеча душыла мастака. Грошай не хапала не толькі на палатно і фарбы, але нават на хлеб і гарбату. І гэтае хранічнае становішча прымушала Семашкевіча пісаць на тым, што траплялася пад руку. З-за немагчымасці набыць палатно ў справу ішлі насоўкі, цырата з кухні, ручнікі і нават начныя кашулі (і не толькі свае!). Здзіўляла вось што. У самых складаных, нядобрых сітуацыях Семашкевіч трымаўся з пачуццём годнасці, застаючыся самім сабой. Бескампрамісна цвёрды ў характары, у сцвярджэнні сваіх прынцыпаў, ён, у той жа час, быў безабаронным, няздольным адстойваць побытавыя інтарэсы. У гэтым увесь Семашкевіч! "Я хачу жыць, але дарэмна не філасофстваваць", - часта любіў паўтараць ён. Жыць, у ягоным разуменні, - гэта пісаць кожны дзень і ўвесь дзень./i/content/pi/cult/271/4195/15-3.jpg

 "Што і як ён пісаў?" - пытаюся я далей у Надзеі Міронаўны. "Пісаў Рома шмат і хутка. Чым хутчэй пісаў, тым лепш атрымлівалася, як ні дзіўна. Стварыў многа партрэтаў (асабліва любіў старых, а таксама паляўнічых), пісаў пейзажы - гарадскія, пейзажы са статкамі коней, - кветкі. Пісаў у парушэнне ўсіх догмаў і правілаў. Цярпець не мог усякіх шаблонаў, якімі быў тады перапоўнены рэалізм. Ягоны жывапіс вызначаўся яркай смеласцю ліній і самых складаных колеравых рашэнняў, дзіўнай пластычнай насычанасцю. Ён не любіў бялілаў: казаў, што яны збядняюць колер. Ягоная ж палітра складалася з чыстых фарбаў. А вывучэнне мастацтва скульптуры надало яго жывапісу і малюнку асаблівую важнасць, нязмушанасць, узмацніла іхняе гучанне, паглыбіла майстэрства... Мой муж усё рабіў сам: нацягваў палотны, грунтаваў, збіваў падрамнікі, падбіраючы для гэтага кожную дошку... Праз край лілася магутная сіла, якую адпусцілі яму Нябёсы. Не паверыце, але за паўгадзіны ён мог намаляваць партрэт, і які! Часам- па некалькі палотнаў удзень. Заканчвалася палатно - браў пяро, туш. Пісаў з натуры і без яе. Яму не патрэбны былі ніякія падмалёўкі, ніякія абводкі..."

 У 1932 годзе Семашкевіч выправіўся ў творчую камандзіроўку ў Беларусь. Тут ён арганізаваў свае персанальныя выстаўкі ў Петрыкаве, Мазыры, Мінску. На выстаўку ў Мінску з захапленнем адгукнулася газета "Звязда". Менавіта ў гэты час Семашкевіч і ягоная жонка Надзея Васільева гасцявалі спачатку ў Янкі Купалы, а потым - у Якуба Коласа, з якімі мастак вельмі зблізіўся. Апошняя творчая паездка жывапісца ў Беларусь, на Лепельшчыну, адбылася ў апошні год ягонага жыцця, незадоўга да арышту...

Барыс Рыбчанкоў успамінае: "Раман упарта крочыў да сваіх вяршыняў. Ён свядома ішоў на рызыку, імкнучыся немагчымае зрабіць магчымым, ператварыць дысгармонію, якая рэзала вока, у жывапісны шэдэўр. Прыродны талент дапамагаў яму вынаходзіць нестандартныя колеравыя канфлікты. А ў ягоных графічных аркушах мяне ўзрадавала язычніцкая перакананасць у праве мастака на сінтэз лаканізму наскальных адлюстраванняў пячорнага чалавека і звышвытанчанага артыстызму Дзюфі, Ропса і іншых французаў. Дасюль у думках бачу ўсяго некалькі завостраных ліній, але якая хватка!.. Такое пад сілу не проста таленту, а найвялізнаму таленту".

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"